Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Не згубіўся ў Кішынёве

Заснавальнікам малдаўскага выяўленчага мастацтва спецыялісты называюць Уладзіміра Акушку. Памяць пра вядомага ўраджэнца Ашмянаў разам з беларусамі Кішынёва ўшанавалі ягоныя ўнук і праўнук.

Уладзімір Акушка. Ворыва. 1896 г. 

Лёс ўраджэнца Ашмянаў, што на Гродзеншчыне, склаўся так, што адарваўся ён ад роднай старонкі, але не прапаў: стаў вядомым малдаўскім мастаком. Цяпер, у прыватнасці, у залаты фонд Мастацкага музея Мадовы ўваходзіць яго невялічкая праца “Ворыва” (1896) — усяго 22 на 33 сантыметры, пісаная алеем па кардоне. У інтэрнэце можна пабачыць якасную рэпрадукцыю ды прачытаць кароткія звесткі пра аўтара: “Окушко Владимир Фульгентьевич. 1862—1919”. На карціне бачым аратага ў хвіліну перадыху, а таксама й паганятага з валамі на фоне ўзгоркаў, асветленых сонцам. Па светла-блакітным небе плывуць аблачынкі, а на чорнай раллі — рагатыя валы розных масцей. І колеры на карціне тонка выпісаныя, удала перадаюць вясновы настрой, абуджэнне жыцця. 

Мастацтвазнаўцам вядома, што ў свой час мастак (1880-86 гады) вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбурзе: у вядомых майстроў Пятра Чысцякова і Франца Рубо. А ў Кішынёў Уладзімір Акушка прыехаў у 1897-м  па запрашэнні Гарадской управы і дырэкцыі народных вучылішчаў. Можна меркаваць: вышэйзгаданая каларытная праца некаму прыйшлася даспадобы... Працаваў наш супляменнік як мастак, ды яшчэ і ўзначальваў школу малюнка. Пэўна ж, педагогам быў вартым, бо ў 1904-м нават прымаў удзел у міжнародным з’ездзе настаўнікаў малявання ў Жэневе. Наш супляменнік быў сябрам Бесарабскага таварыства вытанчаных мастацтваў, удзельнікам шэрагу выстаў. Памёр 2 студзеня 1919 года ў Кішынёве, не дажыўшы да 57 гадоў.

  Урачыстасць у гонар мастака-юбіляра ў Беларускім культурным цэнтры ў Кішынёве 

Нядаўна пра цікавыя факты з жыцця мастака мы гаварылі ў Беларускім культурным цэнтры ў Кішынёве: там Беларуская грамада Малдовы правяла сустрэчу ў гонар 155-х угодкаў Уладзіміра Фульгенцевіча. З Ціраспаля да нас прыехалі шаноўныя госці, нашчадкі майстра: ягоны ўнук Расціслаў Уладзіміравіч ды праўнук Уладзімір Расціслававіч.    

З сябрамі Беларускай грамады, мастакамі цікавай інфармацыяй падзяліўся мой калега — Андрэй Пелін з Саюза мастакоў. Ён даўно вывучае дакументы пра творчасць і жыццё мастакоў з Бесарабіі ў Дзяржаўным архіве. І былі моманты, калі й для родзічаў мастака ён адкрываў факты невядомыя. У прыватнасці, іх здзівіла, што род Акушкаў, з якога быў Уладзімір Фульгенцевіч, меў сваю геральдыку, а значыць, быў шляхетным. Яшчэ важны факт: калі мастак жыў у Пецярбурзе, то быў у грамадзянскім шлюбе з дачкою генерала-двараніна. Яна ж атрымлівала дзяржаўныя грошы, на якія жыла ўся маладая сям’я. А ў ёй жа было трое дзяцей: дзве дачкі ды сын. І даследчыкі робяць выснову: калі б сам Уладзімір Акушка не лічыўся дваранінам, то не змог бы і ўсынавіць сваіх дзяцей, а жонка — не атрымлівала б з дзяржаўнай казны  тыя грошы...

Мастак Уладзімір Акушка 

Пра тое, чым адметны жывапіс і малюнкі мастака, расказала Людміла Тома — заслужаны дзеяч мастацтваў Малдовы, доктар мастацтвазнаўства, супрацоўніца Інстытута культурнай спадчыны Акадэміі навук Малдовы. А Вікторыя Ракачук, дацэнт-даследчык з таго ж інстытута, расказала пра творчасць сына Уладзіміра Фульгенцевіча — Расціслава. У Малдове ж яго таксама добра ведаюць: Расціслаў Уладзіміравіч Акушка (1897— 1966) — заслужаны дзеяч мастацтваў Малдаўскай ССР, ён савецкі, малдаўскі мастак. Майстар станкавай карціны, выкладаў у Мастацкім вучылішчы імя Ільі Рэпіна ў Кішынёве. 

Варта яшчэ дадаць, што Уладзімір Фульгенцевіч распрацаваў праграму-праект рэарганізацыі школы малявання ў Мастацкае вучылішча. Таму, дарэчы, на помніку мастака так і напісана: “Основатель художественного училища г. Кишинёва”. Знак пашаны малдаўскага народа на нашага супляменніка — і кніга К. Радніна і Р. Акушкі “Владимир Фульгентьевич Окушко. Педагог и художник”. Яна выйшла у Кішынёве ў 1962-м: да сотых угодкаў мастака. Таму на вечарыне мы гаварылі: было б вельмі добра, каб і ў Беларусі яе перавыдаць. Можа ў серыі “Знаменитые художники из Беларуси”, якую выдае Нацыянальны мастацкі музей? Тады імя вядомага ў Малдове мастака вернецца і ў Беларусь. Бо, на жаль, на Бацькаўшчыне пра яго ды пра жывых ягоных нашчадкаў пакуль што ведаюць — адзінкі.

Пад час імпрэзы мы глядзелі й цікавы відэаматэрыял — з працамі абодвух мастакоў: бацькі ды сына. І спецыяльна да дня нараджэння мастака быў зроблены прыгожы торт. Ён, а таксама смачная гарбата — гэта прыемны сюрпрыз ад гаспадароў БКЦ, кампаніі “Керамін” ды кіраўніцы цэнтра Ганны Бабінай.

Мастак беларускага паходжання пахаваны ў Кішынёве на гарадскіх могілках: іх называюць Армянскімі, бо вуліца Армянская там даводзіць да варот. Быў час, калі я каго ні пытаў з мясцовых мастакоў, то аніхто ж не ведаў, дзе пахаваны Уладзімір Фульгенцевіч Акушка. І вось, памятаю, якраз 1 студзеня 2014 года ранкам паехаў я ў майстэрню. Выйшаў тады на чацвёртым прыпынку ад хаты (а ўвогуле да майстэрні мне ехаць ажно 13 прыпынкаў), каб прайсціся праз старыя гарадскія могілкі. Яны невялікія. І ўжо праз сорак метраў натрапіў на магілу Акушкі. Тады я здзівіўся ды парадаваўся, што знайшоў тое, што шукаў. Зацёрты надпіс паднавіў, калі праходжу праз могілкі, гляджу, ці ўсё там у парадку. Паказаў нашым беларусам. І кветкі да магілы ўскладаем: помнім! Арыенціры: ад уваходу на могілкі за кінатэатрам “Gaudeamus” рухаемся ў бок царквы, магіла — метраў праз 80 з правага боку.

Ёсць у паўднёва-ўсходняй частцы горада і рымска-каталіцкія могілкі (па вуліцы Валя Трандафірылор, былой Азоўскай), якія па даўняй традыцыі называюць Польскімі. На іх пахаваны сын і дачка мастака. У інтэрнэце, у прыватнасці, знаходзім апісанне магіл: “Окушко (Okuszko) Ростислав Владимирович (1887—1966), художник, сын Владимира Фульгентьевича Окушко (1862—1919), основателя Кишиневской рисовальной школы. Надгробная плита из гранитной крошки, в общей ограде с несохранившимися надгробиями”. А тут, пэўна, гаворка пра магілу дачкі майстра: “Окушко-Алхазова Екатерина Владимировна (?), дочь В. Ф. Окушко (?). Кишиневский архитектор, работала в межвоенные годы. Простое надгробие из мраморной крошки. Художественной ковки ограждение”. Зрэшты, звесткі яшчэ трэба будзе ўдакладніць.

Крыху пра ўнука майстра: ён быў на вечарыне. Пра яго ёсць артыкул у даведніку  “Сузор’е беларускага памежжа” (2014), пішацца, што Расціслаў Уладзіміравіч Акушка — дацэнт Прыднястроўскага дзяржуніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, дэкан медфакультэта. Не запытаў я, ці працуе яшчэ, а ўзрост паважаны. Праўнук мастака даў візітку, чытаем: “Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Міністэрства замежных спраў. Саветнік Упраўлення па краінах СНД”.


Вячаслаў Ігнаценка, мастак, г. Кішынёў


Ад рэдакцыі. 
На адным з сайтаў па гісторыі Ашмянаў знаходзім шкадаванне аўтараў, што пра знакамітага ў Малдове мастака-беларуса Уладзіміра Акушку не ўзгадваецца ў кнізе “Памяць. Ашмянскі раён”. Што ж, стваралася — у савецкі час, калі ўсе этнасы паціху раствараліся ў вызначэнні “единый советский народ”. Далей падаецца: “Уладзімір Фульгенцэвіч Акушка (Vladimir Ocuşco) — знакаміты мастак рэалістычнага напрамку, педагог, заснавальнік малдаўскай школы мастакоў. Нарадзіўся 7 лютага 1862 года ў Ашмянах, дзе і правёў дзіцячыя і юнацкія гады”. Сцвярджаецца, што да апошніх гадоў жыцця ён працаваў выкладчыкам, а пасля дырэктарам школы малявання. І што за час ягонай працы школа значна павялічылася, былі заснаваныя навучальна-метадычны музей і бібліятэка па мастацтве. Называецца шэраг вядомых у Малдове і свеце вучняў школы, і што Уладзімір Фульгенцэвіч маляваў галоўным чынам пейзажы. Яго творы прысвечаны прыродзе Малдовы, сельскай працы, старому Кішынёву, а таксама Швейцарыі — якую ён наведаў у 1904 годзе. А вось інфармацыю пра родавыя карані варта й працытаваць: “Бацькам Уладзіміра, хутчэй за усё, быў пісьмавод дваранскай апекі ў Ашмянскім павятовым судзе Фульгенцій Феліцыянавіч Акушка. Звесткі пра яго захаваліся ў Памятных кніжках Віленскай губерні з 1853 па 1863 гады. За той час ён з калежскага рэгістратара (XIV клас, апошняе месца ў знакамітай расійскай “табели о рангах”) даслужыўся да тытулярнага саветніка (IX).

Таксама ў Памятнай кніжцы Віленскай губерні за 1863 год згадваецца Вікенцій Феліцыянавіч Акушка — губернскі сакратар (XII), бухгалтар ашмянскай гарадской ратушы. Гэта, магчыма брат Фульгенція”.

Мяркуем, гэта даволі важныя падказкі для тых, хто будзе шукаць родавыя карані мастакоў Акушкаў — слынных беларусаў у Малдове. Дарэчы, у тэксце з 2002 года “Династия Окушко” Таццяны Мігулінай пра юбілейную выставу ў Кішынёве Уладзіміра і Расціслава Акушкаў гаворыцца: было прадстаўлена каля 100 твораў жывапісу і графікі, у розных жанрах. Такая важкая творчая спадчына супляменнікаў-падзвіжнікаў, несумненна, заслугоўвае ўвагі й на іх гістарычнай Бацькаўшчыне. Тым болей, што спецыялісты называюць Уладзіміра Акушку заснавальнікам малдаўскага выяўленчага мастацтва: дзякуючы ў тым ліку й яму колькасць вучняў Школы малявання ў Кішынёве вырасла з 17 (1897 год) да 300 у 1907-м! У прыватнасці, са сцен школы выйшлі вядомыя майстры П. Шылінгоўскі (графік і жывапісец, прафесар Акадэміі мастацтваў), А. Пламадзялэ (скульптар, выхаванец Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства), А. Бразер (гэта заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, былы дырэктар Мінскага мастацкага вучылішча), В. Несцераў (выкладчык Адэскага мастацкага інстытута, які доўгія гады быў старшынёй Саюза мастакоў горада Адэсы),  П. Ваксман (скульптар, які закончыў акадэмію мастацтваў у Парыжы). Вось якое сузор’е талентаў! І ўсе яны з Акушкінскага гнязда: пачыналі шлях у мастацтва з ягонай школы.

Уладзімір Фульгенцевіч надаваў велізарнае значэнне эстэтычнаму выхаванню гараджан, таму і ў дакладзе ў гарадскую Управу ў 1907 годзе прапаноўваў стварыць Мастацкі музей, распачаць пабудову будынка пад яго. У 1918-м майстар сам распрацаваў праграму-праект пераўтварэння Школы малявання ў Мастацкае вучылішча, і якраз ягоны таленавіты вучань Аляксандр Пламадзялэ стаў ягоным першым дырэктарам. І сын Расціслаў прадаўжаў справу бацькі — выкладаў, займаўся жывапісам і графікай. Ягоныя вучні таксама прайшлі выдатную школу майстэрства, дасягнулі вышынь у мастацтве.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter