Стваральнікі фільма “Ла-Ла Лэнд” трымалі ў руках галоўную статуэтку “Оскара” ўсяго некалькі хвілін

Нечаканая памылка

Памятаючы мінулагоднюю мітусню вакол “Оскара” — абмеркаванне расавага канфлікту, байкот зорак, стаўкі на чарговы “пралёт” або перамогу Ды Капрыа, — сёлетняя цырымонія “раздачы” статуэтак самай прэстыжнай кінапрэміі чакалася надзвычай спакойнай, прадказальнай, а таму крыху маркотнай.

Фото Рейтер

Фаварытам прэміі бясспрэчна лічыўся мюзікл Дэм’ена Шазела “Ла-Ла Лэнд”. Карціну вылучылі на “Оскар” у 14 намінацыях — такой вялікай іх колькасцю за ўсю гісторыю гэтай кінаўзнагароды маглі пахваліцца толькі фільмы “Усё пра Еву” (1950) і “Тытанік” (1997). І здавалася, што ў большасці намінацый “Ла-Ла Лэнд” з лёгкасцю атрымае перамогу. Падставы для гэтага былі больш чым грунтоўныя: сем “Залатых глобусаў”, восем прэмій Critics’ Choice Movie Awards, пяць прэмій BAFTA і многія іншыя ўзнагароды. Феерычная “прэлюдыя”! Здавалася б, усё занадта відавочна. Безумоўна, Дэм’ен Шазел, няглядзячы на свой малады ўзрост (яму ўсяго 32 гады), папрацаваў над гэтым фільмам на славу і ў поўнай меры заслужыў “Оскар” у намінацыі “Найлепшы рэжысёр”. Шазел не толькі адрадзіў жанр мюзікла, паказаўшы, што ён можа быць модны і актуальны, але і ўвёў гледача ў прыгожы свет мастацтва і мары. Песня, казка, чараўніцтва...

Аднак галоўны “Оскар” пацешыў стваральнікаў карціны ўсяго некалькі хвілін. Як аказалася, за сцэнай пераблыталі канверты, і акцёр Уорэн Біці, які называў найлепшы фільм, абвясціў, што “Оскар” атрымаў “Ла-Ла Лэнд”. Здымачная група мюзікла нават паспела падняцца на сцэну і пачаць гаварыць словы ўдзячнасці, і тут высветлілася, што насамрэч найлепшым фільмам года акадэмікі прызналі “Месяцовае святло” Бары Джэнкінса. Няёмкая сітуацыя. І гэтую няёмкасць, здаецца, адчулі не толькі акадэмікі, акцёры, але нават гледачы ля экранаў сваіх тэлевізараў і камп’ютараў. А чакалася такая спакойная цырымонія...

Праўда, стваральнікі “Ла-Ла Лэнда” павялі сябе вельмі годна — паўсміхаліся, перадалі статуэткі сапраўдным пераможцам і, здаецца, ад душы павіншавалі іх. Аднак мюзікл і без галоўнай узнагароды набраў цэлы воз прэмій і станоўчых рэцэнзій. Яго будуць глядзець і без прыпіскі “лаўрэат “Оскара” за найлепшы фільм”. А вось карціне Бары Джэнкінса пра сталенне цемнаскурага хлопца ў Маямі, дзе светам кіруюць наркотыкі і грошы, такая рэклама не перашкодзіць. Хаця стужка і была адзначана ў пэўных намінацыях Гільдыі кінаакцёраў ЗША, Гільдыі сцэнарыстаў і “Залатога глобуса”, такой папулярнасці, як “Ла-Ла Лэнд”, не атрымала. Аднак глыбокі сэнс гэтага фільма заслугоўвае, каб яго паглядзела як мага больш людзей. “Месяцовае святло” — свайго роду пасланне, у якім гледачу кажуць: усё роўна, хто ты і адкуль, які ў цябе колер скуры і якая сексуальная арыентацыя — заўсёды ёсць магчымасць знайсці сябе ў жыцці, варта толькі спыніцца і паглядзець па баках, звярнуць увагу на людзей вакол. Магчыма, яны стануць ключом да новага жыцця.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter