Упершыню за тры гады цікавасць да чартарных пералётаў пайшла ў гару

Неба нас чакае

У «Белавія» прыемна здзіўлены: упершыню за апошнія тры гады цікавасць грамадзян да чартарных пералётаў пайшла ўгару. Каб пацвердзіць гэта, у кампаніі прыводзяць наступныя лічбы: за паўгода колькасць сезонных рэйсаў вырасла больш чым на 12% у параўнанні са студзенем — чэрвенем мінулага года. У асноўным гэта звязваюць з тым, што ў краіне з'явіліся значна большыя самалёты. Ёсць магчымасць задаволіць попыт турагенцтваў на новыя напрамкі. Гэта рэйсы ў албанскую Тырану, італьянскі Трыест, грэчаскую Кавалу, ужо знаёмы турэцкі Бодрум і іспанскі Тэнэрыфе.


Сёння чартары лятаюць больш чым па 35 турыстычных маршрутах у Албанію, Балгарыю, Грэцыю, Егіпет, Іспанію, Італію, Румынію, Турцыю, Чарнагорыю. Дзякуючы таму што абласныя аэрапорты пашыраюць геаграфію і колькасць сезонных рэйсаў і нарошчваюць рэгулярныя, усё больш пасажыраў карыстаюцца магчымасцю адправіцца ў паездку амаль з дому. Тым больш што кошт тураў са стартам што з Мiнска, што з Гомеля ці Брэста супастаўны. Ды і тураператары прызнаюць: іх кліенты сталі часцей планаваць свой адпачынак загадзя. Гэта дазваляе заказчыкам рэйсаў карэкціраваць свае чартарныя праграмы зыходзячы з сітуацыі. У летнім сезоне ў планах «Белавія» выканаць больш за 150 чартарных рэйсаў з абласных аэрапортаў. Вылятаюць самалёты ў рэгіёнах з перыядычнасцю ў 3—11 дзён. З любога абласнога цэнтра можна адправіцца ў Анталію і Бургас, у дадатак з Брэста і Гомеля — у чарнагорскі Ціват.

Ці выгадныя кампаніі чартарныя палёты з абласных аэрапортаў? У «Белавія» ад адказу ўхіляюцца, але прызнаюць:

— Безумоўна, нам зручней лятаць з базавага аэрапорта. Але вылеты з рэгіёнаў запатрабаваныя ў пасажыраў, для нас гэта найбольш прыярытэтна. І як вынік такой цікавасці — мы бачым камерцыйную апраўдвальнасць выканання такіх палётаў.

Яшчэ адно цікавае пытанне — якія перспектывы ў чартарных перавозак? Таму што нашы грамадзяне ўсё больш вучацца падарожнічаць самастойна.

— Сапраўды, беларусы становяцца больш мабільнымі і ўсё часцей арганізоўваюць самі свой адпачынак, у тым ліку з выкарыстаннем рэгулярных рэйсаў «Белавія» і зручных стыковак з рэйсамі авіякампаній-партнёраў. Аднак планаванне самастойнага падарожжа патрабуе вялікіх часавых выдаткаў. А вольныя гадзіны ёсць не ва ўсіх. Так што большасць нашых грамадзян па-ранейшаму замаўляюць гатовы турпакет з ужо загадзя падрыхтаванай лагістыкай.

Заўважу, што з-за запатрабаванасці некаторыя сезонныя напрамкі перайшлі ў разрад пастаянных. Гэта здарылася, напрыклад, з вылетамі ў Стамбул, Батумі, Ларнаку і Барселону. Пры гэтым блок месцаў для тургрупы на гэтых маршрутах захоўваецца.

Марыя ІВАНОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter