Пружанская «Смоляночка» -- собиратель и хранитель местных традиций, обрядов и фольклора

Не забыцца пра карані

Навасёлкаўскі сельскі дом культуры Пружанскага раёна самі работнікі называюць палацам. Па вясковых мерках гэта сапраўды велізарны будынак, такому размаху архітэктараў пазайздросцяць нават многія райцэнтры. Але ці адпавядае знешняя абалонка таму, што ёсць унутры? Чым жыве культурны ачаг, чым цікавым можа пахваліцца? Аб гэтым карэспандэнт «СГ» даведалася ад дырэктара СДК Таццяны Харытановіч.



У геаграфічных назвах вёсак, з якімі звязана гісторыя сельскага Дома культуры, можна спачатку заблытацца. Размешчаны ён у аграгарадку Кабылаўка, завецца Навасёлкаўскі, па назве вёскі, дзе дзейнічаў раней, а звязаны са Смаляніцай. Менавіта ў апошняй у 1981 годзе тагачасны загадчык сельскага клуба Зінаіда Карпыза стварыла фальклорны гурт з ліку карэнных смаляніцкіх аматараў народнай песні. Канкрэтнай назвы ў калектыву доўга не было, хто казаў «Чараўніцы», хто «Смаляніцкія бабы» (на мясцовым дыялекце націск на апошні склад, але з’яўляецца сінонімам слова «жанчына»). Акрамя песень, якія не толькі перапявалі, але і змаглі сабраць самі ў мясцовых сталых жанчын, гурт займаўся адра­джэннем традыцыйных побытавых танцаў, казак, гульняў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нацыянальнай кухні. Праз 7 гадоў да яго прыйшоў Анатоль Харытановіч у якасці акампаніятара. Там жа спяваў і іграў на гармоніку яго бацька Уладзімір Харытановіч, потым прыйшла жонка, а яшчэ пазней і дачка Аляксандра. Так што Таццяна Міхайлаўна не толькі дырэктар і адна з удзельніц гурта, але па сумяшчальніцтве — нявестка, жонка і маці сама­дзейных артыстаў:

— Сама з Ляхавіч, у Смаляніцу замуж пайшла 30 гадоў назад. Сутыкнулася з тым, што мясцовы дыялект, на якім тут размаўлялі і спявалі, адрозніваўся ад ляхавіцкага. Смешна казаць, прыйшлося вучыць мясцовыя цягучыя «оканні» і «аканні». Спяваю ў гурце больш за 10 гадоў, ужо навучылася. Прапанавала некалі даць назву, атрымалася «Смаляначка». У 2012 годзе старэнькі клуб у Навасёлках зачынілі, і мы перасяліліся ў Кабылаўку, але назва не змянілася. У якасці дырэктара прыняла Дом культуры ў 2018-м. Разумела, у спадчыну перайшла вялікая адказнасць — захаваць і ўтрымаць тое, што стваральнік і ўдзельнікі збіралі на працягу 27 гадоў. З 2008-га «Смаляначкай» кіруе Анатоль Харытановіч, а фальклорны калектыў пераўтварыўся ў аматарскае аб’яднанне. Кіраўнік — вопытны гарманіст і баяніст, лаўрэат абласнога тура Рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі-2018», у якога за плячыма тры дзясяткі гадоў працы ў культуры.
Анатоль і Таццяна ХАРЫТАНОВІЧЫ
У 2018-м абаранілі званне «народны». За 37 гадоў існавання калектыў змяніў тры саставы. Са старэйшых удзельнікаў засталася Людміла Яроцкая. Да яе Таццяна Міхайлаўна ставіцца з павагай:

— У рэпертуары не менш трох дзясяткаў песень, у тым ліку акапэльных, якія паспелі своечасова запісаць і захаваць. І галоўная заслуга ў гэтым менавіта Людмілы Міхайлаўны. Яна мясцовая, сапраўдная захавальніца традыцыйных бытавых танцаў і песень. Наша каравайніца, навучылася выпякаць яшчэ ў дзяцінстве. Людміла Міхайлаўна захавала старыя народныя касцюмы, якім больш за сто гадоў! Іх збераглі мясцовыя жанчыны, захоўваючы ў куфрах сваіх бабуль. Гэта адзенне мала куталі (мылі), каб не зацерці да дзірак, а пасля свята беражліва складвалі ў скрыні. Дарэчы, гэты чалавек кіруе студыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Пацешкі», на ткацкім станку дзеці вучацца ткаць ходнікі. Ізноў жа, усе вырабы падпісаны на мясцовым дыялекце, таму не кожны зразумее тыя словы. А маленькім трэба ведаць сваё, карэннае.

ДЗЯКУЮЧЫ намаганням такіх зацікаўленых людзей удалося сабраць так званы смаляніцкі строй. Каб захаваць арыгіналы, для выступленняў Людміла Яроцкая вышыла ўзорамі і кветкамі другія канцэртныя касцюмы. «Пацешнікі» шыюць з анучак безаблічных лялек, апранутых у адзенне мясцовага строю. Унутр засыпаюць проса, зерне, гарох, каб уладальнік жыў у дабрабыце.

Зараз у аматарскім аб’яднанні 11 удзельнікаў. На некаторыя старыя песні з цягучай і сумнай мелодыяй Анатоль Харытановіч зрабіў аранжыроўку, каб гучалі весялей. Амаль усе выступленні «Смаляначка» заканчвае любі­май ёю і слухачамі — «На камыне ногі мыла».

Асаблівае месца займаюць традыцыйныя мясцовыя танцы. У той жа Смаляніцы паспелі іх запісаць у жанчын, многія з якіх ужо пайшлі з жыцця. «Гапак тройкамі», «Ночка», «Каробачка», «Нарэчанька», «Лысы», «Кракавяк», «Полька з падскокам», «Цыганачка»… А танчаць іх у гэтай вёсцы па-свойму. Некалькі разоў праводзіліся майстар-класы па народных танцах разам з членамі навуковай экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і кіраўніком узорнага фальклорнага танцавальнага калектыву «Верабейкі» Любанскага цэнтра культуры і вольнага часу Сяргеем Выскваркай.
Удзельніца і каравайніца «Смаляначкі» Людміла ЯРОЦКАЯ


— Здавалася б, што можа быць рознага ў беларускіх танцах? — разважае Таццяна Міхайлаўна. — Але Сяргей Георгіевіч паказвае нам свой з адной назвай, а ў нас ён называецца «Лысы». Элементы адрозніваюцца, нават крок у бок іншы. Заўважылі, у парным танцы: у мужчыны было іншае становішча рукі. У Любанскім раёне, напрыклад, кавалер проста трымаў дзяўчыну за талію, а на Пружаншчыне ён фіксаваў далонь на яе спіне рубам. Вось вам і розніца. Каб не згубіць тое, што нароблена, да творчасці прыцягваем маленькіх дзетак, гадоў з сямі-васьмі. Пачынаем з танцаў, бо дзецям складана растлумачыць, што такое дыялект. Запрашаем усіх, усім рады, але хочацца, каб гучала сваё, мясцовае. Песні з малымі пачнём вывучаць гады праз два. Як бальзам да душы быў момант, калі на мінулым выпускным школьным вечары дзеці пад акампанемент баяна самі захацелі праспяваць фальклорную песню «Ехаў бацька па лучыну». Значыць, наша праца не праходзіць дарма.

Канцэртнымі пляцоў­камі самадзейных артыстаў неаднойчы станавіліся сцэны раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. Дыпломы ўдзельнікаў, лаўрэатаў і пераможцаў прывозілі з міжнароднага кулінарнага конкурсу «Суседзі за сталом», які праходзіў у Польшчы, Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур», абласнога свята гумару «Спораўскія жарты». Ім апладзіравалі гледачы «Свіслацкага кірмашу», «Ружанскай брамы», «Таночка», «Хмелеўскай Сёмухі», «Гамоняць пушчы беларускія», «Вясновага букета»… Калектыў адрадзіў сямейна-бытавыя абрады «Радзіны», «Вяселле», «Запускі», народнае свята «Саракі». Артыкулы і запісы аўтэнтычнага фальклору вёскі Смаляніца размясцілі ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» і шматтомніку «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Брэсцкае Палессе». Абрад «Запускі» гледачы змаглі ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 3» у праграме «Наперад у мінулае».

Канечне, Навасёлкаўскі СДК — гэта не толькі «Смаляначка» і «Пацешкі». Можна наведаць драматычны гурток, дарослую эстрадную студыю «Мара» і вакальную групу «Акцэнт», дзіцячыя гурткі выяўленчага мастацтва «Палітра», рукадзелля — «Вышыванка». Нават стварылі ўкраінскую вакальную групу «Валыняначка».

Работа Навасёлкаўскага сельскага дома культуры — прыклад беражлівага і паважнага стаўлення да сваіх продкаў і вытокаў. Калектывы, падобныя на «Смаляначку», на жаль, сустракаюцца не ў кожным раёне. Так глыбока да сваіх каранёў мала хто пранікае. Традыцыя ведаць і шанаваць мясцовую культуру была добра вядома папярэднім пакаленням і нярэдка забыта ў наш час. Некаторыя страцілі разуменне, навошта гэта трэба і для чаго, а таму зусім перасталі цікавіцца. Нават вяселлі ладзяць на новы лад, лічачы, што ўсё старое даўно аджыло і адышло ў мінулае. А вельмі хочацца, каб на канцэртах і святах гучала больш нашага. Беларускага і роднага!

Дырэктар Пружанскай клубнай цэнтралізаванай сістэмы Вольга ШЭПЕЛЬ:

— Дзякуючы нашым культ­работнікам, якія захоўваюць мясцовую традыцыйную культуру, мы можам перадаць яе маладому пакаленню. Многае, на жаль, згубілася. Для абмена вопытам у раёне праходзяць майстар-класы, дзе прысутнічаюць дырэктары СДК, загадчыкі клубаў, метадысты і кіраўнікі калектываў. Праводзяцца этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках, дзе яшчэ засталіся носьбіты мясцовых песень, танцаў, абрадаў. «Смаляначка» ўнікальная яшчэ тым, што сабрала і захавала рэцэпты страў мясцовай кухні.
chasovitina@sb.by

Фота з архіва Навасёлкаўскага СДК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter