Кредитные долги белорусов на 1 февраля 2019 года вышли на очередной рекорд - почти 12 миллиардов рублей

Не застацца ў даўгах як у шаўках

Махавік крэдытавання насельніцтва пакрысе раскручваецца. Паводле звестак Нацбанка, крэдытныя даўгі нашых грамадзян на 1 лютага бягучага года выйшлі на чарговы рэкорд — амаль дванаццаць мільярдаў рублёў. Так, на згаданы перыяд фізічныя асобы пазычылі ў банках 11 мільярдаў 728,6 мільёна рублёў (на 132,2 мільёна больш, чым месяцам раней). Гэта ў асноўным спажывецкія крэдыты, сродкі на набыццё жылля і новых аўтамабіляў, афармленне разнастайных картак растэрміноўкі. Леташні аналагічны паказчык быў ніжэйшы, але мяжа крэдытавання ў 10 мільярдаў рублёў была пераадолена фінансавымі ўстановамі Беларусі яшчэ ў чэрвені, а ў 11 мільярдаў — у лістападзе мінулага года.

Фото pixabay.com

Для параўнання: даўгі грамадзян па спажывецкіх крэдытах на 1 снежня 2018-га выраслі да 4 мільярдаў 441,6 мільёна рублёў. Крэдыты на нерухомасць на пачатак гэтага ж месяца склалі 7 мільярдаў 286,9 мільёна. А ўжо ў лютым бягучага года запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах дасягнула 4,47 мільярда (рост, праўда, атрымаўся мінімальным з вясны 2017-га — на 0,8 працэнта, альбо на 37,7 мільёна рублёў). Як бачым, дзве траціны ад згаданага аб’ёму складае жыллёвае крэдытаванне, астатняя частка — спажывецкія крэдыты на тавары і іншыя патрэбы грамадзян.

Аднак трэба памятаць і тое, што моцны штуршок спажывецкае крэдытаванне насельніцтва ў Беларусі атрымала яшчэ ў 2017 годзе, і яно доўжыцца дагэтуль. Дарэчы, як мы памятаем, увесну 2017-га ў нашай краіне была спынена норма, калі фізічным асобам для атрымання крэдытаў неабходна было прадстаўляць банкам даведку аб сваіх даходах. Роўна год пасля гэтага захоўваўся вялікі рост спажывецкіх крэдытаў — штомесяц больш чым на 100 мільёнаў рублёў.

Сталае жаданне людзей вырашаць уласныя жыццёвыя пытанні з дапамогай крэдытаў (запазычаных фінансавых рэсурсаў з працэнтамі) і цяпер выклікае занепакоенасць сярод спецыялістаў банкаўскай галіны (хоць гэта для іх і прыбытковы бізнес). Так, тэма крэдытнай актыўнасці грамадзян абмяркоўвалася ў студзені галоўным банкам нашай краіны. Паводле слоў намесніка старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрыя Калечыца, сітуацыя на рынку рознічнага крэдытавання выклікае пэўную заклапочанасць: хуткі рост спажывецкага крэдытавання ў Беларусі, калі згаданая тэндэнцыя захаваецца, патэнцыяльна можа стаць крыніцай сістэмнай фінансавай рызыкі.

Нагадаю таксама, што для большага кантролю за магчымасцямі грама-дзян з 1 мая 2018 года нацыянальны фінансавы рэгулятар (Нацбанк) увёў новыя правілы крэдытавання для фізічных асоб. Зараз банкі разлічваюць для ўсіх патэнцыяльных атрымальнікаў крэдытаў каэфіцыент даўгавой нагрузкі, які не павінен перавышаць 40 працэнтаў месячнага даходу крэдытаатрымальніка. Вердыкт фінансавых аналітыкаў з нагоды гэтага: любыя абмежаванні для працы банкаў не садзейнічаюць дасягненню існуючага рынкавага патэнцыялу. Да таго, з 29 кастрычніка мінулага года заканадаўцы ўнеслі змяненні ў Банкаўскі кодэкс: напрыклад, фінансавым установам забаранілі ў аднабаковым парадку змяняць працэнтныя стаўкі па выдадзеных крэдытах, а таксама прымусова прапаноўваць кліенту дадатковую паслугу (без права выбару).

Прагнозы на 2019 год розныя. Напрыклад, у БПС-Сбербанку лічаць, што рынак спажывецкага крэдытавання сёлета вырасце на 20 працэнтаў, але шэраг эканамістаў, наадварот, упэўнены ў яго зніжэнні адносна 2018-га.

Што датычыцца ўкладаў насельніцтва ў айчынных банках, то іх сярэдні памер, як піша БЕЛТА, спасылаючыся на штоквартальнае даследаванне па праграме “Ведай свайго кліента”, сёння вырас і складае 8,62 тысячы рублёў. Па-ранейшаму доля зберажэнняў у замежных валютах пераважае ў агульным аб’ёме ўкладаў (76,7 працэнта).

А як жа ставяцца да крэдытаў нашы расійскія суседзі? Па інфармацыі Нацыянальнага бюро крэдытных гісторый Расіі, па выніках 2018 года сярэдні памер пазыкі, выдадзенай грамадзяніну РФ на набыццё тых альбо іншых тавараў, у параўнанні з 2017-м павялічыўся на 31,6 працэнта, ці на 43,5 тысячы рублёў (прыкладна 181 тысяча расійскіх рублёў на чалавека). Банк Расіі канстатуе, што за мінулы год запазычанасць расіян перад банкамі ўзрасла на 22,8 працэнта — да 14,9 трыльёна расійскіх рублёў. У параўнанні з 2017-м тэмпы росту крэдытавання насельніцтва ўзраслі амаль удвая: тады гэты паказчык складаў 13,2 працэнта.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter