Балота Ельня на поўначы краіны прывабіла Арганізацыю Аб’яднаных Нацый І Еўрасаюз. Чым жа?

Непаўторная Ельня

Гэтае балота на поўначы краіны прывабіла Арганізацыю Аб’яднаных Нацый І Еўрасаюз. Чым жа?
Будзем шчыра ўдзячныя лёсу і Усявышняму за такі незвычайны прыродны дар — балота Ельню, якое раскінулася на тэрыторыі Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Нічога не скажаш, дзіўнае адбываецца ў наш час. Гадоў сорак таму, калі б да Ельні быў праяўлены такі інтарэс на міжнародным узроўні, многія, напэўна, здзівіліся б.


Балота Ельня
 
Фота Валерыя Кавалёнка

Ну што тут можа быць цікавага? Балоты — гэта адно куп’ё, вербалоз, багна, летам надакучлівыя камары і млявасць... А цяпер Ельню мы называем прыроднай жамчужынай Беларусі. Да яе павышаная ўвага і нашых, і замежных вучоных, спецыялістаў, якія займаюцца праблемамі экалогіі. Падстава вельмі сур’ёзная: Ельня — самае вялікае верхавое балота ў нашай краіне і адно з найбуйнейшых у Еўропе. Такія балоты распаўсюджаны ў Віцебскай і Мінскай абласцях, яны знаходзяцца ў раёнах узвышшаў і замкнёных бяссцёкавых нізін. Багатыя на журавіны, буякі і зёлкі.

Ельні больш за 9 тысяч гадоў, гэта цэлы балотна-азёрны комплекс плошчай звыш 20 тысяч гектараў, надзвычай цікавы і каштоўны як для навукі, так і для практыкі. Са жніўня 2011 года рэалізуецца праект Еўрапейскага саюза і ПРААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Нацыянальнае выканаўчае агенцтва праекта — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Што датычыцца канкрэтна ўзгаданага балота, то работы ў рамках праекта вядуцца ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Ельня”.

— Гэтае балота ўнікальнае, — расказвае старшыня Міёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў. — Людзі, якія прыязджаюць да нас, у тым ліку і зза мяжы, захочуць пабываць тут зноў, раскажуць сваім сябрам пра такі цудоўны куточак беларускай прыроды, якая месцамі яшчэ і некранутая. Убачаць, якія гасцінныя і руплівыя нашы жыхары, што мы здабылі і беражліва шануем. Яшчэ больш зведаюць Беларусь, што надзвычай важна для нас. Прыродная прыгажосць гэтага краю зачароўвае ўсіх, хто тут бывае. Але ж яна ўзбагачаецца намаганнямі нашых жыхароў. Госці з Расіі, краін блізкага замежжа прыемна ўражаны чысцінёй і ўзорным парадкам мясцовых падворкаў, гасціннасцю жыхароў, спакоем і дабрынёй, якія пануюць навокал. Згадзіцеся, у наш тлумны час тое, што мае Міёршчына, — бясцэнны скарб і багацце. Так гавораць нашы госці і просяць берагчы ўсё гэта. Мы і беражом, і ўкараняем нешта новае, цікавае.

На тэрыторыі раёна — 32 аграсядзібы, плануецца развіваць аграэкатурызм і ў далейшым. З 2012 года тут праводзіцца экалагічны фестываль “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Працуе самы сучасны экалагічны цэнтр.

— Заказнік “Ельня” быў створаны пастановай урада БССР у 1968 годзе, — распавядае яго дырэктар Іван Барок. — Плошча заказніка — звыш 25 тысяч гектараў і ў яго такія важныя адметнасці. Ён з’яўляецца Рамсарскай тэрыторыяй, гэта водна-балотныя землі, яны маюць міжнароднае значэнне як месца пражывання вадаплаўных і каляводных птушак.

І тэрыторыя, жыццёва неабходная для выжывання папуляцыі аднаго ці некалькіх відаў птушак падчас гнездавання, зімоўкі або міграцыі.

Свет Ельні незвычайна шматгранны, успрымаецца ў наш век прагрэсу хвалююча і эмацыянальна. Цікавы штрых: першае месца ў Беларусі па велічыні воднай паверхні займае Браслаўскі раён. А па колькасці азёр — Міёрскі, тут іх каля ста. Мноства празрыстай вады, якую можна піць, у ёй водзіцца рыба. Паветра тут больш чыстае, чым у сасновых барах. Яшчэ — водныя перапады, калоніі баброў, рэдкія расліны. Не думайце, што Ельня — толькі дрыгва. Вядома, яе шмат, але ж ёсць знакамітыя Ялецкія астравы, яны зачароўваюць сваёй маляўнічасцю: выцягнуліся на сем кіламетраў, прымыкаюць да азёр. Да вайны на астравах былі сядзібы, тут жылі людзі.


Балота Ельня. Фота Анатоля Клешчука

Балота Ельня. Фота Анатоля Клешчука

Мясцовыя жыхары спрадвеку шчыра любяць сваё балота, бо яно ўвесь час шчодра дае ім шмат рознага дабра. Цяпер у сувязі з рэалізацыяй праекта ЕС/ПРААН на Ельні пачалося новае жыццё.

— Можа, так бы мовіць, яно занадта актыўнае і неспакойнае для балота? — пытаюся ў Івана Іванавіча.

— Я вас разумею. Вядома ж у заказнік цяпер часта прыязджаюць людзі, і гэта натуральна. Але ж прыняты надзвычай сур’ёзныя меры, каб не нашкодзіць балоту. У нас ёсць усюдыход на пнеўматычных шынах — выкарыстоўваем яго рэдка, хіба што для паездак навукоўцаў і тэлевізійшчыкаў з цяжкай здымачнай апаратурай, і яшчэ ў выпадку надзвычайных сітуацый. Па заказніку ў асноўным рухаемся па старых “зімніках”.

— А турысты? Іх жа на ўсюдыход не пасадзіш?

— Пракладзена экалагічная сцежка даўжынёй паўтара кіламетра. Збудаванне вельмі надзейнае: на моху прыкладна праз тры метры клалі двухмятровыя бярвенні, іх злучылі двума брусамі, упоперак — планкі, на якіх насціл з дзевяці дошак. Аснова сцежкі трывалая, бо выкарыстаны дуб. І мы цяпер маем на мокрым балоце своеасаблівы сухі тратуар, на якім могуць свабодна размінуцца ці прагульвацца два чалавекі. У пачатку сцежкі неабходная інфраструктура, альтанкі, іншыя збудаванні. Адназначна, адкрыццё гэтай сцежкі — важная падзея для заказніка. Яна дапаможа турыстам, папершае, без асаблівых цяжкасцей больш грунтоўна азнаёміцца з унікальным балотам. Па-другое, поўнасцю атрымаць асалоду ад усяго, што мае Ельня, бо такога ў Еўропе больш няма нідзе. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база заказніка. Так што для турыстаў створаны максімальна зручныя ўмовы.

— І многа іх?

— Летась мы прынялі вельмі шмат арганізаваных турыстаў, былі сярод іх і замежныя. Заказнік наведала група велатурыстаў з Фінляндыі, былі прадстаўнікі батанічных садоў з ЗША, Расіі, Казахстана. Гэта толькі пачатак. Распрацавана пяць турыстычных маршрутаў, якія адкрываюць перад нашымі гасцямі знакамітую беларускую Ельню.

Міхаіл Шыманскі
infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter