Латвійскія тэлежурналісты ў захапленні ад Беларусі аграрнай

Неказачнае інтэрв'ю пад дубам

ШЛЯХ латвійскіх тэлежурналістаў ад студэнцкага гарадка ў Горках да Магілёва, дзе іх чакала знаёмства з дзейнасцю мясакамбіната, пралягаў праз аграгарадкі і невялікія вёскі, акружаныя хлебнымі нівамі, дзе бурліла жніво. Магутныя грузавікі загружаліся ля камбайнаў зернем і кіраваліся на аўтастраду. Прэс-падборшчыкі цюкавалі салому. На льняных палетках высланы даўгунец пад жнівеньскія росы. На ўзгорках акуратна выбеленыя жывёлагадоўчыя фермы. Такой убачылі прыбалтыйскія суседзі аграрную Магілёўшчыну.

Інтэрв’ю з дырэктарам Магілёўскага мясакамбіната Уладзімірам ЛАТЫГОЎСКІМ

З ЦІКАВАСЦЮ прайшліся госці па вытворчых цэхах Магілёўскага мясакамбіната —  аднаго са старэйшых у рэспубліцы, які адлічвае другое стагоддзе. Дырэктар Уладзімір Латыгоўскі адзначыў: пачыналася перапрацоўчае прадпрыемства з невялікай бойні, дзе за дзень перапрацоўвалі два дзясяткі галоў жывёлы. Першы лёдасаляны халадзільнік, які збудаваны ў 1913 годзе, дазволіў павялічыць магутнасці да перапрацоўкі пяці тон мяса ў суткі. Сучасныя тэхналагічныя лініі, высокі прафесіяналізм працаўнікоў дазваляюць перапрацоўваць штодзённа да ста тон мяса. 

Пад стылізаваным пад пушкінскую казку векавым разгалістым дубам кіраўнік Уладзімір Латыгоўскі адказваў на пытанні тэлежурналістаў. Іх цікавіла, як удалося захаваць цудоўную рэцэптуру прыгатавання мясных далікатэсаў і пераважна куды рэалізуецца прадукцыя, ці з’явіцца сярод замежных спажыўцоў прыбалтыйскі рынак. 

Магутнасці камбіната пастаянна нарастаюць, і ўзнікае праблема пастаўкі сыравіны. Пачалі займацца развіццём сыравінных зон. У Хоцімскім раёне ўзводзіцца адкормачны комплекс на пяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Мінулай вясною пачалося будаўніцтва свінакомплексу на 24 тысячы галоў у Слаўгарадскім раёне. Восенню наступнага года плануецца завяршыць будоўлю. Прадпрыемства атрымала сертыфікат на вытворчасць халяльнай ялавічыны, што дасць магчымасць пашырыць пастаўкі прадукцыі ў азіяцкія краіны. Развіццю прамысловай зоны садзейнічаюць замежныя інвестыцыі. Ёсць дамоўленасць з кітайскімі партнёрамі на інвеставанне сродкаў у сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы мяса. Спажыўцы з Паднябеснай гатовы купляць штогод 600 тысяч тон мясных вырабаў.

Інтэрв ’ю з фермерам Міхаілам ШРУБАМ.

— Столькі ферм бачылі па дарозе ў Магілёў. Хто вашы асноўныя пастаўшчыкі?

— Пераважна гаспадаркі Магілёўскай вобласці. Фермеры з любога рэгіёна рэспублікі маюць магчымасць вызначацца, куды лепей прадаваць жывёлу.

АДЗІН з такіх гаспадароў — палескі фермер Міхаіл Шруб, да якога на поўдзень рэспублікі адправіліся латвійскія госці. Але перш чым трапіць у старажытны Тураў, творчая група наведала Зашыр’е Ельскага раёна. Цікавая экскурсія па Зашырскім краязнаўчым музеі, створаным работнікамі Палаца культуры. “Гаспадар з душой паэта”, як трапна называюць землякі дырэктара КСУП “Саўгас “Камуніст” Рыгора Бабчанка, здзівіў паўночных суседзяў залітымі сонцам плантацыямі сланечніку, трохметровай кукурузы, хлебнымі нівамі на месцы непраходных балот. Гаспадарка шэфствуе над Ельскай школай-інтэрнатам. На летніх канікулах выхаванцы пасуць цялят, дапамагаюць на жніве. Некаторыя з іх пасля заканчэння школы папаўняюць атрад хлебаробаў.

На зямлі прадзедаў засталіся дзеці тураўскага фермера Міхаіла Шруба. Пасля атрымання вышэйшай эканамічнай адукацыі ў сталіцы вярнуліся да бацькі і разам працуюць. Цікава гасцям было слухаць, што дачка Аляксандра кіруе сямейным кафе “Будзьма”, а сын Рыгор займаецца маркетынгам. Два дзесяцігоддзі таму гаспадар сям’і цвёрда вырашыў заняцца фермерствам. З жонкаю Кацярынай Фёдараўнай, дарэчы былым сакратаром райкама камсамола, прыехалі ў Тураў. Міхаіл Рыгоравіч два гады ўзначальваў гарсавет. Узялі некалькі гектараў зямлі і сталі вырошчваць гародніну. Самі сеялі, палолі, убіралі ўраджай і прадавалі. 

Вядучы тэлепраграмы “Правінцыя” Латвійскага грамадскага тэлебачання Яніс Лаціс з вялікай цікавасцю слухаў Міхаіла Шруба. Цяпер гэта сялянская фермерская гаспадарка — адна з найбольш паспяховых у рэспубліцы. Больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Пабудаваны па чэшскай тэхналогіі свінакомплекс. Магутныя гароднінасховішчы. Развіваецца турызм. На беразе Сцвігі завяршаецца будаўніцтва кемпінга. Мясціны незвычайнай прыгажосці!

Гасцей прымаюць хлебаробы КСУП “Саўгас “Камуніст” Ельскага раёна.

Уразілі латвійскіх гасцей і беларускія замкі. У старажытны Нясвіж дабіраліся праз прыпяцкі паром, што паміж Столінам і Лунінцам. Завіталі ў багатую на народныя традыцыі ганцавіцкую гаспадарку “Агарэвічы”. 

А ў Гарадзеі латвійскіх гасцей чакала наведванне жывёлагадоўчай фермы. Кіраўнік СВК “Гарадзея” Мікалай Салавей расказаў, як аднойчы ўбачыў па тэлевізары расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на ферме, дзе кароў дояць робаты. Загарэўся ідэяй. Пабываў у расійскіх калег, агледзеў памяшканне. Па дзевяць тысяч кілаграмаў малака дояць робаты на гарадзейскіх фермах. Засталося творчай групе з Латвійскага грамадскага тэлебачання свае вельмі пазітыўныя ўражанні пра нашу краіну перадаць сваім гледачам у тэлецыкле “Правінцыя”.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter