Чаму звяры з лесу прыходзяць да нас?

Ненатуральны адбор

Прырода з усімі яе насельнікамі на самай справе бліжэй да нас, чым мы ўяўляем. Усё часцей сустрэчы з дзікімі звярамі здараюцца не на іх тэрыторыі — у лясах або сярод палёў, а на нашай — у межах гарадоў. Што кіруе насельнікамі дзікай прыроды, прымушае забыцца пра страх перад чалавекам? Як нам самім ставіцца да падобных візітаў? А галоўнае, як знайсці кампраміс і застацца мірнымі суседзямі?


У  вёсцы Абрамы Мядзельскага раёна мясцовыя жыхары прыручылі лася. Мінулай вясной егеры адной з паляўнічых гаспадарак знайшлі ў лесе тыднёвае ласяня. Спачатку думалі, што хутка з’явіцца яго маці, бо яны ніколі не пакідаюць сваё бездапаможнае патомства. Але праз тры дні назіранняў стала ясна: ласяня пакінута на волю лёсу. Магчыма, яго маці стала ахвярай драпежнікаў. Але, хутчэй за ўсё, была забіта браканьерамі. У выніку ласяня перадалі ў сялянска-фермерскую гаспадарку “Лясная сядзіба”, ахрысцілі Грышкам і даглядае яго Святлана Цяйко.

Сёння Грышка — мясцовая славутасць. Ён вымахаў нават вышэйшы за сваіх лясных родзічаў. Любіць выпрошваць у гасцей сядзібы батон. Звычайна сілкуецца падножным кормам, а таксама нарыхтаванымі яшчэ з восені галінкамі вярбы. 

А яшчэ не стаў лішнім вопыт Святланы Цяйко: некалькі гадоў таму яна ўжо вырошчвала самца казулі. Праўда, ён вырас свавольным і няўжыўчывым, што прывяло да бяды. Пабіліся з суседзямі па вальеры — аленямі і казуляй. Кузя быў смяротна паранены.

Навучаныя горкім вопытам работнікі СФГ звязаліся з прадстаўнікамі ласінай фермы ў Кастрамской вобласці. Дырэктар фермы папярэдзіў, што звер ёсць звер і з ім трэба трымаць вуха востра. У прыватнасці, лось падчас восеньскага гону становіцца агрэсіўны, перастае баяцца людзей. Можа нават напасці. Каб выключыць такія “правалы ў выхаванні”, яго трэба кастрыраваць. Лічыцца, што пасля гэтай працэдуры ён стане такім жа паслухмяным, як і звычайная хатняя карова. Хоць, прызналі работнікі спецфермы, многае таксама залежыць ад характару жывёлы.

Канфлікты паміж чалавекам і дзікімі звярамі, на жаль, не рэдкасць. І ў большасці выпадкаў яны заканчваюцца не на карысць апошніх. Нядаўна лось гуляў па ажыўленых вуліцах сталіцы. У выніку небарака трапіў пад маршрутку. Аўто было пашкоджана. А спалоханага, але цэлага звера па вуліцах суправаджала некалькі экіпажаў ДАІ, пакуль, нарэшце, стомленая жывёла не пакінула межы горада.

На другой ускраіне Мінска, у мікрараёне Уручча, некалькі гадоў таму заўважылі ваўка. Драпежніка, які добра напалохаў мясцовых жыхароў, голымі рукамі “павязалі” супрацоўнікі АМАП. Пасля шэрага адвезлі далей у лес і выпусцілі.

З падвала дзіцячага садка неяк выганялі андатру. Звярка знайшлі дзеці. Выхавальнікі выклікалі інспектараў аховы жывёльнага і расліннага свету. Тыя злавілі грызуна і выпусцілі ў вадаём ля прысталічнай вёскі.

Не так даўно ў трансфарматар залезла куніца. У выніку без электрычнасці засталося 138 дамоў Мінска.

Дык чаму ж дзікі звер ідзе да людзей? І як да такіх візітаў ставіцца? Загадчык сектара экалагічнай ацэнкі пераўтварэння навакольнага асяроддзя Нацыянальнай акадэміі навук Руслан Навіцкі сцвярджае, што падобныя сустрэчы былі заўсёды. “У дзікіх жывёл ёсць спрадвечныя міграцыйныя калідоры. Яны перасоўваюцца па пэўных маршрутах з пакалення ў пакаленне, сотні, тысячы гадоў. З’яўленне горада ці ажыўленай трасы на шляху міграцыі ніяк не ўплывае на гэты працэс. Вось і пачынаюць сутыкацца інтарэсы чалавека і звера”.

Калі пазбегнуць “блізкага кантакту” не атрымліваецца, трэба вырашаць, як абысціся з жывёлай. Руслан Навіцкі з пункту гледжання эколага перакананы, што браць на парукі няпрошаных гасцей нельга. Нічога добрага не атрымаецца. Калі гэта дарослая дзікая жывёліна, выхаваць яе нельга. Больш за тое, падобныя спробы могуць абярнуцца трагедыяй — паводзіны дарослай і здаровай жывёлы непрадказальныя.

У “Лясной сядзібе” спадзяюцца, што ласяня ператворыцца ў дамашнюю жывёліну.

Значна лепш паддаюцца прагнозу спробы вырасціць юнага прадстаўніка дзікай фаўны.

— Падабраныя ў малым узросце і выкармленыя жывёлы ў выніку больш ці менш прыручаюцца. Але тут трэба ўлічваць, што ў далейшым вярнуць знайдыша ў дзікую прыроду не атрымаецца. Адаптаваўшыся да жыцця побач з чалавекам, звер або птушка ў прыродзе не выжыве, рана ці позна стане ахвярай сваёй даверлівасці або проста памрэ ад голаду.

Руслан Навіцкі спрабуе зазірнуць і ў будучыню ласяня з “Лясной сядзібы”: “Егеры, што падабралі дзіцяня, і тыя работнікі сядзібы, хто яго выгадаваў, павінны ў поўнай меры ўсведамляць, што лася ім давядзецца даглядаць да канца яго жыцця. Яны гатовыя ўзяць на сябе такую адказнасць?” У той жа час “прыёмным бацькам” трэба будзе ўвесь час быць напагатове. Ніхто не зможа сказаць з упэўненасцю, што лось у выніку зробіцца свойскі.

— Днямі да мяне звярнуліся па кансультацыю. Жанчына падабрала ў парку ваверчаня. Выкарміла. А зараз не ведае, што рабіць з гадаванцам. Ён вырас. Добра сябе адчувае. Асвоіўся. І перагрыз у доме ўсю мэблю, рэгулярна кусае людзей. Гэта інстынкты! Аднесці звярка ў лес — гарантавана аддаць на пагібель.

Зрэшты, вавёрка — звярок дробны. Горш, калі сутыкаюцца інтарэсы чалавека і буйной жывёлы — ваўка, таго ж лася. Добра, калі побач апынуцца байцы АМАП. Бо спецыялізаванай службы па кантролі за дзікімі жывёламі, як у многіх краінах Заходняй Еўропы і ЗША, у нашай краіне няма.

Руслан Навіцкі кажа, што навукоўцы некалькі разоў выходзілі з ініцыятывай стварэння спецыяльнай службы на Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: “На наш погляд, ідэальны варыянт — сфарміраваць спецыяльную групу на базе якой-небудзь аператыўнай службы — МУС, МНС. Правесці навучальныя курсы, забяспечыць неабходнымі сродкамі адлову дзікіх жывёл. Толькі пакуль што ініцыятыва далей за перапіску не ідзе”.

Куды дзяваць выгадаванага звера ці птушку? Нашы выратавальнікі буслоў і іншай жыўнасці стройнымі радамі ідуць у бліжэйшы заапарк. А потым яшчэ і крыўдзяцца на іх адміністрацыю, якая катэгарычна адмаўляецца прымаць пакутнікаў. Бо згодна з пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання № 17 ад 12 сакавіка 2012 года ўсе жывёлы, што паступаюць у заапарк, павінны мець ветэрынарныя дакументы пра адсутнасць інфекцыйных захворванняў. Зразумела, які-небудзь бязродны бусел дакументаў не мае, а праводзіць яго праз каранцін накладна. Бо не таго палёту птушка. Як бы гэта жорстка ні гучала.

І ўсё ж хто павінен займацца ўрэгуляваннем адносін дзікіх жывёл і чалавека ва ўмовах горада? У радзе краін гэта робяць спецыялізаваныя прыватныя канторы. Праўда, там справа адлову дзікіх жывёл пастаўлена на рэйкі бізнесу. У нас жа пакуль што асобнай службы няма — ні прыватнай, ні дзяржаўнай.

Афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі падкрэслівае, што іх міністэрства створана для дапамогі людзям. Займацца барацьбой з няпрошаным госцем магла б прыватная структура. Прадстаўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету таксама адхрышчваюцца ад дадатковых функцый. На іх думку, дапамогай жывёлам, якія трапілі ў бядотнае становішча, павінны займацца мясцовыя ўлады, а дакладней, зборныя групы з ліку спецыялістаў Мінпрыроды, службы па адлове жывёл, ветэрынары і гэтак далей. У Мінпрыроды перакананыя, што аптымальны варыянт — стварыць службу на базе МНС. Кола замкнулася?

muravsky@sb.by

Фота Сяргея ЛЕСКЕЦЯ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter