Белорусский артист Георгий Колдун очаровал «Х-фактор»

«Не жартую толькі на вульгарныя тэмы»

Прыгожы, харызматычны, вясёлы інтэлігент, аўтар і выканаўца песень Георгій КАЛДУН скарае сэрцы не толькі суайчынніц, але і ўсходнееўрапейскіх суседак. Выключны фавор зарабіў на ўкраінскім шоу «Х-фактар» — аўтарытэтным і вядомым у многіх краінах. Вольга Палякова, у каманду да якой трапіў Георгій, ад самага пачатку выказвала вялікую прыхільнасць да артыста і верыла ў ягоны талент. Акампаніравала яму на раялі і спявала ў дуэце. Украінскія тэлегледачы канала СТБ, на якім вяшчалася шоу, пастанавілі адзінагалосна: беларускі герой ім асабліва сімпатычны.

Нягледзячы на зорнае жыццё, у Георгія Калдуна няма ні ноткі гонару. Як і раней, ён бачыць сэнс у працы, стараннях, намаганнях, а да сябе ставіцца крытычна. «Х-фактар» таксама выбраў як своеасаблівую прыступку самаўдасканалення, часам глядзеў гэты праект у інтэрнэце і вырашыў паспрабаваць.

– Некаторыя рэчы раблю інтуітыўна, так і ўдзел у «Х-фактары». Мне імпануе, што гэтае шоу акцэнтуе ўвагу не толькі на песні, але і раскрывае выступоўцу ў цэлым. Тут няма задачы быць вакальным спартсменам. Тое, што спяваю, — асабістая патрэба для самавыражэння. Да таго ж прыехаў за здаровай творчай канкурэнцыяй — у добрым сэнсе гэтага слова.

Украінская гісторыя пачалася з ліпеня, напачатку Георгій выбіраўся ў Кіеў эпізадычна. Перад прамымі эфірамі Украіна паклікала надоўга, і гэта для артыста было справай няпростай, бо мае шчыльны графік у Мінску. Працуе важатым у дзіцячым лагеры «Брыганціна», на «Беларусь 1» вядзе перадачу «Я ведаю!», будуе ўласны дом, бярэ ўдзел у канцэртах і карпаратывах. У курсіраванні між дзвюма сталіцамі выручыў хуткі транспарт — самалёт.

— На «Х-фактары» з ранку да вечара рэпетыцыі. Здымкі, інтэрв’ю, вялікая колькасць матэрыялу, які прапрацоўвалі, — гэта толькі вяршыня высокага айсбергу. На кожны тыдзень атрымлівалі заданні, якія паказвалі ў прамых эфірах. І, наогул, «Х-фактар» — праца камандная, я ўліваўся ў гісторыю, якую прыдумвалі рэжысёры, спраўджалі пастаноўшчыкі і музыканты. На выступленнях стараўся максімальна выкладацца, перш чым пачуць высновы журы, — уводзіць у курс справы артыст.

Збоку, седзячы на канапе з кавай або чыпсамі, здаецца, што тут складанага, разважае Георгій. Але як важна патрапіць у нязвыклае для сябе асяроддзе, вызначыць, чаго ты сам варты, адчуць карысныя ў творчым сэнсе ўсплёскі адрэналіну.

Георгій Калдун выхаваны ў сям’і педагогаў, нездарма вырас інтэлігентам і атрымаў настаўніцкую адукацыю — як і бацькі, скончыў геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Прыгадвае гэты час цудоўнейшым:

— Спецыфічных ведаў памятаю мала, бо мой мозг больш спраўны да прычынна-выніковых сувязей. Аднак геаграфічная адукацыя стала добрым універсітэтам жыцця, навучыла думаць і адказваць на многія пытанні, пашырыла кругагляд. Таксама ў студэнцтве займеў першы вопыт заробку грошай, самастойнай працы, у тым ліку грузчыкам і гандлёвым прадстаўніком, абы не сядзець у бацькоў на шыі.

Музыка і тэлебачанне натхняюць артыста, прыносяць яму ўсенародную любоў і прызнанне. Гэтыя сферы — яго патрэба, унутраная неабходнасць, таму і атрымлівае ад іх задавальненне. Нягледзячы на адсутнасць спецыяльнай адукацыі, Георгій на сваім прыкладзе пацвердзіў — вялікую сілу мае прыродны дар. Да музыкі прызвычаіў тата — быў адным з нямногіх на той час сталічных настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй, намеснікам дырэктара школы. Шкада, што заўчасна памёр і не заспеў поспехаў сваіх сыноў, бо на 80 працэнтаў гэта ягоная заслуга. Парады наконт новых песень цяпер дае мама, якую Георгій і Дзмітрый моцна апякаюць, шануюць і слухаюцца.

Братоў між сабой звязваюць сяброўства і падтрымка, аднак у творчасці судакранаюцца мала. Як ні дзіўна, ім даспадобы розныя фарматы музыкі. Затое падобныя ў дасягненні задуманага: аднолькава мэтаскіраваныя і як сапраўдныя мужчыны — дзеляцца не намерамі, а спраўджаннямі. Дзмітрый у свой час употай паехаў на «Фабрыку зорак» і расказаў пра гэта, толькі калі ўсё ўдалося. Георгій гэтаксама зрабіў з «Х-фактарам» — аб’явіў пра ўдзел, калі выйшаў у фінал.
Падчас удзелу ў «Х-фактары» Калдун разрываўся паміж Кіевам і Мінскам, дзе працуе важатым у дзіцячым лагеры, вядзе перадачу на «Беларусь 1», будуе дом, выступае на канцэртах і карпаратывах.
АДЫХОДЗЯЧЫ год, зрэшты, стаў для старэйшага Калдуна яркім і насычаным на падзеі, важная сярод якіх — суперфінал на «Х-фактары». Здымкі, выступленні, паездкі на адпачынак — артыст любіць падарожнічаць, каб не толькі пазагараць на пляжы, але і судакрануцца з іншай краінай, яе завядзёнкамі. Асабліва адбіўся ў памяці В’етнам з адметным кліматам, азіяцкай гісторыяй і культурай…

Георгій па магчымасці выбірае бюджэтныя вандроўкі, і наогул, ён мужчына эканомны. Можа пражыць на 200—400 рублёў у месяц, а самае каштоўнае для жыцця ўжо сабе прыдбаў — сцэнічныя касцюмы, музычнае абсталяванне, аўтамабіль… Зберажэнні траціць на дом або падарожжы.

Не раскідваецца ў матэрыяльным сэнсе, затое жартамі сыпле як з рогу дастатку. Гэта ацанілі не толькі землякі, але і ўкраінская аўдыторыя. Жанкі, кажучы па-тамтэйшаму, абсыпалі кампліментамі шоумена. Не памятаю, хто з вялікіх сказаў: пачуццё гумару — першы паказчык эрудыцыі. Гэтую формулу цалкам можна прымерыць на Георгія.

— Жарты — мой лад мыслення, калі хочаце. Прычым ніякі не піяр, такія ж стасункі маем з Дзімам, іншымі роднымі. Хутчэй за ўсё, паўплывала літаратура, якую чытаю, — Ільф і Пятроў, Зошчанка, Жванецкі. Адзінае, не жартую на вульгарныя, пошлыя тэмы, каб не прыйшлося чырванець перад дзецьмі і дзяўчатамі.

Верагодна, прыроджаная інтэлігент­насць стала вызначальнай пры выбары фарматаў шоу, якія Георгій вядзе на «Беларусь 1». Пачынаў з «Адзін супраць усіх» і, набыўшы важкі досвед, перамог у «Тэлевяршыні». 

— Зараз вяду шоу «Я ведаю!», яно таксама інтэлектуальна-забаўляльнае. Прыемна арыентавацца на аўдыторыю, якая ўмее думаць, атрымліваць інфармацыю. Міжволі ў такім асяроддзі і сам развіваешся.

— Ці стварылі сабе куміраў?

— Не, бо ў музыцы ў мяне прыярытэты надта розныя — ад Наскова да «Бітлз». З гумарыстаў раўняюся на Міхаіла Жванецкага, а прыклад інтэрв’ю пераймаю ад Уладзіміра Познера. 

— Як Калдун прыварожвае тэлегледачоў і сваіх прыхільнікаў?

— Каб ім спадабацца, патрэбна сукупнасць якасцей — талент, харызма і ўсё такое… На нейкія ўласныя мінусы мне адкрыў вочы «Х-фактар». Напрыклад, што на сцэне адчуваю сябе скавана. Хоць гэта справа не аднаго дня, але быў змушаны разняволіцца, бо інакш аказаўся б не ў фармаце. Любоў гледачоў зарабляю працай. Перш за ўсё над сабой. І сустрэчамі, інтэрактывам са сваім гледачом. Па розных куточках Беларусі з музыкамі далі не менш за 60 канцэртаў. У 2020-м таксама буду прысвячаць сябе творчасці, атрымліваць ад гэтага задавальненне і… дабудоўваць дом. З Новым годам, сябры!

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter