Непагодны дзень

“Дзям’ян, Дзям’ян, а цi так ты зрабiў?.. Мо, трэба было словамi, угаворамi? Пятрок жа пачынае толькi развiнчвацца – падкруцi яго! Гэта ж твой пястун, самы малодшы (у пяцьдзесят яго нарадзiў), раней на iм i рука твая не ляжала – не было за што!”  

— Ага, вось-вось, суседзе, дык я табе i кажу. Надоечы, як што мне цюкнула: з’ездзi ты да свайго Петрука, усё ў яго там парадкам iдзе, цi нешта збiлася... Я сваёй Алене i загадваю, каб збiрала торбачку, бо з пустымi рукамi не паедзеш. Ну  i – у дарогу. Добра, аўтобус пад самыя вокны падкатвае. Ды i ў горадзе з транспартам няма праблемы, давязуць, куды трэба, абы грошы. Не заўважыў, як быў на месцы.

Нявестка Клава адчыняе дзверы: “Ой, тата, як добра, што вы прыехалi!” Унучка выбягае, такое ўжо пацешнае дзiця, ручку падае. “Не тая, — папраўляю, – а дзе другая, правая? Вось разумнiца! А цяперака зажмурся: адзiн – гаспадзiн, два – таварыш, тры — наварыш. Адкрывай вочы!” I падаю чаравiчкi. “Ета бабуля Алена табе прыслала. Насi на здаровейка, слухайся тату i маму. Ды i пра нас, дзядулю з бабуляй, не забывай!” 

Нарэшце i Пятрок, як той мянтуз, вывальваецца з суседняга пакоя. У трусах i ў майцы – толькi з ложка. 

— Здарова, бацька. 

— Добры дзень, сын, — адказваю, — нешта ты доўга вылежваешся. Мо, з начной? 

— З начной, пагуляў... — сказала, як стрэлiла, Клава. 

Я i атарапеў: вось дык фронт! Не ведаю, што i сказаць. Бачу, i Пятрок сканфужаны. Стаiм вось так, глядзiм адзiн на аднаго. Я, каб перарваць маўчанне, яшчэ ўпiкнуў Петрака: чаму, маўляў, так доўга ляжаць на  двары дровы i ён нiяк iм парадку не дасць? I адпраўляю: “Iдзi, апранiся, як чалавек, чаго галяком стаяць...” А душа не на месцы: што ў сям’i? 

Ага, вось-вось. Наважваецца Клава ў магазiн, вiдаць, што прыкупiць, каб мяне частаваць. Яна ж нiколi так не выпусцiць. Я – услед. Iдзём, гамонiм. Ну i высвятляецца: звязаўся Пятрок з адным няўдачнiкам, ад якога жонка i дзецi адвярнулiся, ды пад яго дудку i скача. П’е, жонку зневажае, ледзь не да разводу даходзiць. А калi гарэлка табой водзiць, якi ж ты чалавек? Клава, я ж бачу, жыць цягнецца. Ну была б якая – маладзiчка, усё пры ёй! Што табе шчэ трэба, якая вожка пад хвост трапiла? Ну чакай, Пятрок, мы з табой пагамонiм! 

Вяртаемся назад. А ў хаце ўжо свацця, яе сваячка. Мо, выпадкова тут. А мо, хто падказаў, што я прыехаў. Сядзiм вось так: па той бок стала – яны, маладыя, а па гэты – мы, старэйшыя. Ды што там доўга гамонку весцi – суду i так ўсё ясна. 

— Як, Пятрок, — пытаю, — далей будзе? 

— Як было, — адказвае, — так i будзе. 

— Ах так, сын, — я прыўзнiмаюся i, хоць рука ў мяне нямоцная, але цубкая, па фiзiяномii. Усе ашаламелi: пазiраюць то на мяне, то на етага майго сына. 

— Бi, бацька, болей, — падсоў-ваецца блiжэй Пятрок. 

— Ты – маё дзiця. Я не збiваць цябе прыехаў, а розуму даць, калi страцiў. 

А сам, здаецца б, не ведаю, што... 

Ага. Вось-вось. Дамоў еду. А на душы маркотна: “Дзям’ян, Дзям’ян, а цi так ты зрабiў?.. Мо, трэба было словамi, угаворамi? Пятрок жа пачынае толькi развiнчвацца – падкруцi яго! Гэта ж твой пястун, самы малодшы (у пяцьдзесят яго нарадзiў), раней на iм i рука твая не ляжала – не было за што!” 

От старэйшаму Хведару аднойчы перапала. Прывезлi, ледзь на нагах трымаецца — на ложак бух. “Дзякуй вам за тое, што дзе пад плотам не пакiнулi, але i пахвалы не выкажу, бо цi трэба было так паiць?” I выправаджваю кампаньёнаў з двара. Хведар, думаю, спiць. Дзе там – шумiць! Нагамi аб сцяну трэп-трэп. “Сын, супакойся, сын, супакойся”, — ён i вухам не вядзе. Разгневаўся я: за гумавы шланг, якiм кошык звязваў, калi садавiну ў горад вазiў, i да яго... Месяц у лазню не паказваўся. Во была навука! 

Хведар да гэтага часу той выпадак памятае. “Правiльна, — кажа, — бацька зрабiў. Цяпер во, як чалавек!” Хведар сямейны, ужо ўнукаў дачакаўся. З жонкай жывуць душа ў душу. Адзiн аднаго шануюць. А калi гэта ёсць, то будзе i ўсё астатняе. Усё ў iх атрымлiваецца. Я толькi гэтаму рады. Бо калi ў дзяцей добра, то бацькам удвайне лепей. Пачуў бы гэты мой сын, якiя штучкi выкiдвае Пятрок, ведаю, не адобрыў бы. 

Ага, вось-вось, i так мяркуй, i гэтак. А чаму я павiнен не тушыць пажар, а раздуваць яго? Не, так не будзе, бацька свайму дзiцяцi i адвакат, i пракурор, дрэннага нiколi не пажадае! А ты ж i так глядзi. Ну разыдзецца Пятрок: жонка – у адзiн бок, ён – у другi. А дзiця? Павее вецер, усчанецца бура – хто яму дапаможа? А ета ж твая крывiнка – няўжо не ёкне ў цябе сэрца ды не зашчымiць? Я б такiм бацькам, якiя кiдаюць сваiх дзяцей, не ведаю, што зрабiў бы... 

Ага, вось-вось. У мяне ў самога жонка памерла, двое хлапчанят засталося. Адзiн стаiць, за штанiну ўчапiўся, а другi ля дамавiны па яловых лапках поўзае. Лёгка было? Але калi б хто сказаў: “Здай дзяцей у прытулак цi аддай каму”, — паслаў бы прэч i не стаў размаўляць. А я ж яшчэ – iнвалiд... Iнвалiд вайны. У армiю мяне забiралi ў саракавым. Не ведаў, куды сiлы дзяваць. Адсюль, дзе цяперака жыве Iван Пацэйка  (раней калгасная кантора была), ад’язджалi. Я, Павел Iсакаў, Сiдар Мiнаў. У Саратаве ў адной часцi служылi. Разам у палкавой школе вучылiся. Гэта потым вайна нас раскiдала. 

Так павярнула, што я ў Беларусi, пад Рагачовам, аказаўся. Вось так на лузе перад Дняпром акапалiся. Немец наляцеў, бамбiць, у зямлю ўцiскаемся, а мяне радасць ахапiла. Я – дома, у двух дзесятках вёрст ад роднай хаты. Там бацька, мацi, сёстры — хоць бы адным вочкам убачыць! Расказваю чырвонаармейцам, тыя гараць жаданнем: “Будзем, таварыш камандзiр, у вас!” Мы далi – сiла была. Адкiнулi немцаў да Падасiнаўкi, я там некалi яблыкi здаваў на прыёмны пункт. Дахаты – рукой падаць. У думках ужо абдымаўся з роднымi. I тут...

Ачомаўся ў Арле: пакратаў адну руку, другую – цэлыя, ногi быццам таксама на месцы. А галаву нiбы i не адчуваю, уся перавязаная... Нясуць на аперацыю. Доўга нешта са мной важдалiся. Аказваецца, вачнiцу, у якую трапiў асколак, чысцiлi. Застаўся без вока... Ужо i не да страявой. Эвакуiруюць у той самы Саратаў, дзе я службу праходзiў. Тут i далечваўся. Тутака i стрэўся са сваёй Соф’яй. Чаго толькi не перажылi: бывала, зварым бурачок, парэжам на кавалачкi – табе i мне – i ядзiм. Але разумелi, што не толькi нам, усiм цяжка было. Верылi ў лепшую часiну. 

I яна надышла: патурылi немцаў з роднай зямелькi! Я за сваю Соф’ю — ды i адправiўся на радзiму. Разам з мацi  i сёстрамi (бацька не вярнуўся з фронту) жылi. Двое дзетак нарадзiлася. Здавалася, самае горшае ў мiнулым, але раптоўна занядужыла мая Соф’я: я i да ўрачоў, i да бабак, дзедак. Кiдаўся, як ашалелы, але нiшто не дапамагло... 

Ага, вось-вось. I застаўся я са сваiмi дзеткамi, а тут яшчэ – iнвалiд... Ну каму ты такi патрэбны? Алена Мiканорава, наша вяскрука, адважылася: “Я за цябе, Дзям’яне, пайду, будзем разам жыццё ладкаваць!” Душэўная такая. Усё з малымi, i малыя з ёй. Мамай пачалi клiкаць. Я пачую – балюча-балюча, але i радасна. Па-новаму жыццё адчуў! 

I вось без аднаго года шэсць дзесяткаў я з Аленай. I яна са мной. Жыццё пражыць – гэта ж не каробку дома скласцi! Усяго хапала... Але я нiколi не забываў на жонку i на дзяцей. Пра iх — клопат найпершы. Дык жа i яны табе тым жа. Тут, браце, адно за адно. Чатырох — тры сыны i адна дачка — выгадавалi. Ужо даўно пры сваiх сем’ях. 

Цяперака мая справа – благаслаўляць дзяцей на добрае жыццё. Я – на пенсii, магу пахвалiцца: заслужаны калгаснiк, час маю. Здароўе, праўда, ужо не тое, але яшчэ дазваляе наведвацца i да адных, i да другiх. Калi што не так — папраўляем. I без дапамогi не абыходзiцца. Але дужа i не пестую, павiнны свае мазалi мець. Тады i не будуць думаць пра п’янкi ды гулянкi. Аднак i ў iх справы надта не ўлязаю. Ета ўжо калi нешта спрэчнае, дык умяшаюся. 

А калi ў дзяцей лад, то i дзень мне здаецца сонечным. Лепей i не трэба! Любуюся такiмi дзянькамi, але бываюць i непагодныя... 

Ага, вось-вось, недаказаў... Ступаю на парог свайго дома. Алена насустрач: “Як там у Петрака? Ты нешта растрывожаны?..” А я яшчэ пачуцця гумару не страцiў: “Стаў, жонка, паўлiтэрку – усю праўду раскажу!” Яна дзiвiцца: ачмурэў я цi ачумеў? Калi я п’ю! Мо, на Дзень Перамогi. П’ю не таму, што мне ета трэба, а каб успомнiць баявых сяброў — Паўла Iсакава, Сiдара Мiнава, якiя склалi свае галовы, каб мы сёння мiрна жылi. 

— Здарожыўся ты, – кажа Алена, — iдзi лепей прыляж. Потым жукоў пойдзем глядзець: бульбу аб’ядаюць. Але ж, Дзям’-яне, не прымушай чакаць: ну што там у Петрака? 

— Улагодзiла ты мяне, баба, — смяюся, — садзiся во побач, будзем гаманiць. 

I расказаў усё, як ёсека. Яна бядуе: “Трэба было табе чапаць Петрака?! Не прыедзе ён цяпер...” 

Сяджу тутака, суседзе, з табой, распавядаю, бо трэба камусьцi выгаварыцца, а сам як на гарачай чарэнi: раптам не зразумеў мяне Пятрок i не пры... 

— Прабачце, дзядзька Дзям’ян, на вулiцы нейкi транспарт спынiўся. Аўтобус! Людзi выходзяць. Здаецца, i ваш Пятрок. Так, iдзе сюды. 

— Мой Пятрок!.. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter