Небяспечная «сінтэтыка»

На Магілёўшчыне будуць рыхтаваць інтэрнэт-наркапаляўнічых

Падрыхтоўку спецыялістаў па супрацьдзеянні продажу наркотыкаў праз сацыяльныя сеткі пачало УУС Магілёўскага аблвыканкама.

— Кожныя суткі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць двух-трох маладых чалавек, якія ўжываюць наркатычныя сродкі, — гаворыць начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Фёдар Балейка. — Пры гэтым большасць з іх перавагу аддае імпартным сінтэтычным наркотыкам, так званым курыльным сумесям.

Толькі ў 2013 годзе ў вобласці было ўзбуджана 29 крымінальных спраў у адносінах да асоб, якія займаюцца захоўваннем і збытам такіх рэчываў. З незаконнага абароту канфіскавана і знішчана больш за 8 кілаграмаў наркатычных сродкаў і псіхатропных прэпаратаў. У мінулым годзе магілёўская міліцыя перакрыла тры каналы пастаўкі наркотыкаў і псіхатропаў. Два з із вялі ў Расію, адзін — у Польшчу. З пачатку 2014-га шлагбаум быў пастаўлены на шляху яшчэ аднаго наркашляху — з Санкт-Пецярбурга ў Магілёў.

— Сур’ёзнай праблемай для Магілёўшчыны сёння стала распаўсюджванне наркотыкаў праз Інтэрнэт, — падкрэсліў Фёдар Балейка.

Каб барацьба ў гэтым накірунку была больш эфектыўнай, УУС вобласці вырашыла рыхтаваць спецыялістаў з ліку аператыўных работнікаў, якія маюць вопыт у барацьбе з наркабізнесам, і накіравала адпаведныя прапановы ў Галоўнае ўпраўленне кадраў МУС Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter