Не выбiрай заезджаных дарог...

Суполка «Лiтаратурнае прадмесце» адзначыла сваё дзесяцiгоддзе

У суполцы «Лiтаратурнае прадмесце», якая адзначыла сваё дзесяцiгоддзе i цяпер збiраецца пры музеi Максiма Багдановiча, ёсць i тыя, хто прыйшоў на пасяджэннi маладым i сёння, ужо сталым, працягвае пiсаць, ёсць i тыя, хто далучыўся нядаўна. Творчасць сяброў суполкi вельмi разнастайная: ёсць у ёй i свае постмадэрнiсты, i тыя, хто пiша класiчную лiрыку... Ёсць празаiкi i драматургi, паэты i крытыкi. Адны вучацца ў iнстытутах, другiя ўжо самi выкладаюць, хтось працуе ў рэдакцыях лiтаратурных выданняў, хтось — на вытворчасцi... Аб’ядноўвае ўсiх адно: любоў да мастацкага слова.

Кiраўнiк суполкi «Лiтаратурнае прадмесце» пiсьменнiца Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ 

----------------------------------

Мiкола КАНДРАТАЎ

* * *

Зiрнiце навокал — як здорава!

Пад сонцам танцуюць дажджы!

Вясёлкi гуляюць над горадам,

чапляюць за сосен крыжы.

 

Гукаюць нiбы за ваколiцу —

шукаць таямнiцы працяг.

І хочацца сэрцу, i колецца

гарэзлiвым стаць, як дзiця.

 

І верыцца сэрцу, i помнiцца

усё, што змагло перажыць...

І восенi лёгкая коннiца

услед за гадамi iмчыць.

----------------------------------

Наста ГРЫШЧУК 

* * *

Я помню той вечар: зялёныя стрэлы аеру

Звядалi ў хаце, залiтыя сонечным сокам.

Рыпелi ў сенцах касцямi старымi дзверы:

Бабуля насiла трусам на вячэру моркву.

Тапiлi ў лазнi. У цёткi настрой вясёлы:

Смяецца, раз-пораз мiльгне залатым зубам.

Вясёлыя й дзецi — бо заўтра не трэба ў школу,

А ў меншага — белыя ад малака губы.

Карова ўздыхае: нарэшце спакой — шчасце.

Пад вокнамi квохчуць, як мамкi трывожныя, куры.

І мама мая ў мяккiм i мокрым халаце,

Расчэсвае патлы мае i, канечне, журыць:

За тое, што ў лазнi я ныла, бясконца ныла,

За тое, што недзе згубiла кавалак мыла,

За тое, што збегла ўчора да цёткi Танi,

Бо ўседзець на месцы — «За што мне такое!» — не ў стане;

Дарэчы, дзiцёнка па вёсцы паўдня шукалi.

За тое таксама, што ў iншыя паўдня

Я затаптала жоўтае пыляня,

Носячыся ў двары.

«То не я, а дзед!»

«Дзед, ну канешне!»

Бабуля спраўляе абед,

Сцэдзiўшы сырадой (пенку з’елi ўнукi),

Яек пабiла, нашчыкала пер’яў луку;

Асiрацелi без колцаў кiлбас цвiкi;

Мокрыя, ў дрыжыках, цёплыя шчэ гуркi;

У трохлiтровiку — мутны, што твань, расол.

Нiбы каронаю белай, вянчае стол

Яблык мачоных, што шчыпяць у роце, талерка —

Бачу праз слёзы ў старым, з рабацiннем, люстэрку.

----------------------------------

Адам ШОСТАК

* * *

Дамы,

у якiх нiхто не жыве,

а толькi дрэвы

на адхонiстых стрэхах;

 

i храм,

у якiм няма больш людзей,

а толькi святло

iлье цiха паўз дзiркi скляпенняў.

 

Наш храм,

якi спiць ужо колькi год,

i толькi птушкi палёт

ахiне нас з табой цеплынёй;

 

наш дом,

пасярэдзiне ружы вятроў,

i толькi ўспамiн

i толькi з табою сустрэчы...

----------------------------------

Вiктар ЛУПАСIН

 

Птэрадактыль

Я — птэрадактыль

У пошуках рыбаў.

Бачу квадраты

Дачных сядзiбаў.

Бачу сляпучы

Сонечны дах.

Бачу мурашак на дзвюх нагах.

 

Рыбы не бачу.

Самак не бачу.

Вымерлi самкi

З гора, няйначай.

Папараць-кветак

Тут не чуваць.

Трэба, напэўна, зноў засынаць.

 

— Глядзi, птэрадактыль!

— Якi птэрадактыль?

Пэўна, на сонцы

Сплавiў свой дах ты!

— Бусел, напэўна,

Цi салавей.

Пойдзем у дом да гасцей.

----------------------------------

Яна ЯВIЧ

* * *

Паўднёвым промнем,

птушкай папяровай

Перажывеш прыгоды

падарожжаў...

Прычына палымянасцi

пачуццяў —

Пераварот прывычнае патрэбы...

Прыстасаванка?!

Проста прыгажуня!

Палон... Празмернасць

прынцыпаў... Пакуты...

Прыхiльнiк празаiчных

парадоксаў

Пасуе першы. Правiлы — пасля...

 

* * *

Аднойчы — адназначна! —

адпрэчыш адзiноту.

Агеньчык адмыслова адорыць

асалодай.

Аранжавым алоўкам

адзенне афарбуеш —

Адразу адчуваеш: адольвае адлiга.

----------------------------------

Таццяна БАРЫСЮК

 

Зiмовы эцюд

Ледзяшовай iглой зашывае зiма беласнежнае футра.

Пасля лета спякотнага ўжо не халодная нашая “тундра”.

Выцiнанкi-анёлы на вокнах, i снег зiхацiць светла-мройна.

Каб не снег на плячах, але сонца гарачага промнi!

Беласнежныя шапкi ў князёўн — высачэзных красуняў-ялiнаў.

Шалясцяць вербы нiцыя мне ледзяшамi празрыстых галiнаў.

Снег какосавай стружкай ляжыць. Верш ляплю, як сняжок, каб сагрэцца!

Новы год — як загрузка энергii ў напрацаванае сэрца!

----------------------------------

Тадора ШПIЛЬКА 

* * *

Жартуй са мною, сябра мой,

З таго цi з гэтага жыцця.

Твае нiбы змываюць рукi

З душы маёй страх небыцця.

 

Жартуй са мною, сябра мой,

Здалёк, адтуль, дзе зараз ты.

Знайсцi спрабую позiрк твой

Па звычцы я сярод жывых.

 

Пазнаць хаду тваю i голас

i фар святло твайго аўто.

Я адчуваю, што ты побач.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter