Пасля аўдыенцыі ў Папы Рымскага былы старшыня глыбоцкага калгаса “Перамога” Алена Дзягель стала гаспадыняй Дома Іаана Паўла II

Не верыла сабе, пакуль не атрымала здымак з Ватыкана

АДНО каб пабачыць Папу Рымскага, у Ватыкан збіраюцца сотні тысяч паломнікаў з усяго свету. А на аўдыенцыю да яго трапляюць толькі адзінкі. Тым не менш былы сакратар партарганізацыі, старшыня калгаса “Перамога” Глыбоцкага раёна Алена Дзягель ці не адзіная жанчына ў краіне, некалькі гадоў таму была ўдастоена такога гонару. “Сельская газета” ўжо паведамляла пра гэты ўнікальны факт, пісала і аб самім кіраўніку перадавой гаспадаркі раёна. Нядаўна чытачы папрасілі расказаць пра далейшы лёс гэтай надзвычай цікавай і неардынарнай жанчыны. 


Папа Рымскі Іаан Павел II благаслаўляе Алену ДЗЯГЕЛЬ, калгас і яе радзіму.

НАБІРАЮ запісаны ў блакноце нумар тэлефона і чую знаёмы голас, а затым і запрашэнне прыехаць. Паведаміла, што жыве ў вёсачцы непадалёк ад знакамітага комплекса “Раўбічы”. 

Алена  Іосіфаўна такая ж маладжавая, з адкрытай усмешкай на твары. Прывіталіся.

Яе дом, у параўнанні з гмахамі наўкол, звычайны — драўляны, аднапавярховы, праўда, стаіць трохі асобна ад іншых. Перад ім — ладны малады садок. На верандзе, не да канца абшытай шалёўкай, складзены будаўнічыя матэрыялы.

— Не паспела давесці ўсё да ладу, — патлумачыла гаспадыня. — Хатай займалася. Купіла недабудаваную.

Зайшлі ў пакой. Жанчына першым чынам падкінула дроў у грубку.

Паставіла вазу з крамянымі яблыкамі, кубкі з кавай, пячэнне і запрасіла за стол. Завязалася нязмушаная гаворка.

Алена ДЗЯГЕЛЬ з дачкой Элай, якая працуе юрыстам
у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

— Для мяне гэта і цяпер як сон, — успамінае яна пра тую даўнюю гісторыю. – Пачалося ўсё, відаць, з таго, што пабудавала ў калгасе і касцёл, і царкву. Каб не было крыўдна ні католікам, ні праваслаўным. Прыехаў аднойчы ксёндз, паглядзеў на ўсё і спытаў: “Якая ў вас запаветная мара?” А я яму: “Хачу пабываць у Рыме”. Сказала — і забылася пра гэта. Толькі праз некаторы час прыходзіць мне запрашэнне ў Ватыкан на вучобу ва ўніверсітэт хрысціянскай культуры пры Доме Іаана Паўла II. І трэба ж было так супасці, што якраз у час той вучобы выпаў мой дзень нараджэння. Дык вось, падыходзіць да мяне дырэктар універсітэта, віншуе і кажа: “Алена, сёння намечана аўдыенцыя вашай групы. Ты атрымаеш благаславенне Папы Іаана Паўла II”. У мяне быў незвычайны, я б сказала, нейкі звышнатуральны стан. Я не магу выразіць гэта словамі. Было вельмі шмат людзей. Мы — апошнія ў чарзе. Дырэктар універсітэта сказаў мне: “Пані Алена, ты станеш наперадзе!” У нашай групе захваляваліся, што я самая высокая і з-за мяне не ўсё будзе бачна. Але я апусцілася на калені, градам пасыпаліся слёзы радасці. Калі Папа спыніўся каля мяне і спытаў: “Чаго пані плача?”, я не магла вымавіць ніводнага слова. За мяне адказаў дырэктар універсітэта: “Яна прыехала папрасіць у вас благаславення Беларусі!” — “Так, я благаслаўляю Беларусь! — сказаў Папа. — Я ведаю вашу рэспубліку! — і потым больш непасрэдна да мяне: — І ўсё ж, чаго, пані, плачаш? Можа, не ўмееш маліцца? Можа, не маеш работы?” Калі я трохі прыйшла ў сябе, сказала, што працую ў калгасе, ён вельмі здзівіўся: “А што, у вас ёсць яшчэ калгасы?! — і ўрачыста прамовіў: — Благаслаўляю вашу работу, ваш калгас і ўсіх людзей Беларусі!” Пацікавіўся справамі духоўнымі. Калі паведаміла пра капліцу і царкву, шчыра абрадаваўся, на развітанне пажурыў: “Перастань, пані, плакаць! Маеш калгас, маеш касцёл, маеш святара, маеш Прэзідэнта, а цяпер — і Папу Рымскага”. Усе, хто стаяў побач, рассмяяліся. У мяне ўмомант высахлі слёзы. Размова была хвіліны дзве з паловай, як мне потым сказалі, але ж яны праляцелі, як адно імгненне. Больш таго, я ніяк не магла паверыць, што гэта ўсё наяве, пакуль не атрымала фотаздымак з Ватыкана.

— Але як далейшае ваша жыццё аказалася звязана менавіта з імем пантыфіка?

— Праз колькі гадоў пасля той сустрэчы я стала гаспадыняй Дома Іаана Паўла II “Яднанне”, які размешчаны на беразе возера Байкал. Здарылася гэта наступным чынам. Магла б яшчэ папрацаваць старшынёй. Пяцьдзясят пяць гадоў не ўзрост для выхаду на пенсію. І Міхаіл Міхайлавіч Кандзерскі, які тады быў старшынёй райвыканкама, маю просьбу аб звальненні не прыняў. Але ў мяне цяжка захварэў брат у Мінску. Прыйшлося ехаць і два гады даглядаць яго. А калі брата не стала, епіскап Іркуцкай епархіі Кірыл Клімовіч, між іншым, наш зямляк, які раней быў ксяндзом у Глыбоцкім касцёле, прапанаваў мне месца адміністратара епіскапа епархіі. Гэта самая вялікая каталіцкая епархія ва ўсім свеце, якая ахоплівае Урал і цалкам Сібір. На мне ў першую чаргу ляжала работа з наведвальнікамі. Неабходна было запісваць людзей на прыём, хто з чым звяртаецца. Рэгістравала званкі, паперы розныя. Складала графік работы епіскапа. Спраў было шмат, але ўсё мне падабалася. І асабліва пасля таго, калі Кірыл Клімовіч заадно папрасіў пабыць і гаспадыняй Дома Іаана Паўла II «Яднанне» на Байкале.

Дом Іаана Паўла II “Яднанне”, які размешчаны на беразе возера Байкал.

— Што гэта за дом?

— Ён знаходзіцца ў вядомым і папулярным турыстычным цэнтры “Лісцвянка”, дзе ў свой час пабывалі нават Пуцін з Мядзведзевым.

У “Яднанні” збіраюцца людзі розных нацыянальнасцей з усяго свету  і розных рэлігійных канфесій: расіяне, беларусы, украінцы, немцы, японцы, кітайцы... Праваслаўныя і католікі вельмі дружаць. На каталіцкія святы запрашаюць праваслаўных, на праваслаўныя — католікаў. Сядзяць усе за адным сталом, вострыя пытанні высвятляюць мірна. У доме чытаюцца лекцыі, праходзяць стажыроўку маладыя свяшчэннікі. Акрамя дарослых, там заўсёды шмат дзяцей, у асноўным сірот або забраных ад нядобрасумленных бацькоў. Сродкі на іх утрыманне нярэдка збірала ў спонсараў, бо толькі дарога некаторым каштавала да тысячы долараў. Дзеці атрымліваюць тут цяпло, ласку, якіх так не хапала ім дома. Мяне яны называлі мамай, хаця я ўжо бабуля. А ўвогуле, калі гаварыць пра Дом “Яднанне”, то там лечаць не толькі душу, але і цела.

— Якім чынам?

— Цела лечыць вада Байкала, яго прырода, туды і едуць якраз з лячэбнай мэтай. Як толькі крыху раставаў лёд каля берага, у ваду адразу імкнуліся тыя, хто хацеў пазбавіцца ад хваробы. Апранаюцца так, каб можна было зайсці, пастаяць у ёй хвілін пяць. Працэдуру паўтараюць некалькі дзён. У мяне самой балелі суставы каленяў. Пайшла да ўрача. Ён сказаў: “Спачатку крыху патрэбна пралячыць, а астатняе зробіць Байкал. Толькі вада не павінна быць вышэй дзесяці градусаў”. Я пабывала на трох сеансах у доктара кропкавай тэрапіі, а потым адважылася залезці ў возера. Першы раз пайшла з дзяўчатамі і папрасіла іх: “Калі страчу прытомнасць, то хапайце мяне і цягніце на бераг!” Абышлося. Паўтарыла працэдуру яшчэ некалькі разоў, і хочаце верце — хочаце не, але ногі выздаравелі. 

Аднойчы, знаходзячыся дома, на трэцім паверсе, пачула, як зазвінела лыжачка ў стакане і “паплыла” падлога пад нагамі. Я падумала — нешта з галавой, але мяне супакоілі мясцовыя: “Не бойся. Гэта маленькі землятрус”. Што датычыцца клімату, то перапады велізарныя. Летам, ноччу можа быць мінус тры, а днём — да плюс сарака. Але ўсё там добра расце. Я агарод садзіла: агуркі, памідоры, перцы, праўда, пад плёнкай, акрамя бульбы. Ураджай багаты. Старажылы прызнаваліся, што ніколі такога не бачылі. Ну гэта і зразумела. Яны — настаўнікі, урачы, ваенныя, а мне ж усё вядома, што з зямелькай звязана. Я ўсё рабіла, як трэба.

— І часта бываеце на Байкале?

— У апошнія гады — радзей. Шмат неадкладных спраў дома. Калі гаварыць пра паездкі, то часцей наведваю свой родны Глыбоцкі раён, у якім у вёсцы жыве яшчэ мая сястра. Раён з года ў год прыгажэе, багацее. Вельмі шмат пабудавана жылля. Я радуюся поспехам сваіх землякоў! 

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter