Кто спасет усадьбу Ястржембских?

Неаготыка і сучасныя рэаліі

Да прыезду гасцей звычайна рыхтуюцца. Дастаюць лепшы посуд з шафы, гартаюць старую кулінарную кнігу са смачнымі рэцэптамі, прадумваюць культурную праграму. Каб усё, што госці ўбачаць, паспрабуюць і адчуюць, яны запомнілі, распавялі сваім сябрам, сусе­дзям, ды і зноў захацелі вярнуцца.
monument-goub.by

Ёсць сярод аматараў падарожжаў і тыя, каму цікава наведваць малавядомыя мясціны. Каб адчуць бег гісторыі і пранікнуцца атмасферай мінулага, рамантыкі імкнуцца пахадзіць па вузкіх сцежках панскіх сядзіб, дакрануцца да развалін старажытных замкаў. Вось і госці нашай чытачкі з вёскі Прудок Мазырскага раёна Валянціны Лявіцкай замест наведвання адрэстаўраваных замкаў, напрыклад у Міры і Нясвіжы, аддалі перавагу сядзібе Ястржэмбскіх, што ў вёсцы Барысаўшчына Хойніцкага раёна. Тое, што ўбачылі там госці з Расіі, уразіла іх не толькі даўніной, але, на жаль, і занядбаным выглядам.

Сядзібна-паркавы комплекс, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, калісьці быў вялікім і квітнеючым. Яго нават называлі найпрыгажэйшым куточкам Беларусі. Сёння сядзіба таксама вабіць да сябе турыстаў, якія едуць сюды дакрануцца да цаглянай воданапорнай вежы ў неагатычным стылі. У памяшканнях праглядаюцца печы з камінамі, падлога з шахматным узорам.

«Аднак комплекс зарос хмызняком і травою, — напісала ў рэдакцыю Валянціна Мікалаеўна. — На многіх збудаваннях абваліліся дахі. Як шкада, што такая прыгажосць з цягам часу развальваецца, а мясцовыя жыхары па цаглінах разбіраюць напаўразбураныя пабудовы».

Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што галоўным гонарам Фелікса Ястр­жэмбскага быў пейзажны парк, закла­дзены ў 1890 годзе на двух берагах ракі Гаранкі. Праз парк ад брамы да панскага дома пралягала шырокая ліпавая алея.

Галоўны будынак сядзібна-паркавага ансамбля — панскі дом, абсаджаны экзатычнымі пародамі дрэў і хмызняком. За ім — лядоўня, маслабойня, млын, бровар, флігель эканома. Яшчэ паўстагоддзя таму ад палаца можна было спусціцца па шырокай лесвіцы на ніжнюю тэрасу, дзе размяшчаўся ставок з прэснай вадой. Былі і спецыяльныя каналы, якія служылі для ўпрыгожвання парку і адводу вады, каб асушваць забалочаную нізіну.

Асабліва цікавае збудаванне — воданапорная вежа, якая змяшчала ў сабе яшчэ і пякарню, а таксама памяшканне для прагляду кіно. У савецкія часы яна была адведзена пад жылыя кватэры.

У парку пейзажнага тыпу расло амаль сто відаў дрэў, сярод якіх самшыт вечназялёны, цюльпанавае дрэва, шаўкоўніца белая, ліпа амерыканская.

Чаму ў наш час сядзіба прыйшла ў заняпад і паступова разбураецца? З пытаннем нашай чытачкі Валянціны Лявіцкай, якая агучыла яго ў лісце ў рэдакцыю, мы звярнуліся ў Хойніцкі раённы выканаўчы камітэт з просьбай даць тлумачэнні.

«Комплекс, вядомы як сядзіба Ястржэмбскіх у вёсцы Барысаўшчыне, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі з 2002 года, — паведамілі ў зваротным лісце прадстаўнікі мясцовай улады. — У 2005-м для захавання ўцалелых фрагментаў сядзібы былі прыняты меры для стабілізацыі іх стану. Аднак кансервацыя была праведзена часткова ў сувязі з недастатковым фінансаваннем. Рэстаўрацыя сядзібы таксама не прадстаўляецца магчымай з-за адсутнасці грашовых сродкаў. Хойніцкі раённы выканаўчы камітэт зараз шукае інвестараў для аднаўлення помніка архітэктуры. Аднак пакуль безвынікова».

У бліжэйшы час па праекце Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна (2014—2020 гады)» запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўстаноўка на сядзібна-паркавым комплексе інфармацыйнай таблічкі.

Разам з тым на тэрыторыі сядзібы маладзёжныя актывісты рэгулярна арганізуюць суботнікі. Цагляная кладка разбураецца пад уздзеяннем прыродных фактараў, а фактаў вандалізму дагэтуль не было зафіксавана, запэўнілі ў Хойніцкім райвыканкаме.

* * *

Сядзіба Ястржэмбскіх — не адзіны ў краіне помнік, які патрабуе аднаўлення. Колькі іх, амаль разбураных палацаў, замкаў, сядзіб, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і чакаюць рэканструкцыі? Як вырашаюцца пытанні з аднаўленнем старадаўніх помнікаў культуры і гісторыі, чаму пошук інвестараў зацягваецца? «НГ» неаднаразова звяртала ўвагу на гэтыя праблемы, будзем трымаць іх на кантролі і далей.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter