Неабмежаваная шчырасць супраць абмежаваных магчымасцей

У Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце па-сапраўднаму любяць сваіх выхаванцаў. І імкнуцца, каб кожны з іх знайшоў сваё месца ў жыцці

— Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мы даём выхаванцам права на паўнавартаснае жыццё, — канстатуе Якаў Дзмітрыевіч. — Вучым іх сацыяльнай адаптацыі, рэалізацыі сябе ў грамадстве. Спецыялістамі Міністэрства адукацыі распрацавана і прымяняецца спрошчаная праграма, дзе выключаны такія складаныя дысцыпліны, як фізіка, хімія, геаметрыя, чарчэнне. Палегчаны курс матэматыкі. Для адаптацыі ў сучасным грамадстве мы ўвялі факультатыўны курс інфарматыкі, каб выхаванцы ўмелі карыстацца аргтэхнікай. Яны хутка асвоілі камп’ютар, тэлефоны, ноўтбукі, сябруюць з Інтэрнэтам.

— З якіх мясцін вы прымаеце школьнікаў?

— У асноўным са шматдзетных вясковых сем’яў навакольных раёнаў. Імкнемся даць кожнаму працоўную спецыяльнасць. Тры гады таму дадалі яшчэ адзін год навучання — 11 клас — для паглыбленай прафесійнай падрыхтоўкі. Стварылі практычную базу, заняткі праводзім на сваім агародзе, у цяпліцы. Маем поўны набор асноўных сельгасмашын і трактар. Імкнемся тэарэтычныя веды замацоўваць на практыцы. Юнакі дэталёва вывучаюць сельгасмашыны,  дзяўчаты, акрамя гароднінаводства, па жаданні атрымліваюць навыкі працы санітаркі. Маем дамову з Ельскай цэнтральнай раённай бальніцай на праходжанне там практыкі. Нашы дзяўчынкі дапамагаюць даглядаць хворых, прыбіраюць палаты.

— Звычайна школу заканчваюць да паўналецця. А на працу ў такім узросце цяжка ўладкавацца. Нават дадатковы год навучання не вырашае гэтай праблемы.

— Мы трымаем сувязь з прафесійнымі ліцэямі. У некаторых з іх створаны асобныя групы для выпускнікоў дапаможных школ, дзе яны набываюць будаўнічыя спецыяльнасці, атрымліваюць пасведчанні трактарыстаў-машыністаў, слесараў па рамонце сельгасмашын, гароднінаводаў, санітарак, швачак. Для выпускнікоў такіх груп гарантавана працаўладкаванне. А некаторыя навучэнцы адразу пасля дзясятага класа ўладкоўваюцца на працу. Яны папаўняюць калектывы механізатараў, жывёлаводаў Гомельшчыны. Выпускніца Аксана Ляшчынская, якая ўжо завяла сям’ю, вяртаецца разам з мужам у бацькоўскую хату, што ў вёсцы Баравая Лельчыцкага раёна. З сястрой Зосяй яны вучыліся ў нас. Сямья іх складаная. Бацька доўгі час у турме, маці адна не мела магчымасці іх выхоўваць. Дзяўчынкі атрымалі працоўныя прафесіі. Зося ўладкавалася ў Калінкавіцкім раёне, а Аксана выйшла замуж за былога нашага вучня Аляксандра Калпакова. Яны сябравалі яшчэ ў школе. Аляксандр атрымаў спецыяльнасць слесара па рамонце сельгасмашын. Выхоўваюць дачку. Будзем садзейнічаць іх працаўладкаванню ў лельчыцкай гаспадарцы. Падтрымліваем сувязь з многімі выпускнікамі, дапамагаем. Заключылі дамову з ельскімі гаспадаркамі — «Саўгас «Камуніст» і «Ельск» на супрацоўніцтва.  

— Якаў Дзмітрыевіч, а ці запрашаюць вас выпускнікі на свае вяселлі?

— Канешне. Нядаўна Вікторыя Баравая выходзіла замуж, павіншавалі яе са шлюбам. Некалькі гадоў таму жаніўся выпускнік Дзіма Апенька, які з братам Сяргеем вучыліся ў нас. Яны са шматдзетнай сялянскай сям’і з ельскай вёскі Дабрынь. Юнакі атрымалі прафесію трактарыста-машыніста. Вярнуліся дамоў і сталі працаваць механізатарамі. Сяргей уладкаваўся ў КСУП «Ельск». Некалькі гадоў запар выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва маладых камбайнераў, атрымліваў прэміі. А Дзіма ў КСУП «Дабрынь» на трактары падвозіць кармы да жывёлагадоўчай фермы. Яго жонка пайшла ў даяркі. Маладой сям’і кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла катэдж. У іх падрастае сын Яўген, а на пачатку лета нарадзілася дачушка.

МЫ ЗАВІТАЛІ ў Дабрынь, што ў некалькіх кіламетрах ад Ельска. У новым катэджы маладой сям’і Апенькаў гаспадыня Марыя, твар якой ззяў ад шчасця, шэптам паведаміла, што дзеці спяць. Ціхенька выйшлі на прасторную веранду. Напярэдадні Марыю з немаўляткам муж забраў з ельскага раддома. Сяброўкі з фермы яшчэ не паспелі праведаць, але па тэлефоне павіншавалі. І бацькі Дзімы віталі нявестку і ўнучку. Жывуць яны на суседняй вуліцы. Свёкар Іван Апанасавіч на пенсіі, але без працы ў гаспадарцы не можа. Свякроў Марыя Кірылаўна ўвіхаецца па хаце, на агародзе, у якім роўныя радкі чыста праполатай цыбулі, морквы, буракоў, капусты, памідораў і вялікі загон квітнеючай бульбы.

— Яшчэ ў полі пасадзілі паўгектара бульбы, — распавядае ветлівая Марыя Кірылаўна. — Дзякуй Богу, сям’я вялікая, а зіма доўгая. Запасаемся ўсім сваім. Толькі што паспелі сена карове назапасіць. Трэба ў полі бульбу другі раз агортваць, а там жніво пачнецца. Шкада, што Сяргей пакуль без працы. Летась абяцалі ў гаспадарцы «Ельск» добры заробак, а не далі. Пакрыўдзіўся і звольніўся. Маркоціцца без справы. Мо, яшчэ да жніва ўладкуецца камбайнерам. Яго ведае ўвесь раён, столькі пісалі ў мінулыя гады пра поспехі Сяргея.

На трактары да бацькоўскага падворку пад’ехаў старэйшы сын Дзіма. Загарэлы твар, моцныя рукі, шчырая ўсмешка. З прыемнасцю прыняў нашы віншаванні з папаўненнем у сям’і.

— Але, як кажуць, Бог любіць тройцу, — пажартаваў малады бацька. — Маем дом прасторны, добра зарабляю і дзяржава падтрымлівае.

Дзмітрый падвозіць ваду на пашу каровам, зялёны корм цялятам. Круглы год на «Беларусу» абслугоўвае жывёлагадоўчую ферму. Веды, што атрымалі браты Апенькі ў Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце, спатрэбіліся. Пяцёра выпускнікоў уладкаваліся ў суседні КСУП «Саўгас «Камуніст». У вёсцы Дубрава ім выдзелілі дом, забяспечваюць гарачымі абедамі. Сняданак і вячэру юнакі рыхтуюць самі. З дапаможнай школы-інтэрната прывезлі тэлевізар, халадзільнік і мікрахвалевую печ, спальныя ложкі і пасцельную бялізну. У гаспадарцы выпісваюць малако, мяса, іншыя прадукты. Двое не ўтрымаліся і пакінулі гаспадарку, а трое юнакоў працуюць.

ЗА ВЯСКОВАЙ ваколіцай, у ціхім кутку пярэстага ад чэрвеньскіх кветак луга, залітага яркімі промнямі сонца, дзе п’янееш ад цішыні і прыгажосці, хударлявы Віталь Цвяткоў пасе цялушак. Летась пасля заканчэння дапаможнай школы-інтэрната папрасіўся сюды на працу. Яго прынялі. Плануе вывучыцца на механізатара. Рыхтуе збожжаток да прыёму новага ўраджаю Улад Везгард са шматдзетнай сялянскай сям’і вёскі Вербавічы Нараўлянскага раёна. У дапаможнай школе спасцігаў сакрэты рамонту сельгасмашын. Таксама марыць закончыць ліцэй механізацыі сельскай гаспадаркі. Бацькі прыязджалі да яго. Гаспадарка ім прыйшлася да спадобы, маюць намер пераехаць сюды.

— Увосень накіруем на спецыяльныя курсы механізатараў выпускнікоў дапаможнай школы-інтэрната, што папоўнілі наш калектыў, — дзеліцца планамі дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Ельскага раёна Рыгор Бабчанок. — Абучэнне кожнага для гаспадаркі абыйдзецца ў пяць мільёнаў рублёў, на працягу навучання будзем выплачваць сярэдні іх заробак. І тыя двое, што кінуліся шукаць лёгкі хлеб, ужо вяртаюцца назад. Пасля вучобы юнакі папоўняць атрад механізатараў. І надалей будзем трымаць сувязь з дапаможнай школай, каб выхаванцам лягчэй было станавіцца на ногі. Працы ў нас хопіць.

ПЕРШЫЯ крокі самастойнага жыцця навучэнцы атрымліваюць у школе, дзе абсалютны парадак ва ўсім. Патанаючы ў зеляніне двор з фантанам і кветнікамі. Малдаўскія гароднінаводы дапамаглі добрым насеннем агуркоў і памідораў, якія далі ўжо шчодры ўраджай. Вядомы беларускі вучоны-аграрый Міхаіл Кадыраў, дзяцінства якога прайшло ў Ельску, падараваў садок.

Чысціня і ўтульнасць у навучальных кабінетах, дзе праходзяць урокі. Разам з дырэктарам крочым па школьным калідоры з прыгожымі вазонамі. Якаў Дзмітрыевіч адчыняе дзверы светлага пакоя, пасярод якога стаіць засцелены даматканым абрусам шырокі стол і ўздоўж сцен напоўненыя посудам шафы. Тут педагогі вучаць выхаванцаў накрываць на стол. Праз расчыненыя дзверы віднеецца вучэбная кухня з буфетам і газавай плітой. Усе прадукты — са свайго агарода. Трымалі свінаферму, навучэнцы круглы год забяспечваліся свежанінай і яшчэ прадавалі. За выручаныя сродкі набывалі мэблю, дываны, спартыўны інвентар. Раней дапамогу аказвалі замежныя грамадскія арганізацыі, цяпер падтрымліваюць шэфы з абласнога прафсаюза работнікаў лесу, зашырскай гаспадаркі, ельскіх лясгаса і леспрамгаса, ПМК меліярацыі.

Школьную ферму санітарная служба, на жаль, забараніла. Толькі конь застаўся. Будучыя гаспадары вучацца з ім абыходзіцца. Можа, спатрэбіцца. Большасць з выпускнікоў застаюцца ў гаспадарках вобласці. А выдатніца вучобы Людміла Беспаяська працуе намеснікам кіраўніка падатковай інспекцыі Чыгуначнага раёна Гомеля. Настаўніцай вярнулася ў школу Любоў Канопліч, якая закончыла Маскоўскі псіхолага-сацыяльны     ін-

стытут.

— Наша школа стала практычнай лабараторыяй апрабацыі падручнікаў для дапаможных школ, — ганарыцца дырэктар Якаў Ліпскі. — Па даручэнні Міністэрства адукацыі настаўніцы беларускай літаратуры і мовы Таццяне Сугак даручана рэцэнзаваць падручнік «Родная літаратура» для 7-га класа дапаможнай школы. Таццяна Уладзімі-

раўна прапанавала ў зборнік вершы нашага таленавітага земляка Рыгора Бабчанка, і з ёю ўсе пагадзіліся. Апрабуецца і падручнік «Літаратурнае чытанне» для вучняў дапаможнай школы.

У час працы міністрам адукацыі Аляксандр Радзькоў наведваў Ельскую дапаможную школу-інтэрнат, і яго ўразіў абсалютны парадак ва ўсім. Тут склаўся моцны калектыў. Сваімі рукамі пасадзілі сад, пабудавалі цяпліцу, стадыён. Ельскія педагогі дапамагаюць выхаванцам выходзіць на шлях годнага жыцця. На карысць і ім, і грамадству.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter