Не згасне наша памяць

Тая сустрэча з дзедам была мне першым напамінкам аб вайне

…Тата ўзяў мяне за руку і са словамі «Пайшлі, пакажу табе дзеда» павёў мяне ў парк, які зусім нядаўна пасадзілі аднавяскоўцы. Я ішоў і думаў: «Як жа я магу пабачыць дзеда, які загінуў у вайну?»

У самым цэнтры парку стаяў вялікі бетонны блок, які, відаць па ўсім, застаўся пасля будаўніцтва. На ім быў ужо ўмацаваны гранітны слуп, вакол якога шчыраваў дзядзька Сцяпан. Мы падышлі бліжэй. Быў я тады мо класе ў другім, таму без цяжкасцей ужо мог прачытаць надпіс, які акуратна зубілам высякаў дзядзька: «Яны змагаліся за Радзіму». У чацвёртым радку зверху і значылася знаёмае прозвішча — Дубовік А.С. Вось так адбылося знаёмства з дзедам, Антонам Сямёнавічам, якога пабачыць жывым мне не было наканавана лёсам. Ён загінуў напрыканцы вайны, пакінуўшы пра сябе светлую памяць.

У хуткім часе ўся краіна будзе адзначаць сямідзесяцігоддзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікая і святая дата. Беларусь, бадай, адна з нямногіх краін свету прыкладае велізарныя намаганні, каб захаваць у памяці нашчадкаў той велічны подзвіг, які здзейсніў у пару ваеннага ліхалецця наш народ. У школах праводзяцца дні памяці і мужнасці, ветэранаў шануюць і паважаюць, помнікі і абеліскі дагледжаны, пошукавыя атрады да гэтага часу знахо-дзяць і вяртаюць імёны салдатам, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. Высакародная справа працягваецца, і гэта ўсяляе ўпэўненасць, што мы ніколі не будзем называцца Іванамі без роду і племені.

Тая сустрэча з дзедам была мне першым у жыцці напамінкам аб вайне. Другі раз, ужо крыху пазней, сваёй хлапечай душой зразумеў, што такое вайна, калі наш клас павезлі на экскурсію ў Мінск, каб наведаць музей Вялікай Айчыннай. Экспанаты ўразілі настолькі, што да гэтага часу стаяць перад вачыма тыя партызанскія зямлянка і майстэрня, у якой выплаўлялі тол і рамантавалі зброю, аўтаматы і кулямёты, гарматы з такімі вялікімі снарадамі. І яшчэ чамусьці запомніліся зробленыя з саломы боты ці чуні, якія нямецкія вартавыя, каб абараніцца ад сцюжы, надзявалі на ногі. Пасля экскурсіі, памятаю, пісалі сачыненне на гэтую тэму. Не ведаю чаму, але менавіта мой допіс зачытаў пасля ў класе выкладчык беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Мітрафанавіч. Тады было незразумелым, а цяпер ужо можна нават і не здагадвацца, чаму былы франтавік, каб не заўважылі дзеці, краёчкам далоні выціраў вочы… Напамінак аб вайне быў для яго настолькі балючым. Але што мы, дзятва, тады разумелі? Гэты і іншыя факты настолькі ўрэзаліся ў памяць, што на ўсё жыццё стаў самым зацятым ворагам вайны. І такіх з майго пакалення шмат і шмат.

Новы музей Вялікай Айчыннай вайны, які хутка адкрыецца ў Мінску, стане, спадзяюся, самым моцным фактарам, які будзе спрыяць таму, каб маладыя на-шчадкі Перамогі былі заўжды пільнымі і бераглі мір. А ён, як мы бачым на прыкладзе суседняй краіны, бывае настолькі безабаронным, што дастаткова, як аказалася, нязначных намаганняў з боку, каб яго парушыць. І колькі спатрэбіцца часу і высілкаў, каб яго аднавіць і трывала ўсталяваць, цяпер дакладна ніхто і не скажа. Дык трэба памятаць пра гэта. Мы — памятаем.

У час нядаўняй размовы з ветэранам Вялікай Айчыннай Генадзем Уладзіміравічам Юшкевічам ён паказаў мне сваё святая святых — ашчадна захоўваемую папку з дакументамі ваеннага часу, якую беражліва захоўвае. Гэта было сапраўднае дакрананне да той пары. Некаторыя паперкі пажоўклыя ад часу, а іншыя выглядалі зусім новымі. Генадзь Уладзіміравіч растлумачыў, што гэта копіі, а арыгіналы знаходзяцца менавіта ў новым музеі, дарэчы, на ўрачыстае адкрыццё якога ён ужо атрымаў запрашэнне. Акрамя дакументаў, там, праўда яшчэ ў старым будынку, экспанаваліся яго чырвонаармейская кніжка, компас і… куля, якая прызначалася яму. У час вайны, калі іх група знаходзілася ва Усходняй Прусіі, камандзір Іван Мельнікаў паспеў на імгненне апярэдзіць немца, які цэліўся ў Юшкевіча. Потым, разрадзіўшы парабелум, дастаў з магазіна кулю і аддаў яе Генадзю. На, маўляў, на памяць, гэта — твая куля. Толькі адзін, на першы погляд, нязначны эпізод вайны, а як многа ён значыць для старога салдата і для нас таксама. А такіх экспанатаў у музеі безліч. І за кожным — жывыя людзі, жывая гісторыя. І цяпер ветэрану вельмі цікава даведацца, ці будзе дэманстравацца ў экспазіцыі гэтая самая куля, якая ледзь не забрала ў яго жыццё.

Сціплы абеліск у вёсцы, на якім высечана прозвішча майго дзеда, мабыць, не будзе азначаны ў новым музеі. Такіх шмат па ўсёй краіне. Ад Антона Сямёнавіча не засталося нават фотаздымка. Але ў гадавіну з дня вызвалення і сюды лягуць свежыя кветкі ад тых, хто памятае, якой цаной здабывалася Вялікая Перамога. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter