Якія літаратурныя навінкі зацікавілі гасцей Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу?

Непаўторны пах свежай кнігі

Сёлета паўнапраўным гаспадаром Мінскай міжнароднай выставы-кірмашу можна лічыць Францыска Скарыну. А як можа быць інакш падчас святкавання 500-гадовага юбілею беларускага і ўсходнееўрапейскага кнігадрукавання? У павільёне на праспекце Пераможцаў, 14 што ні стэнд, то даніна памяці і ўдзячнасць і перша друкару — у кожнага свая.

Фота БЕЛТА

Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў: «Такая колькасць краін — удзельніц 24-й выставы, такое багацце кніг і стэндаў, а таксама прафесіяналаў, якія працуюць на гэтым мерапрыемстве, лішні раз пацвярджаюць яго статус».

Першае, што кідаецца ў вочы на выставе, — друкарскі станок, адноўлены некалькі гадоў таму вядомым гісторыкам Уладзімірам Ліхадзедавым па чарцяжах XVI стагоддзя. Тут назіралася чарга яшчэ да ўрачыстай цырымоніі адкрыцця. З цікавасцю падыходзіць да імправізаванай друкарні і першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. Як не паспрабаваць хлеб Скарыны і не зрабіць адбітак? 

— Радуецца сэрца, калі бачыш такое багацце на нашай выставе, прыгожа аздобленыя стэнды і літаратараў, якія імкнуцца расказваць пра свае кнігі. Мы вельмі шмат зрабілі, каб наведвальнікі і госці з іншых краін адчувалі сябе як дома. Ганаруся, што да нас прыехалі выдаўцы з 30 краін, а гэта паказвае на павагу да Беларусі і добрае ўзаемадзеянне кнігавыдаўцоў, — сказаў Максім Уладзіміравіч. — 500 гадоў таму ў нас з’явілася першая друкаваная кніжка. Выдатна, што традыцыі кнігачытання захаваліся і да гэтага дня: у людзей ёсць цяга да друкаванага слова, нягледзячы на даступнасць электронных сродкаў. Мы павінны нагадваць усяму свету, што Скарына быў беларусам.

Друкарскі станок аднавілі па чарцяжах XVI стагоддзя.

Ад друкарскага станка Максім Рыжанкоў перайшоў да стэндаў. Асабліва ён цікавіцца гістарычнай літаратурай, аддае перавагу добра ілюстраваным выданням, якія паказваюць прыродную прыгажосць, культуру і спадчыну нашай краіны. Сёлета, зноў жа дзякуючы юбілею кнігадрукавання, на выставе шмат менавіта такой літаратуры. Нацыянальная бібліятэка, напрыклад, упершыню прэзентуе 20 тамоў факсімільнага выдання твораў першадрукара. Выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» знаёміць з кнігай «Францыск Скарына — чалавек свету», дзе галоўны герой паўстае не толькі як гуманіст і асветнік, але і як медык, заснавальнік аднаго з першых батанічных садоў у Еўропе. Вялікую цікавасць  выклікае і спецыяльнае выданне для дзяцей пра Скарыну, якое напісаў Алесь Суша.

Дарэчы, каля дзіцячых стэндаў сапраўды шмат наведвальнікаў. Зазірнуў туды і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Там жа мы сустрэлі і вядомую тэлевядучую Алену Міхалоўскую. Яна глядзела казкі для малодшай дачкі. Старэйшая ўжо цікавіцца кнігамі пра каханне. Самой тэлевядучай больш даспадобы мемуары вядомых людзей.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч асабіста абыходзіць амаль усіх экспанентаў. Дзякуе беларускім выдаўцам, якія за мінулы год надрукавалі больш за 23 мільёны экзэмпляраў кніг. Вітае замежных гасцей:

— Кніга — гэта гуманітарная злучальная нітка, якая сёння ёсць у нас са многімі краінамі свету. У гэтым годзе будзе шмат працы на міжнародных кніжных выставах. Краіны, якія цяпер у Мінску, праз месяц-другі будуць прымаць нас у сябе. Са сваімі кніжнымі здабыткамі мы паедзем у Расію, Германію, Літву, Вялікабрытанію, Кітай і гэтак далей. 

Лілія Ананіч вітала і ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час», які трэці год запар праходзіць у рамках мінскай выставы. Празаікі, паэты, грамадскія дзеячы з 17 краін завіталі да нас. Сімпозіум даўно стаў пляцоўкай для актыўных дыскусій, абмену думкамі, нагодай да пашырэння перакладчыцкай дзейнасці. Там выпрацоўваюцца новыя творчыя праекты, якія яднаюць творцаў розных краін. 

Яшчэ адна адметная падзея выставы — семінар маладых літаратараў «Першацвет». Яго ўдзельнікі — пачынаючыя творцы краіны. Дарэчы, сёлета ўпершыню быў праведзены аднайменны конкурс маладых літаратараў. Патрабавальнае журы разгледзела больш за 160 твораў. Лепшыя з іх увайшлі ў спецыяльны зборнік. Ушанаванне пераможцаў ужо адбылося на выставе. Але наперадзе яшчэ адно значнае мерапрыемства — узнагароджванне пераможцаў 56-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Там можна будзе пазнаёміцца з лепшымі выдаўцамі. Сустрэчы ж з аўтарамі кніг штодзень і амаль без перапынку. Шмат цікавых мерапрыемстваў і на стэндах замежных кнігавыдаўцоў. Словам, на выставе-кірмашы кожны знойдзе на што пагля- дзець і што пачытаць.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter