Неправiнцыяльны талент

Пецярбуржац  Абрам  Рабкiн  стварае  вобразы  роднага  Бабруйска

Пецярбуржац  Абрам  Рабкiн  стварае  вобразы  роднага  Бабруйска

Вядомы майстар пэндзля, аўтар шматлiкiх палоцен Абрам Рабкiн жыве ў Санкт-Пецярбургу, але часцей яго можна бачыць на сваёй малой радзiме ў горадзе Бабруйску. Тут рабочая майстэрня. Хай яна i не такая прасторная, але ў ёй па-хатняму (у гэтым доме па былой вулiцы Шасэйнай ён i жыў) цёпла i ўтульна. I такi “клiмат” ствараюць карцiны. Большыя i меншыя, завершаныя i да якiх трэба яшчэ руку прыкласцi. Але бачна: усе яны дарагiя стваральнiку, з незатоенай любоўю расказвае ён пра кожную. 

— Абрам Iсакавiч, — звяртаюся да свайго субяседнiка, — вы ўжо сталы творца, мастак, у якога ёсць iмя. А з чаго пачыналi, дзе тыя вытокi, каранi? 

— Задаткi, як кажуць, ад мацi ды таткi, нябёсаў i росаў. Я павiнен таму нябачнаму творцу дзякуй сказаць за тое, што даў мне такiя. Вось яны i пачалi праяўляцца ў дзяцiнстве. Я, як да таго сонейка, цяпла, цягнуўся да алоўка i аркуша паперы. Першыя спробы былi заўважаны маiм татам, якi прывёў мяне ў студыю выяўленчага мастацтва гарадскога Дома пiянераў. Памятаю, ягоны дырэктар Арон Рубiнштэйн накiраваў да выкладчыка Яўгена Аляксандравiча Ярмалкевiча. З педагогам мне пашанцавала. Ён навучыў не толькi жывапiсу, уменню трымаць пэндзаль, размяшчаць мальберт, але i любiць свой горад, сваю радзiму. Высокiя пачуццi ў нас выхоўваў. I, вiдаць, нездарма, бо вайна, бы тая чорная хмара, ужо насоўвалася... Многiя мае таварышы па студыi, у тым лiку Саша Дзегiль, Вiця Савiцкi, Сева Пяткевiч i iншыя, пайшлi на фронт, хто вярнуўся, а хто i не... Наш любiмы настаўнiк быў закатаваны фашыстамi ў гарадку Беразiно (цяпер хадайнiчаю перад гарвыканкомам, каб назваць яго iмем адну з вулiц цi завулак – няўжо не заслугоўвае!). 

Ну а горад? Ён застаўся ўва мне, дзе б я нi быў, якiмi б дарогамi вайны нi праходзiў... I калi вярнуўся дамоў, мае першыя, я сказаў бы, нецярплiвыя эскiзы былi прысвечаны яму: часовы драўляны мост праз Бярэзiну, парадзелы гай з помнiкам на ўзвышшы, бязрукi салдат, скалечаны на вайне, аўтапартрэт у ваеннай форме, якую не паспеў яшчэ зняць... Я задумаў i ажыццявiў напiсанне партрэтаў партызанскiх камандзiраў Львова, Храпко, Пруднiкава, маладога партызана Валодзi Купалы, якi, мiж iншым, быў удастоены ордэна Славы, i iншых, большасць з якiх перадаў Бабруйскаму краязнаўчаму музею. Некаторыя партрэты, а таксама дзве мае работы — “9 Мая” i “Беларуская сям’я” — набыла ў тагачасную рэспублiканкую мастацкую галерэю яе пасляваенны арганiзатар Алена Аладава. “Бацькi салдата” — тая i ўвогуле свет пабачыла, экспанавалася на разнастайных мiжнародных выставах. Мне трэба было выпiсацца на ваенную тэму, бо занадта глыбока яна ўва мне сядзела. Я i ў больш познi час неаднойчы да яе вяртаўся. 

— Ну а потым увасобiлi ў рэальнасць i задуманы вамi цыкл палоцен, прысвечаных роднаму гораду, таму часу, якi мы называем адыходзячым? 

— Так, я спакваля да гэтага падступаўся. Нiбыта апрабаваў сябе: цi адолею, цi спраўлюся. Правяраў успрыманне маiх работ землякамi. Быццам бы не было адарвання, наадварот – прыцягненне! Вось i з яшчэ большым iрвеннем узяўся за работу, палатно за палатном: “Ранiца ў старым Бабруйску”, “Шасэйная”, “Пейзаж з мармеладнай фабрыкай”, “Балагула”, “Дворык маленства”, “Домiк пад знос” i гэтак далей. Мне дастаўляла вялiкае задавальненне працаваць, бо гэта тое, праз што я прайшоў, што заўжды са мной. I чым больш я ўглядаўся ў родны горад, тым лепей яго распазнаваў. Вучыўся яго разумець, слухаць, бачыць. Вучыўся i перавучваўся, iшоў да яго з паклонам! 

— Вашы работы, наколькi мне вядома, хацелi набыць прыватныя калекцыянеры? 

— Так, але я на гэта не пайшоў. У калекцыянера гэта адно, а ў грамадскiм карыстаннi – зусiм iншае. Збiраюся перадаць свае карцiны ў дар роднаму гораду. Гэта мае цвёрдыя намеры. 

— Абрам Iсакавiч, а што ў вашых планах? 

— Многае, звязанае з родным горадам. Вось прыязджаеш сюды – i нешта новае адкрываеш, так i хочацца ўзяцца за пэндзаль! Адным словам, пакуль жыву, датуль i працую. А калi працую, я жыву! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter