
На вадасховішчы добраўпарадкавана некалькі пляжаў. Ёсць дзіцячыя і валейбольныя пляцоўкі, веладарожкі, кафэ са столікамі і парасонамі, альтанкі для аматараў шашлыкоў, пляцоўка з трэнажорамі. Наведвальнікаў на пляжы хапае. Праўда, большасць з іх загарае, купаюцца нямногія.
— Вада вельмі цёплая! — пераканаўча запэўнівае хлопчык гадоў дванаццаці і ў пацвярджэнне сваіх слоў хвацка нырае. Вынырнуўшы, дадае: — Толькі з вады вылазіць холадна!

Дзеці сцвярджаюць, што вада вельмі цёплая
Тэмпература вады, дарэчы, усяго 19 градусаў.
Куды ні глянь — усюды адпачываюць. Хто загарае да чырвані, хто хаваецца ў цяні дрэў.
— Хіба гэта шмат людзей?! — не згаджаецца са мной Георгій Жаброўскі, начальнік выратавальнай станцыі. — Вось калі тут 7 тысяч чалавек ляжыць, тады шмат!

За парадкам на пляжах пільна сочыць нарад АМАПа. Моцныя хлопцы абыходзяць тэрыторыю, асаблівую ўвагу надаючы альтанкам, дзе ладзяць шашлык, — менавіта там звычайна ўжываюць спіртныя напоі, а гэта на пляжы забаронена. Тыя, каго надта замучыла смага, могуць выпіць кухаль піва за столікам летняга кафэ, а больш моцныя напоі тут не дазваляюцца. Дзеля бяспекі саміх жа адпачывальнікаў.
— Раней было страшна! — успамінае Георгій Жаброўскі. — П’яныя адзін аднаго цягнуць у ваду, не паспяваеш сачыць за імі. Пакуль аднаго тапельца ратуеш, побач яшчэ двое ў ваду лезуць! Памятаю, ляжыць цела на беразе, а яго таварышы побач падымаюць чаркі за спачын душы… Зараз жа іншая справа: міліцыя патрулюе пляжы і востраў да поўначы. І людзі рады, што могуць спакойна адпачываць.

Хто купаецца, хто ладзіць шашлык...
Нецвярозыя грамадзяне не адзіная праблема выратавальнікаў. Шмат клопату, кажа Георгій, дастаўляюць аматары заплываў:
— Ёсць некалькі месцаў, дзе да процілеглага берага, здаецца, рукой падаць. Вось бравада і гоніць некаторых наперад. А праплысці трэба метраў 150—200, да таго ж на тым беразе адпачыць няма дзе: дрыгва, чарот. Даводзіцца ратаваць плыўцоў…

Георгій ЖАБРОЎСКІ, начальнік выратавальнай станцыі, ведае ўсе куточкі і глыбіні вадасховішча
Ля выратавальнай станцыі ў пастаяннай гатоўнасці гойдаецца на хвалях катар. Перыядычна на ім робяць аб’езд, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку. Калі людзей шмат, даводзіцца выходзіць на ваду праз кожныя 10—15 хвілін: заўсёды знойдуцца жадаючыя заплысці за буйкі альбо пакатацца на плыце або надзіманым матрацы. А гэта небяспечна: глыбіня Цнянскага вадасховішча даволі значная і ў некаторых месцах дасягае 10 метраў.
Апрануўшы выратавальныя камізэлькі, адпраўляемся ў аб’езд. І літаральна праз некалькі хвілін бачым парушальніка: мужчына сярэдніх гадоў заплыў даволі далёка за буйкі. З патрабаваннем вярнуцца да берага не спрачаецца, хутка паварочвае назад. Гэтак жа робяць падлеткі, якія выйшлі ў «адкрытае мора» на надзіманым матрацы.

Станцыя працуе кругласутачна, але на ноч на ёй застаюцца толькі матрос і матарыст. Няма гарантыі, што ў цемры яны здолеюць хутка знайсці тапельца. Між тым чалавека можна выратаваць, калі ён правёў пад вадой у сярэднім 5 хвілін. З гэтым тэрмінам звязана так званая зона выратавання, якая складае каля 650 метраў: хвіліна для руху катара, астатні час — каб знайсці чалавека, дастаць з вады і рэанімаваць. Гэта павінны памятаць аматары начных заплываў…