Карэспандэнт «СГ» пабачыла, што адбывалася за кулісамі конкурса «Маладыя таленты Беларусi»

Не выбыць з гонкi. I стаць лаўрэатам

Карэспандэнт «СГ» пабачыла, што адбывалася за кулісамі конкурса «Маладыя таленты Беларусi»
ЗОРНЫ старт для юнага музыканта — удзел у сур’ёзным конкурсе, які дазваляе заявіць аб сабе. Калі пашанцуе, то і гучна. V Рэспубліканскі конкурс «Маладыя таленты Беларусi», які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, падыходзіць для гэтага як мага лепш. Ужо ў аўторак будуць узнагароджаны яго пераможцы. На якія хітрасці ішлі выканаўцы, каб уразіць журы, колькі кіламетраў прыйшлося пераадолець некаторым спевакам у пошуках славы і якія інтрыгі пляліся на дзіцячым конкурсе? Карэспандэнт «СГ» пабачыла на свае вочы, што адбывалася за кулісамі творчага спаборніцтва. 

 Мінскі ансамбль «Валошкі».

НА ТРЭЦІ, фінальны, этап адбору наўмысна я прыйшла раней — каб паглядзець на ўдзельнікаў не толькі са сцэны, але і па-за ёй. Уваходжу ў пакой, дзе чакаюць сваёй чаргі новыя таленты, знаёмлюся з самай маленькай прадстаўніцай намінацыі «Спадчына», дзесяцігадовай Палінай Хурсан з Салігорска. Яна вучыцца ў школе з музычна-харавым ухілам, спявае з першага класа, на яе рахунку ўжо з дзясятак перамог. Нягледзячы на такі багаты творчы багаж, відаць, перад чарговым выступленнем дзяўчынка хвалюецца: некалькі разоў пытаецца ў сваёй настаўніцы Іны Кажадуб, як лепш прадставіцца, як трымацца на сцэне. Нядзіўна, калі ўлічыць, што спявачка яшчэ дзіцё. 

— З кім са знакамітых спевакоў хацела б выступіць дуэтам? — пытаюся ў Паліны.

— З усімі, — з дзіцячай непасрэднасцю адказвае тая. — Мне ўсе спевакі падабаюцца. Аднак я выступаю з народнымі песнямі, а зараз больш папулярна эстраднае выкананне. Таму пару падабраць будзе складана. Хаця, думаю, Надзея Бабкіна мне падышла б. 


Даспадобы прыйшлося журы выступленне Уладзіслава ТАРАСЕНКІ.

Дзіўлюся густам маладога пакалення. Каго-каго, а Бабкіну ў спісе куміраў юных выканаўцаў прадставіць складана. А вось знешні выгляд наступнай канкурсанткі Паліны Бурло падказвае, што падабаецца ёй замежная спявачка Шакіра — такія ж прыгожыя доўгія завітыя валасы. Але не, дзяўчыне бліжэй народная музыка: «Мая любімая песня «Канапелькі». Яна атрымоўвае асаблівае гучанне ў сучаснай апрацоўцы. Калі выконваеш такі твор, нават не верыцца, што цудоўны тэкст і напеўную мелодыю мог прыдумаць не паэт, а звычайны селянін, — кажа Паліна з веданнем справы. — Менавіта таму эстрадны вакал у мяне на другім месцы». Паліна на такіх конкурсах — удзельнік бывалы. Прыходзілася ёй выступаць нават на дзіцячым «Славянскім базары» ў Віцебску. У кожнага з сёлетніх спевакоў багатая творчая біяграфія. Напрыклад, Паліна Муравіцкая і Патрыцыя Свіціна з Мінска штурмуюць сцэну радыйнага конкурсу ўжо другі раз. У прошлым годзе выступалі дуэтам. І, дарэчы, вельмі ўдала — сталі лаўрэатамі. Сёлета дзяўчынкі вырашылі паспрабаваць свае сілы паасобку. 

Разам са спевакамі ў народным жанры сёння выступаюць і музыканты-інструменталісты. Гэта група канкурсантаў адрозніваецца ад салістаў — у дзелавых касцюмах, з гальштукамі ды з мудрагелістымі інструментамі. Дзесяцігадовы Матвей Міткавец з Мінска, напрыклад, пакараць журы вырашыў віртуознай ігрой на кларнеце. Маленькі кларнетыст ужо аб’ездзіў шмат краін, выступаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Каўнасе. 


Самая маленькая спявачка фальклору Паліна ХУРСАН з Салігорска.

Не сакрэт, што такі конкурс — добры шанс гучна заявіць аб сабе. Таму прыклад — усім вядомыя спевакі Юрый Дземідовіч, Кірыл Ермакоў, Алена Ланская, Лідзія Заблоцкая, якія ў розныя гады станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі «Маладых талентаў». Да таго ж прэстыжны агляд дае магчымасць паказаць сябе не толькі эстрадным спевакам, але і фальклорным выканаўцам і музыкантам-інструменталістам. Для чаго і існуюць намінацыі «Спадчына» і «Інструментальная музыка». Аднак па-ранейшаму найбольш папулярны эстрадны вакал, акцэнтуе ўвагу загадчык аддзела музычных праграм галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і аўтар праекта Таццяна Якушава:

— Сёлета мы атрымалі рэкордную колькасць заявак — 310. У другі тур прайшлі 153 выканаўцы, у трэцім журы праслухала 90 фіналістаў. Па выніках гэтага тура будуць вызначаны лаўрэаты і ўладальнікі спецыяльных дыпломаў. 

ДЛЯ ТВОРЧАГА спаборніцтва Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў пляцоўку ў знакамітай Вялікай зале. Тут часта запісваюцца народныя калектывы і ансамблі, вядомыя спевакі. Паспрабаваць свае сілы менавіта тут — вялікая павага, кажуць хлопцы і дзяўчаты сталічнага ансамбля «Валошкі» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. Сёння свае сілы спрабуюць толькі вакалісты. Яны, дарэчы, рознага ўзросту: у «Валошках» ёсць даволі дарослыя 15-гадовыя спявачкі і зусім маленькія 6-гадовыя спевакі. Як ужываюцца ў адным калектыве такія розныя выканаўцы? «Нас аб’ядноўвае любоў да музыкі, — зусім па-даросламу адказваюць дзеці. І разам смяюцца. — Таму і церпім адзін аднаго».

Арганізатары конкурсу ўлічылі, што ўдзельнікі будуць выступаць у розных жанрах, іграць на шматлікіх музычных інструментах, таму падабралі добрых экспертаў. У складзе суддзяў кампанію такім прызнаным мэтрам эстрады, як народныя артысты Эдуард Ханок і Эдуард Зарыцкі (старшыня журы), склалі вядомая оперная спявачка Анастасія Масквіна і выканаўца народнай песні Валянціна Альшанская, а таксама выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марына Ільіна. Заўважаю за сталом і дырэктара дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антона Васюкевіча разам з генеральным прадзюсарам Белтэлерадыёкампаніі Кірылам Казаковым. Яны не ўваходзяць у журы, аднак вырашылі пазнаёміцца з канкурсантамі гэтага года. 

— Дзецям, якія стануць лаўрэатамі конкурсу, мы дапамагаем — іх галасы гучаць у эфіры нашага радыё, іх запрашаем у якасці герояў на запіс розных перадач. «Адкрытая пляцоўка», «Маладыя таленты» — далёка не ўвесь спіс праграм, дзе выканаўцы могуць расказаць пра сябе, — у перапынку дзеліцца Антон Васюкевіч.

Пакуль размаўляем, на сцэну выходзяць першыя канкурсанты. «Мы — ансамбль «Вясёлка» з Ельска», — прадстаўляецца калектыў. І тут пачынаецца сапраўднае шоу: хлопцы расказваюць анекдоты, дзяўчаты весела сакочуць і прытанцоўваюць, а потым зацягваюць вясёлую песню. Бачна, што журы прыемна здзіўлена такім незвычайным нумарам. Таццяна Якушава шэпча суддзям: «Дзеці прыехалі з самога Ельска».

Як толькі гурт скончыў выступленне, спяшаюся распытаць, хто прыдумаў такі цікавы нумар. Аказваецца, у гэтым заслуга кіраўнікоў калектыву — маладых спецыялістаў Юліі Дударавай і Кацярыны Васільчук. Дзяўчаты ўпэўнены, што ў кожнага са спевакоў свой непаўторны вобраз і стыль, а разам яны дапаўняюць адзін аднаго. І вось што цікава — некаторым з іх, каб займацца ў гуртку, кожны раз трэба праходзіць некалькі кіламетраў. Так, Вольга Касцючэнка ходзіць на спевы з вёскі Данілаўка, што ў чатырох кіламетрах ад самога райцэнтра. «А прыехалі мы амаль за тры сотні кіламетраў, каб паказаць сваіх зорачак», — дадае Кацярына Васільчук.


Максім СУХАЧОЎ прывёз з Магілёва нумар з кларнетам

Калі зацягвае першыя ноты 14-гадовая Паліна Бурло, тут жа становіцца зразумела: выступленне канкурсанткі будзе феерычным. Чаргаванне эстраднага вакалу з народным, змена тэмбру голасу... Такое пад сілу сапраўдным майстрам. 

А вось Вера Саламонік, 12-гадовая спявачка, калі ўбачыла шматлікае журы, трохі разгубілася — нават забыла прадставіцца. Аднак падчас выступлення прафесіяналізм узяў верх — сваю партыю выканала бездакорна. Справілася з задачай і Патрыцыя Свіціна. Дзяўчына паспела выступіць спачатку з «Валошкамі», а потым выканаць і сольную партыю. 

НІЯКІХ міфічных закулісных дамоўленасцей тут няма. Лёсы выканаўцаў вырашаюцца звычайным галасаваннем: «за» ці «супраць». Перамагае той, за каго аддалі больш галасоў. Народны артыст Эдуард Ханок, з якім пагутарыла ў час кароткай перадышкі, заўважыў:

Журы ацэньвае чарговую спявачку

— Усё вельмі проста — мы разам збіраемся, усё абмяркоўваем, кожны выказвае свой пункт погляду, і тады, як кажуць, выводзім сярэдняе арыфметычнае. Так адбываецца на ўсіх іншых конкурсах. Я, як і ўсе астатнія, залежу ад калектыву.

Аднак без інтрыг нікуды. Самыя незадаволеныя вынікамі судзейскага галасавання, як правіла, бацькі вакалістаў. Таццяна Якушава прызнаецца, што пасля адборачных тураў у яе абрываецца тэлефон: «Чаму нас не прапусцілі ў фінал?» — самае папулярнае пытанне. «Аднак усё празрыста — мы абмяркоўваем кожную кандыдатуру, і падчас абмеркавання разгараюцца сапраўдныя спрэчкі».

Згодзен з аўтарам праекта і старшыня журы Эдуард Зарыцкі:

— Гэта конкурс. Заўсёды нехта выбывае з гонкі. Але ёсць нейкія тэндэнцыі, на якія мы абавязкова звяртаем увагу. У кожнага выканаўцы павінен быць прафесіяналізм, хоць ён і маленькі. На жаль, трэба зноў вызначаць лепшых і слабейшых. Я шмат гадоў удзельнічаю ў розных адборах, таму трохі арыентуюся ў гэтым. Адразу бачу, што можа атрымацца з выканаўцы. 

Пасля спрэчак, калі на вуліцы ўжо сцямнела, члены журы выносяць свой вердыкт. У спісе пераможцаў 27 таленавітых і артыстычных спевакоў. Гран-пры конкурса ў намінацыі «Эстрадны вакал» прысуджаны Хелене Мерааі, якая прадстаўляла малодшую ўзроставую групу салістаў. У намінацыі «Інструментальная музыка» Гран-пры атрымала Марыя Цхаўрэбава.

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter