Два фильма про любимых артистов покажет канал ОНТ

Не згасаюць зоркі

Дакументальныя фільмы да юбілеяў дваіх выдатных артыстаў у гэтыя выхадныя пакажа тэлеканал АНТ. На экране — шчырыя і раней не апублікаваныя ўспаміны і інтэрв’ю. 

Клоўн у спадніцы

Гаворачы пра Любоў Палішчук, можна і не ўспомніць нейкага аднаго галоўнага фільма ў яе кар’еры, ды і саміх галоўных роляў было ў яе не так шмат, але актрысу не проста ведаюць — абыякавых да яе няма. Кожная яе работа ператваралася ў  незабыўны нумар, а слава прыйшла пасля прэм’еры карціны «12 крэслаў», дзе 27-гадовая актрыса знялася ў ролі ракавой танцоркі. 

Слава да Любові ПАЛІШЧУК прыйшла ў 1976-м пасля карціны «12 крэслаў».
kino-teatr.ru

Яна не баялася быць смешнай на экране. «Клоўн у спадніцы», — казалі пра яе калегі. Актрысу часта запрашалі ў кіно на музычныя эпізоды — яна была вельмі пластычная! Любоў Палішчук прыйшла ў кіно з мюзік-хола — яркая, высокая дзяўчына была калісьці зоркай маскоўскага вар’етэ.

Дзіўна, што пры ўсёй сваёй прыгажосці — арганічнай і непаўторнай — актрыса не лічыла сябе вартай асаблівай мужчынскай увагі і нават гублялася, калі да яе праяўлялі цікавасць. Магчыма, менавіта з-за гэтага мужчыны і цягнуліся да Любы. Але, на жаль, ні жаноцкасць, ні талент, ні прыгажосць не гарантуюць асабістага шчасця. Вось і Любоў Палішчук пабудавала сапраўдную сям’ю далёка не з першай спробы... Першым мужам быў калега па мюзік-холе — акцёр Валерый Макараў, ад якога актрыса нарадзіла сына Аляксея. Яны пражылі пяць гадоў. У другі раз Палішчук выйшла замуж толькі праз 12 гадоў пасля разводу — за мастака Сяргея Цыгаля — і нарадзіла яму дачку. З Сяргеем яна пражыла да канца сваіх дзён і была абсалютна шчаслівая. Але ў Палішчук быў яшчэ адзін шлюб — грамадзянскі, пра які яна сама ніколі публічна не расказвала. Актрыса некалькі гадоў пражыла з выканаўцам цыганскіх песень Уладзімірам Клімашэнкам. Пра той час ён упершыню раскажа з экрана ў дакументальным фільме «Любоў Палішчук. Апошняе танга».

Народная артыстка Расіі Любоў Палішчук пайшла з жыцця на 58-м годзе пасля цяжкай хваробы. 21 мая ёй споўнілася б 70. Фільм пра яе — у тэлеэфіры 19 мая.

Па пяць, але ўчора

Раман Карцаў — выдатны комік, чалавек маленькага росту, але з вялікім пачуццём гумару. Каму яшчэ ўдавалася такое — дзесяцігоддзямі выконваць нумар пра ракаў для гледачоў, якія ведалі яго даслоўна, і нязменна выклікаць смех! Праславіўся Раман Карцаў і ў кіно. Яго роля Швондэра ў фільме «Сабачае сэрца» па праве лічыцца адной з лепшых. 20 мая — 80 гадоў з дня нараджэння артыста.

Гаманкі на публіцы, у жыцці Раман КАРЦАЎ быў даволі замкнёным чалавекам.
yandex.by

Жыццё Карцава не было ўсеяна ружамі. Ні ў адну ВНУ яго не бралі, з працы выганялі, а колькі дзяўчат адмовілі на яго сумленны заклік «выходзь за мяне!». Так, не высокі бландзін з блакітнымі вачыма, а зусім наадварот, але ён усё ж знайшоў сваё шчасце. Будучую жонку Вікторыю сустрэў у Адэсе. Яна танцавала ў кардэбалеце. Была вышэй за Карцава на цэлую галаву. Калі закаханыя абвясцілі, што хочуць ажаніцца, — што тут пачалося! З аднаго боку крыкі: «Што, ва ўсёй Адэсе не знайшлося сімпатычнай яўрэйкі?!» З другога: «Што, няма нармальных рускіх хлопцаў?» І ніхто тады ўявіць не мог, што гэта тое самае каханне, пра якое кажуць: на ўсё жыццё.

Малы, Сухі і Пісьменнік. Так у закуліссі называлі Карцава, Ільчанку і Жванецкага. Яны сышліся, як элементы аднаго пазла. Тэмпераментам, менталітэтам, талентам. Разумелі, адчувалі адзін аднаго без слоў. Усе тры — сапраўдныя адэсіты. Яны не лічылі свае хіты эстраднымі нумарамі, выключна спектаклямі, няхай сабе і на некалькі хвілін. Дзякуючы менавіта гэтым гумарыстычным сцэнкам Карцаў атрымаў усесаюзную папулярнасць.

Гаманкі на публіцы, у жыцці ён быў даволі замкнёным чалавекам, патаемнае трымаў пры сабе. Але незадоўга да смерці (артыста не стала летась) расказаў пра ўсё ў вельмі асабістым інтэрв’ю здымачнай групе дакументальнага фільма «Раман Карцаў. Чаму не, калі так!».

Што развяло яго з вялікім Аркадзем Райкіным? Як ён выйшаў на сцэну пасля смерці Віктара Ільчанкі? Чаму забараніў дачцэ ісці ў актрысы? Што думаў пра ролі сына ў кіно? І чаму перастаў усміхацца? 

Прэм’ера фільма — 18 мая. Апошняе інтэрв’ю артыста гледачы ўбачаць упершыню. 

Ірына ЮР’ЕВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter