Нечаканыя таленты геніяў

Ці граюць на музычных інструментах акадэмікі і дэпутаты?“Альберт Эйнштэйн, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, грае на скрыпцы на караблі “Дойчланд”, 1931 год”. На іншых здымках з калекцыі “Сусветнае фота” Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, з якімі мы працягваем знаёміць нашых чытачоў, выразна бачна, што граў вялікі вучоны не ў адзіноце для сябе, а ў кают-кампаніі акіянскага лайнера разам з двума іншымі музыкантамі. Другі фотаздымак, які вы бачыце, — таленавітая падробка, выкананая ўмельцамі з Інтэрнета. З той жа не вельмі дакладнай крыніцы даведваюся, што “Леў Мікалаевіч Талстой любіў іграць на балалайцы і гітары. Але не ўмеў. Таму часам браў гітару, заводзіў патэфон і скакаў па пакоі, каб не турбаваць чуйны слых сваёй каханай жонкі Соф’і Андрэеўны”. І сучасная моладзь верыць у такія байкі! Расследаванню сапраўдных узаемаадносін таленавітых і славутых людзей, у тым ліку беларускіх вучоных, літаратараў, дэпутатаў і тэлевядучых, з музыкай і прысвечаны сённяшні матэрыял.

Але спачатку выкрыем інтэрнетаўскую падробку. Па-першае, для фотамантажу “жартаўнікі” выбралі апошні ў жыцці фотаздымак Льва Талстога, на якім вялікі пісьменнік  і  яго  жонка  Соф’я ў 48-ю гадавіну вяселля 25 верасня 1910 года ў Яснай Паляне. На арыгінале граф апрануты ў доўгі чорны плашч і, вядома ж, не мае футболкі з надпісам ‘Iron Maiden’ (вядомая метал-група), гітары і татуіроўкі. Ці граў на самай справе вялікі пісьменнік на музычных інструментах? Па тлумачэнні карэспандэнт “Народнай газеты” звярнулася ў Дзяржаўны музей Л.М.Талстога ў Маскве і атрымала наступны адказ:
“Добрый день, Алена!
Лев Николаевич Толстой не играл на балалайке и на гитаре, но вся семья была исключительно музыкальной. Л.Н.Толстой играл с женой в четыре руки на фортепиано. Сын Михаил играл на балалайке и гитаре и сочинил романс “Мы вышли в сад”.
С уважением, Берта Михайловна Шумова, ведущий научный сотрудник Государственного музея Л.Н.Толстого”.
Каб паставіць кропку, адзначу, што так званых хобі ў графа Талстога на самай справе было шмат. Леў Мікалаевіч займаўся фізічнай культурай, быў выдатным ездаком, любіў падарожнічаць і неаднойчы пешшу здзейсніў хаджэнні з Масквы ў Тулу, з Яснай Паляны ў манастыр Опціна пустынь. Акрамя таго, адным з захапленняў пісьменніка з маладосці была гімнастыка, вялікі тэніс, веласіпед і нават катанне на каньках.
А што ж беларускія пісьменнікі і паэты?
Скрыпачка — ліра паэта
Інфармацыю пра музычныя здольнасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў давялося шукаць па крупінках. Навуковы супрацоўнік аддзела выданняў і тэхналогій Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Валерый Назараў паведаміў наступнае. Музыка гучала ў доме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: і ён сам, і дачка музіцыравалі на фартэпіяна. І гэта не адзіная музычная сям’я на беларускім Парнасе! Андрэй Мрый умеў іграць на віяланчэлі, а яго брат Васіль Шашалевіч наогул лічыўся скрыпачом-віртуозам з навыкамі кампазітара, мог сам складаць музыку. Ёсць таксама версія, што Змітрок Бядуля мог атрымаць ад бацькі пачатковыя навыкі ігры на скрыпцы. Максім Гарэцкі, па ўспамінах дачкі, граў на дудцы, а таксама на гармоніку. Калі жыў у Расіі, пісьменнік асвоіў балалайку. На скрыпцы, як вядома, граў Францішак Багушэвіч.
Нельга не сказаць і пра музычныя захапленні самых славутых песняроў Беларусі — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна Зайцава расказала, што прафесійна Якуб Колас на музычных інструментах не граў. Аднак да рэвалюцыі ён скончыў настаўніцкую семінарыю, у якой абавязковым прадметам былі музыка і спевы. Па прадмеце “Ігра на скрыпцы” будучы народны паэт Беларусі меў “тры” балы. У маладыя гады Якуб Колас усё ж такі граў на скрыпцы, але пазней закінуў. Янка Купала музіцыраваў на скрыпцы і жалейцы. Прыгадайце, напрыклад, верш Купалы “Для Бацькаўшчыны”:

Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру і пробую ў ёй галасоў:
Ці хопіць светлых, звонкіх
думак-слоў,
Ці гладка пойдзе песня-
дабрадзейка?
І пачынаю йграць з трывогай
нейкай,
Хоць песня як і з даўных б’е часоў,—
Звініць, як вецер паміж верасоў,
І ўперагонкі рвецца з салавейкай.
Фізікі не лірыкі?
Тэлефаную намесніку дырэктара Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук прафесару, доктару фізіка-матэматычных навук Пятру Матусу і пытаюся, ці ёсць у  інстытуце аматары гітары або фартэпіяна ці нейкага іншага музычнага інструмента. Прафесар вельмі здзіўлены і адказвае так: “Ведаеце, а мы, акрамя формул, ні аб чым паміж сабой не размаўляем”. Чарга здзіўляцца журналісту.
У Інстытуце фізікі пошукі талентаў таксама былі не вельмі плённымі. Мне расказалі, што музіцыраваў (на чым — невядома) былы акадэмік Фёдар Фёдараў, а сённяшні галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі Леў Тамільчык іграе на фартэпіяна. Як мінімум два прафесары БНТУ таксама маюць пэўныя адносіны да свету музыкі. Намеснік дырэктара Інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Генадзь Макавецкі, па словах калег, іграе на баяне і гармоніку.
Калі я ўжо амаль адчаялася знайсці сярод сур’ёзных вучоных шмат прыхільнікаў музыкі, мне нечакана пашанцавала. Дырэктар навукова-даследчай установы “Інстытут ядзерных праблем” БДУ Уладзімір Барышэўскі расказаў, што можа добра граць і на піяніна, і на баяне, і на гітары. “У нас палова інстытута спявае песні і грае на гітары. Каля вогнішча на прыродзе вам амаль кожны сыграе на гітары. Пытанне толькі ў якасці выканання. А некаторыя валодаюць інструментам амаль прафесійна. Напрыклад, дацэнт кафедры тэарэтычнай механікі Міхаіл Полазаў добра грае на піяніна і спявае ў хоры, — распавёў доктар фізіка-матэматычных навук. — Акадэмікі, зразумела, людзі суровыя, але наогул сярод фізікаў кожны другі — прыхільнік музыкі”.
Адзін з самых вядомых вучоных беларускага паходжання, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў днямі наведваў Беларусь, і ў карэспандэнта “Народнай газеты” была унікальная магчымасць спытаць і пра яго музычныя схільнасці. Акадэмік адказаў, што калісьці граў на піяніна, аднак не вельмі добра і потым закінуў гэтае захапленне.
Домра, пчолы і пустыні
Сярод палітыкаў прыхільнікаў розных відаў мастацтва даволі шмат. Як вядома, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка добра ўмее граць на баяне. Барыс Ельцын граў на лыжках. прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка мае іншы талент — у вольны час ён малюе.
Мэр Масквы Юрый Лужкоў даволі часта спявае на суботніках, звычайна што-небудзь патрыятычнае. Асабліва любіць песню “Дорогая моя столица”. Віктар Чарнамырдзін ніколі не саромеўся граць на гармоніку і нават прымаў удзел ва ўкраінскім фестывалі “Зоркі баяна і акардэона”. Уладзімір Жырыноўскі выдаў два дыскі. У першым альбоме ён выконвае арыштанцкія маршы і народныя песні. У другім — дэкламуе ў стылі рэп.
У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі людзей з творчым хобі шмат. Усім вядома пра выдатны голас Наталлі Аўдзеевай, яна
нават лаўрэат конкурсу спевакоў. Дэпутат Тамара Навасад умее граць ... на домры. Вось што яна расказала ў інтэрв’ю: “Гэта было ў юнацтве, калі я вучылася ў педагагічным вучылішчы і павінна была як настаўнік малодшых класаў умець іграць на нейкім музычным інструменце. Можна было выбіраць — баян або домра. Але мае бацькі былі не вельмі заможныя, купіць баян было цяжкавата. А ў майго дзядзькі, бацькавага брата, была мандаліна, падобная да домры.  Таму я і выбрала домру. На жаль, настаўнікам малодшых класаў я потым так і не працавала, адразу стала важатай. Але заўсёды, калі выпадае магчымасць паслухаць аркестр народных інструментаў і там ёсць домра, я гэты інструмент вылучаю. І нават крыху зайздрошчу тым, хто можа хоць бы для сябе граць на домры”. Некаторыя мужчыны — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама здзіўляюць. Уладзімір Шокаў калекцыяніруе літаратуру, звязаную з узнагародамі. Генадзь Давыдзька спявае, як вядома, ён нават удзельнічаў у праекце “Дзве зоркі”. Час ад часу частуе калег мёдам са свайго пчальніка дэпутат Уладзімір Ісаеў. Дэпутат Мікалай Дубовік вядомы не толькі як вопытны парламентарый, але і як актыўны падарожнік-палярнік. “Гэтым летам я ажыццявіў яшчэ адну сваю мару — правёў дзень у пустыні падчас вандроўкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Зараз мая мэта — Аўстралія”, — падзяліўся планамі дэпутат.
А што ж тэлевядучыя? Агульнавядома, што папулярны шоумэн Ягор Хрусталёў добра грае на гітары і стварае сам неблагія кампазіцыі. Прэс-сакратар канала АНТ Аліна Праваторава паведаміла таксама, што Маша Лемешава скончыла музычную школу па класе “фартэпіяна”. Аналагічную музычную адукацыю мае тэлевядучая Наталля Немагай. Таццяна Рудакоўская ў музычнай школе асвоіла скрыпку і фартэпіяна і ў дадатак сама навучылася граць на гітары. На балалайцы, як сын Льва Мікалаевіча Талстога, на жаль, ніхто не грае.
Адзін з вучоных, з якім мы гутарылі падчас падрыхтоўкі матэрыялу, заўважыў, што людзям навукі творчы склад розуму патрэбен больш, чым каму іншаму. Таму зусім не дзіўна, што вялікія мысліўцы любілі граць на музычных інструментах, спяваць і па-іншаму выяўляць свае таленты. І тое, што многія вядомыя людзі Беларусі таксама не цураюцца мець “творчае” хобі, дае ўсе падставы спадзявацца на добрую перспектыву і новыя вынаходніцтвы на карысць краіны і грамадства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter