«Недарма яго ў працы выхоўвала, выдатны кіраўнік атрымаўся»

КАЛІ выпадае бываць на гомельскім Палессі, міжволі ўзгадваю мележаўскіх «Людзей на балоце» з іх характарамі, побытам і клопатамі. Нават пашчасціла пабываць у тых самых Куранях, пра жыхароў якіх Іван Мележ так захапляюча распавядае ў рамане-хроніцы, сустрэцца з жанчынай, якая стала правобразам Ганны Чарнушкі. У свае амаль дзевяноста гадоў паляшучка хораша выглядала. У яе глыбока схаваных вачах і пакрытым дробнымі маршчынкамі твары яшчэ адчувалася чароўная прывабнасць маладых гадоў. Нездарма кажуць, што прыродная прыгажосць даруецца чалавеку назаўжды. Як Наталлі Антонаўне Дворнік з тых жа палескіх мясцін, якая нарадзілася і вырасла ў прыдняпроўскім куточку, на ціхім хутары Дубовы, што непадалёку ад вёскі Калінаўка, якая цяпер злілася з цэнтральнай сядзібай Ровенская Слабада КСУП «Дзяржынскі-агра» Рэчыцкага раёна.

Маці старшыні Гомельскага аблвыканкама Наталля Антонаўна Дворнік аднолькава ставіцца да сваіх кравінак і ўсёй вялікай сям`і моцнага палескага роду

КАЛІ выпадае бываць на гомельскім Палессі, міжволі ўзгадваю мележаўскіх «Людзей на балоце» з іх характарамі, побытам і клопатамі. Нават пашчасціла пабываць у тых самых Куранях, пра жыхароў якіх Іван Мележ так захапляюча распавядае ў рамане-хроніцы, сустрэцца з жанчынай, якая стала правобразам Ганны Чарнушкі. У свае амаль дзевяноста гадоў паляшучка хораша выглядала. У яе глыбока схаваных вачах і пакрытым дробнымі маршчынкамі твары яшчэ адчувалася чароўная прывабнасць маладых гадоў. Нездарма кажуць, што прыродная прыгажосць даруецца чалавеку назаўжды. Як Наталлі Антонаўне Дворнік з тых жа палескіх мясцін, якая нарадзілася і вырасла ў прыдняпроўскім куточку, на ціхім хутары Дубовы, што непадалёку ад вёскі Калінаўка, якая цяпер злілася з цэнтральнай сядзібай Ровенская Слабада КСУП «Дзяржынскі-агра» Рэчыцкага раёна.

ХУТАРСКАЯ хата іх была прасторная, ды і сям’я немалая: дзядуля з бабуляй, бацькі і пяцёра дзетак. Трымалі сваю вялікую гаспадарку, ды і ў калгасе працавалі. Старэйшыя браты і сястра, як надыходзіла восень, у школу адпраўляліся. Збіралася стаць школьніцай і маленькая Наталачка, нават літары ўжо ведала і лічыць крыху ўмела. Але вайна перакрэсліла дзіцячыя мары. Бацька дзяўчынкі пайшоў ваяваць, і ў сям’і кожны дзень чакалі хоць якіх вестачак з фронту. А іх усё не было. Даймалі сваімі зверствамі акупанты, і дзядуля павёў сям’ю ратавацца ў лес. У ім яны і перажылі ваеннае ліхалецце. А хутка паштальён прынёс ім пісьмо, у якім паведамлялася, што бацька геройскі загінуў на фронце.

Гарэла ў грудзях ад болю і жалю, але пяцёра дзетак глядзелі на старэйшых, чакалі ласкі і хлеба...

Неўзабаве дзядуля з бабуляй забралі сірот загінулага і нявестку і перабраліся з хутара ў Калінаўку. Разабралі хату, хлявы, перавезлі ў вёску і так-сяк склалі да халадоў на новым паселішчы. «Мо, і добра гэта, дзецям да школы бліжэй», — супакойваў больш сябе гаспадар.

Школа і сапраўды недалёка была, ды столькі вучняў у асірацелай сям’і цяжкавата было ўтрымліваць. Старэйшая Таццяна і хлопцы рана пайшлі працаваць. Дзяўчыну прынялі на Рэчыцкую мэблевую фабрыку рабочай, а юнакі знайшлі сабе занятак у калгасе. А праз нейкі час пасля сямігодкі папоўніла калгасны калектыў і Наталачка. Лён палола, расцілала, а доўгімі зімовымі вечарамі разам з бабуляй і маці сушылі яго каля печы, апрацоўвалі і здавалі ў калгас. Жылі ўсе разам у перавезенай з хутара хаце. Дзед з бабуляй у адной палавіне, а нявестка з дзецьмі-сіратамі — у другой. Да маладой статнай жанчыны сваталіся не аднойчы, але яна так і пражыла салдацкай удавой. Дзяцей працай і цярпеннем выхоўвала, як самым дарагім радавалася нявесткам і зяцям. А час, калі пайшлі ўнукі, быў, напэўна, найлепшым у яе жыцці. Мо, гэта і паспрыяла доўгаму мацярынскаму веку. У святы і будні не зачыняліся дзверы яе хаты. Дочкі Таццяна і Наталка з гаспадарамі, сыны Аляксей, Валодзя, Грыша з жонкамі, усе ўнукі як маглі дапамагалі ёй.

— Маці ўсё жыццё старалася так рабіць, каб мы не адчувалі, што жывём без бацькі, — распавядае Наталля Антонаўна. — Спрытна касіла, дровы секла, за плугам хадзіла, лоўка малаціла, выконвала любую сялянскую працу і нас прывучала. Усе мае браты ніколі не цураліся ніякага гаспадарчага занятку. А сястра Таня (дарэчы, сёння Таццяне Антонаўне споўнілася дзевяноста гадоў. — Аўт.) яшчэ ў маладыя гады падалася ў Рэчыцу і нас хлебам забяспечвала. У той час па картках яго выдавалі, і трэба было з ночы стаяць у чарзе, каб атаварыць картку. А Таня ў горадзе купіць хлеба  і нам у вёску вязе. Што ж мы тады ў калгасе атрымлівалі — толькі па некалькі грамаў збожжа на працадзень у канцы года. А так перабіваліся, чым маглі. Нават у пасляваенныя гады хадзілі пешшу ў Заходнюю Беларусь мяняць штосьці з гаспадаркі на муку, крупу. Так і выжывалі.

— Але пры гэтым жыццё працягвалася. Мацярынскія ўрокі дапамагалі вам?

— Ды яшчэ як дапамагалі. Я нават сваім дзецям перадала многія яе сакрэты гаспадарання. Бо жыццё — няпростая справа. Нездарма кажуць: хто дбае, той і мае. Так атрымалася, што і я, дзякуючы мацярынскім мудрым парадам, лягчэй перанесла свае жыццёвыя цяжкасці.

У дзевятнаццаць гадоў выйшла замуж за вясковага кавалера Андрэя Дворніка. Дарэчы, у нашай вёсцы Ровенская Слабада некалькі моцных родаў — Дворнікі, Мацюшэнкі, Радчанкі, Кальчукі. У кожнага з іх свае багатыя вытокі. Мае продкі, як і майго мужа, спрадвеку займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Іншыя ў нас лічыліся майстрамі бортніцтва, палявання, рыбнай лоўлі. Навокал нашых прыдняпроўскіх мясцін пушчы ды сасновыя бары дагэтуль захаваліся. Вось і сёлета не паспяваюць мае землякі сушыць белыя грыбы. А колькі журавін ў нашых пойменных балотах, колькі чарніц было летам. Але галоўная наша карміцелька — палеская зямля. Збожжавыя і бульбу, кармавыя і тэхнічныя культуры даюць добры ўраджай, калі па-сапраўднаму гаспадарыць. Мой старэйшы сын Віктар прыязджае і расказвае, якія высокія ўраджаі збожжавых сёлета ў яго рэчыцкай гаспадарцы «Холмеч». На Рэспубліканскім фестывалі «Дажынкі» ў Жлобіне іх механізатары зноў атрымалі ўзнагароды. А вось я на сваім агародзе як ні стараюся, як ні даглядаю ячмень, такога высокага ўраджаю ніяк не атрымліваю. Вось і сёлета толькі шэсць мяшэчкаў ячменю намалаціла. Але і за гэта дзякуй. Маім курам на зіму хопіць, мо яшчэ і на насенне на той год нешта застанецца.

— А малацілі чым ячмень?

— Вядома ж, не рукамі. У гаспадарцы нашай выпісала камбайн, заплаціла грошы, і за якія там паўгадзіны ўраджай мой у засеку апынуўся. Так і бульбачку ўсе нашы пенсіянеры саджаюць і ўбіраюць. Ідзем у кантору, заказваем тэхніку, плацім — і ніякіх праблем. Хто каровак трымае, тым гаспадарка сенам дапамагае. Дровы на зіму таксама выпісваем, і іх прама ў двор прывозяць. Вось і мне машыну сухога альхоўніку прывезлі. На днях малодшы Толік з Краснадарскага краю прыедзе і паколе дровы, а я паскладаю.

— А чаму менавіта меншага чакаюць дровы? У вас жа тры сыны, ды, напэўна, і ўнукі ёсць?

— Толік, хаця і малодшы, але першы выйшаў на пенсію. Яму ў свой час, калі служыў тэрміновую некалі ў Германіі, прапанавалі застацца ў арміі. Потым званне прысвоілі, і так даслужыўся да ваеннай пенсіі. Жыве ў Краснадарскім краі. Нядаўна тэлефанаваў, сказаў, што днямі будзе тут. А старэйшы Віктар мае сваю вялікую падсобную гаспадарку ў Холмечы, то яму там і без маіх дроў спраў сваіх хапае. У сярэдняга, Уладзіміра, за ўсю Гомельскую вобласць галава баліць, я нават рада, што ён хоць знаходзіць нейкі час і заскоквае да мяне. Хоць на якую гадзіну, а ўсё роўна зазірне…

— А яшчэ і свежага хлеба маці прывязе і да хлеба…

— А хто ж яшчэ мне прывязе, хто так усміхнецца, як не сынок. І яго сын Андрэй таксама бывае ў мяне даволі часта. Ён жыве і працуе на Мазыршчыне. Нядаўна ажаніўся і ўжо дочачку мае — Дзіянку. А ў старэйшага сына Віктара дзве дачкі ўжо замужам і маюць сваіх дзетак. І ў малодшага Толіка  двое дзяцей. Так што ў мяне пяць унукаў, праўнучка і два праўнукі — Максім і Андрэй. Усіх іх вельмі люблю і радуюся, калі прыязджаюць да мяне.

— Наталля Антонаўна, у вашай сям’і вельмі частае імя Андрэй. Гэта ў гонар вашага мужа?

— Прыгожае славянскае імя. Па Бібліі Андрэй — першазваны. Гучыць яно вельмі прыгожа. І мой гаспадар быў Андрэй Андрэевіч. Святое гэта імя, як і Уладзімір. Увогуле, кожнае імя па-свойму велічна і важна. Гэта правільна, што раней імя давалі по святцах пры хрышчэнні ў храме.

— А ў храм вы ходзіце?

— У нашай Ровенскай Слабадзе царкву некалькі гадоў таму ўзвялі ў гонар святога архангела Міхаіла, якога будзем святкаваць у лістападзе. Цудоўны святар Віталь там правіць службу. Звычайна я ў вялікія святы наведваю храм. Малюся за сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў, каб шчаслівым і доўгім быў іх век. Але вось апошнім часам не заўсёды атрымліваецца па стану здароўя бываць у нашай вясковай царкве. Веру ў сэрцы трымаю. І сыноў сваіх заўжды вучыла жыць сумленна, па хрысціянскіх запаветах. Ніколі з суседзямі і аднавяскоўцамі не сварылася. Жывём у згодзе.

— Наталля Антонаўна, сваіх сыноў вы выхоўвалі ў адной сям’і, але кожны з іх выбраў свой шлях у жыцці.

— Так сталася, што я рана аўдавела, калі яшчэ і сарака гадоў не было. Дзеткі толькі ў школу пайшлі. Як і некалі да маёй маці — салдацкай удавы, да мяне таксама сваталіся. І не аднойчы. Але, як вучыла мяне маці, што кавалеру патрэбна я, а не мае дзеці. Таму ад варот паварот кожны атрымліваў.

А хлопцаў з маленства выхоўвала ў працы і толькі ў працы. Мы разам агарод, а ён у нас паўгектара, ускопвалі, засявалі, палолі, убіралі. Хлопцы стараліся, бо ведалі, што толькі на сябе могуць спадзявацца. Дапамагалі мне кароў калгасных даіць. Асабліва Валодзя і Толік. А Віця ў той час ужо служыў у арміі.

— Вы да яго на прысягу ў армію ездзілі?

— А калі мне было ездзіць? Штодня была занята дома і ў калгасе. Трымалі ж карову, парасят, хатнюю птушку. Самі забяспечвалі іх кармамі. Нам давалі на сенажаці пайкі касіць сена. Каму адну пайку, а каму і паячку. Калі нам выпадала такая паячка, то ў той год мы вымушаны былі купляць сена для каровы. Капейку да капейкі падганялі, на абы-што грошы не раскідвалі.

Сыны мяне шанавалі, не давалі перагружацца ў працы. Бывала, што мая зменшчыца на жывёлагадоўчым комплексе не выходзіла на змену, і мне даводзілася працаваць за яе. А хлопцы дома ўсё паробяць, абед прыгатуюць і мне за пяць кіламетраў прывязуць на мапедзе цёпленькім. А потым яшчэ застануцца і дапамогуць у доглядзе.

Так незаўважна і ўзмужалі сыны. У іх не было часу на пустое. З маленства былі заняты справай. Такое было іх выхаванне. Іх праца выхоўвала. Старэйшы Віктар адразу падаўся ў механізацыю. Пасля васьмігодкі пайшоў у прафтэхвучылішча і атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста шырокага профілю і шафёра. Дагэтуль працуе на тэхніцы ў «Холмечы». Дарэчы, жонка яго да пенсіі была даяркай у гэтай гаспадарцы. 

І Валодзя пасля адзінаццаці класаў, як толькі атрымаў атэстат сталасці, адразу ж падаўся ў механізатары. У нашай вясковай школе тады вучылі гэтай справе. І добра ў яго атрымлівалася. Мо, і далей так працаваў бы, але ў тую восень прыехалі ў нашу вёску з Рэчыцкага зааветэрынарнага тэхнікума агітаваць, бо недабор там атрымаўся. Ён і падаўся на вучобу. На вытворчую практыку прыязджаў дамоў. Разам са мной на ферме працаваў.

 Вучыўся добра, стыпендыю атрымліваў, і калі закончыў тэхнікум, яго накіравалі ў Нараўлянскі раён ветэрынарным урачом. А потым завочна паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут. І праз год яго прызначылі намеснікам старшыні калгаса. У 25 гадоў ажаніўся на настаўніцы з суседняй вёскі. І сын там нарадзіўся. А потым Валодзю перавялі на працу ў Мазырскі раён галоўным ветэрынарам. Праз нейкі час ён узначаліў тады яшчэ мала вядомую мазырскую гаспадарку «Зара».

— А вам даводзілася бываць там?

— Бывала і не аднойчы. Мяне вельмі ўразілі іх чысціня і парадак. Радавалася за сына, што змог дабіцца поспеху. Думала, не дарма яго ў працы выхоўвала, выдатны кіраўнік атрымаўся. Ад людзей добрых слоў пра яго наслухалася. Для маці — гэта найвышэйшая ўзнагарода, вялікае шчасце. Дзе б ні працаваў Валодзя, на першым плане ў яго заўсёды справа. Ніколі пустых слоў на вецер не кідае. Паабяцаў — абавязкова выканае. Я думаю, не выпадкова яго «Зара» стала вядома на ўсю Беларусь. З розных мясцін прыязджалі вучыцца ў яго, пераймаць вопыт кіравання. Такі вялікі сучасна абсталяваны комплекс свінагадоўчы — і ўсюды чыста, што не ў кожнай гаспадыні дома так можа быць. Парадак ва ўсім. Там і малочна-таварная ферма з самым сучасным абсталяваннем. Куды ні зірні — усё да толку.

— Вось яно — мудрае сялянскае выхаванне?

— Яны і самі гэтаму вучыліся адзін у аднаго. Старэйшы падказваў малодшаму — і так раслі.

Калі працавала цялятніцай, хапала клопату. Утраіх даглядалі 700 кормнікаў. Трэба было не толькі накарміць іх тры разы на дзень, але і пачысціць памяшканне, падвезці кармы, разгрузіць. Колькі мяхоў з камбікармамі перацягала, а бідонаў з малаком! Мяшок мукі закінеш на плечы — і цягнешся па лужынах да кароўніка. Гэта не тое, што цяпер у нас, хоць ты бокам каціся — усюды асфальт і чысціня. Сыны вельмі дапамагалі. Так што ў жыцці ім не складана трымаць парадак.

Вучыла іх ніколі не квапіцца на чужое, не зайздросціць. У нас суседка была — бабуля Мар’я. Бывала, насее каля самага наша плоту сланечнікаў, павымахваюць яны, як кажуць, да неба, нават пахіляцца і ляжаць пераспелыя карзінкі на кастрах нашых дроў. Бабуля ўвосень пазрэзвае спелыя кругі, а тыя, што на дровах ляжаць, пакіне. Пытаюся: чаму не забірае гэтыя? А Мар’я хітравата ўсміхнецца ў адказ і гаворыць, што яны на нашым баку, таму можам іх забіраць. Гэта потым я зразумела, што сеяла яна той сланечнік каля плоту таму, што баялася, каб мае хлопцы ў яе агарод не залезлі, так адгароджвалася. Але ж сыны ніколі ні да каго не лазілі. Свой сад пасадзілі, і дагэтуль у нас хапае яблык. Сёлета, праўда, чамусьці антонаўкі крыху сталі ранавата псавацца, а вось чырвоныя яблыкі вельмі ўрадзілі. Увогуле, садавіны і вінаграду ўдосталь шмат паспела. Суседзяў частую. Яны мне траву каля плота на вуліцы заўжды падкосяць, калі што іншае па гаспадарцы трэба, дапамогуць. Мы ж аднавяскоўцы, без людской падтрымкі цяжка ўтрымацца.

— А нявесткі клапоцяцца пра вас, цікавяцца вашым жыццём, справамі?

— Калі ж сыны цікавяцца, то куды ж нявесткі падзенуцца. Мы з імі адразу ж знайшлі агульную мову. Яны мне дзякуюць за сыноў, а я ім удзячна за іх шчырасць і цеплыню, за тое, што яны мне падарылі столькі ўнукаў.

— Наталля Антонаўна, вы адна зараз у вашым доме. Ёсць час паразважаць, успомніць мінулае. Ці адчувалі вы сябе калі сапраўды шчаслівай?

— Калі казаць пра вялікае шчасце, то яно неяк абмінала мяне. Але, з другога боку, я ўсё-такі шчаслівая маці. Адна сыноў вывяла ў людзі, і мне за іх цяпер не сорамна. Ганаруся імі. Усе яны паміж сабою сябруюць. Іх жонкі, мае нявесткі, добра да мяне ставяцца. А гэта вельмі важна. Такую пашану, як і спакойную старасць, трэба заслужыць. Вунь каля веснічак майго падворка на вуліцы дзве бярозы і дзве сасны растуць. Іх пасадзілі мае хлопцы. Гляну на гэтыя дрэвы, і здаецца, што сыны побач са мной, нікуды не ехалі. Люблю ў вольную хвіліну выйсці на вуліцу і прысесці на лавачку, якую Толік зладзіў. Прыйдуць суседкі, пасядзім, пагутарым, паслухаем, як шапочуць асеннім лісцем дрэвы, нібы нешта расказваюць.

— А вашы сяброўкі ці суседзі не звяртаюцца да вас з просьбамі аб дапамозе? Вы ж маці самога старшыні Гомельскага аблвыканкама.

— Мо, хто ў думках і хацеў бы звярнуцца, але ведаюць мой характар. Я сама ніколі гэтым не карысталася. Жыву так, як усе аднавяскоўцы. Вось да нашай вуліцы не дацягнулі газавую трубу, хаця большасць вёскі даўно карыстаецца прыродным газам. Калі збярэм у жыхароў нашай вуліцы грошы, створым свой кааператыў, тады і падключаць дамы да газу.

Скажу шчыра, што мае землякі не раз дзякавалі Уладзіміра за яго ўвагу да іх. Тое, што вуліца наша добра заасфальтавана, гэта і яго заслуга таксама, а вось нядаўна ў нашай вёсцы па яго ініцыятыве адкрылі кааператыўную краму «Родны кут» і кафэ. Людзі ўдзячны за гэта. Але ж я разумею, што ён душой хварэе за кожны раён, за кожную вёсачку вобласці і імкнецца як мага болей добрага зрабіць людзям. А калі чую добрыя словы пра сыноў, то скажу шчыра, што гэта надае настрой і ўпэўненасць, жаданне жыць. І тады думаю: нездарма іх выхоўвала. Няхай жа і ўнукі, праўнукі нашага палескага роду Дворнікаў працягваюць добрыя традыцыі!

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Рэчыцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter