Упершыню за сто гадоў арніталагічных назіранняў у Беларусі знойдзена гняздо стэпавага луня

Нечаканая сустрэча

А нехта ж мог і не заўважыць тое гняздо. Вось вы, напрыклад, луня таго калі-небудзь бачылі?.. Дык вось, гэтае сенсацыйнае адкрыццё належыць фатографу-анімалісту Уладзіміру Бондару. Сёлета ў ліпені ў Магілёўскім раёне якраз ён выявіў гняздоўе стэпавага луня. Гэта, заўважым, рэдкі знікаючы від птушак сямейства ястрабіных. Тры дні Уладзімір назіраў за гняздом птушкі на прыбраным полі азімага рапсу, а потым знайшоў і сфатаграфаваў луня-падлётка.


Са здымкамі Уладзімір Бондар звярнуўся па дапамогу да беларускіх арнітолагаў. І спецыялісты пацвердзілі: гэта ён, стэпавы лунь, занесены ў Чырвоную кнігу. Драпежная птушка звычайна водзіцца на адкрытых раўнінах, балотах і пустках. Палюе на маленькіх жывёл — яшчарак, грызуноў. У пошуках ежы лунае (пэўна, і назву таму атрымаў: лунь...) нізка над лугамі ды палямі: А папуляцыя стэпавага луня ў свеце зніжаецца. Сустракаецца ён часцей за ўсё ў паўднёвай частцы Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Зіму праводзіць у асноўным у Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі. Таму і ўпэўненасці ў тым, што мышалоў менавіта беларускі, а не прыляцеў да нас з іншых рэгіёнаў, напрыклад, Расіі не было. Пазней арнітолагі выявілі побач з птушанём і дарослую самку. Тая знаходка й вырашыла спрэчкі навукоўцаў наконт паходжання маладой птушкі на карысць Магілёўшчыны. Цяпер справа за Беларускай арніталагічнай камісіяй. Як толькі афіцыйная рэгістрацыя будзе зацверджана, то й адным відам птушак, які гняздуецца ў краіне (а не проста пралятае “транзітам”...) стане больш.

А ў чым сенсацыя, спытаеце вы? Да апошняга часу ў Беларусі стэпавых луняў разглядалі толькі як мігруючых птушак, якія гняздуюць у Фінляндыі ды Цэнтральнай Расіі. У Беларусі ж апошні даказаны выпадак гнездавання стэпавага луня прыпадае на... 1916 год: яго бачылі тады ў Пінскім раёне. Цяперашняя сямейная пара, мяркуюць арнітолагі, прыляцела да нас з Фінляндыі ці Расіі.

Зінаіда Комінская

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter