«Не жыццё, адны спакусы»

Калінкавіцкі раён сустракае VII Усебеларускі фестываль гумару

У Калінкавіцкім раёне сустракаюць VII Усебеларускі фестываль гумару.

27 ліпеня разам збяруцца сапраўдныя аматары розных жанраў народнай творчасці — жартаў, анекдотаў, прыпевак, забавак, камедыйных сцэнічных імпрэз... Тэматычны арыенцір сёлетніх фестывальных дзён — «Не жыццё, адны спакусы!». Самі гаспадары — жыхары вёсак Вялікія і Малыя Аўцюкі, калінкавічане, як паведамілі «Р» у Калінкавіцкім райвыканкаме, які разам з Міністэрствам культуры, Гомельскім аблвыканкамам і Беларускім дзіцячым фондам ладзіць самае вясёлае з мерапрыемстваў, рыхтуюцца да жартоўнага марафону надзвычай дбайна. А як інакш — змагацца за ганаровыя ўзнагароды фестывалю ім давядзецца не абы з кім, а з гумарыстамі-профі з вёсак Спорава Бярозаўскага, Дубіна Валожынскага, Баянічы Любанскага раёнаў, ды яшчэ з добрым тузінам спевакоў, фалькларыстаў і народных самародкаў з усіх абласцей Белай Русі і яе сталіцы, гасцямі з Расіі і Украіны.

Але ж апрача вясёлага швэндання фестывальнай талакі па сядзібах аўцюкоўцаў, дзе ўдзельнікаў фестывалю сустрэнуць вырабы народных майстроў, багатыя кулінарныя вынаходкі мясцовых кухараў і гаспадынь, шчодрых сталоў з чаркай і скваркай ды непасрэдна конкурсных выступленняў (яны пройдуць на цэнтральнай плошчы Калінкавічаў), яркай падзеяй фестывалю стане адкрыццё сядзібы-музея галоўных дзеючых асоб свята — Каласка і Калінкі — на раздарожжы паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі. А яшчэ, нашапталі «Р» арганізатары, тут на працягу двух дзён будзе шмат сюрпрызаў, падарункаў і незабыўнага, што да пачатку фестывалю палічылі за лепшае захаваць у тайне. Словам, прыязджайце і прыходзьце ў Калінкавічы — пабачыце і пачуеце!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter