Не трэба нам бераг замежны

Так лiчыць вядомы на Вiцебшчыне вандроўнік Уладзiмiр Шушкевiч. А ў тым, што ён мае рацыю, — можна не сумнявацца: Уладзiмiр Канстанцiнавiч быў праваднiком у першай i пакуль адзiнай экспедыцыi па Бярэзiнскай воднай сiстэме. Вандраваў падчас водпускаў па перыметры Лепельскага раёна — на гэта спатрэбiлася ажно шэсць гадоў. Прайшоў 86 кiламетраў, каб здзейснiць мару дзяцiнства i адшукаць выток ракi Эсы. Знайшоў ў Крупскiм раёне i зрабiў сумнае адкрыццё: рака захавала сваю некранутасць толькi на Лепельшчыне.
У Чашнiцкiм i Крупскiм раёнах яна загнана ў каналы...
Потым былi 124 кiламетры ўздоўж берагоў Улы па тэрыторыi трох раёнаў, 116 кiламетраў — па рацэ Ушача: ад Наваполацка, дзе яна ўпадае ў Заходнюю Дзвiну, да знакамiтай вёскi Пуцiлкавiчы, радзiмы народнага паэта Беларусi Петруся Броўкi на Ушаччыне. Там з чысцюткiх крынiц i пачынаецца рэчка. Сярод балоціны адшукаў танюсенькi ручай у Докшыцкiм раёне — аказваецца, гэта пачатак Бярэзiны...
У падарожжы часцяком ён накiроўваецца адзiн: вельмi рэдка ўдаецца сумясцiць водпускi з сябрамi цi сынамi. Яшчэ адзiн такi ж аматар, Васiль Хацкевiч, на гэты конт нярэдка жартаўлiва абураўся:
— Навошта такая работа, калi яна перашкаджае вандроўкам!
Уладзiмiр паспеў аб’ездзiць палову Саюза, пакуль была вялiкая краiна. Маршрут выбiралi ўсёй сям’ёй так: на паперках пiсалi назвы больш як 100 рэгiёнаў вялiкай краiны i цягнулi жэрабя. Так i паблукалi Шушкевiчы па Сумшчыне i Браншчыне, Пензенскай i Смаленскай абласцях, у Малдове цi пад Адэсай. Дабiралiся да месца, вядома, цягнiкамi, а вось там ужо — толькi пешшу. Цяпер такім жа чынам выбiраюць месцы ў Беларусi, дзе яшчэ не бывалi: сёлета ўжо ў гэтым месяцы накiруюцца ў Бераставiцкi раён.
— Нязручна дабiрацца, некалькi перасадак, але ж я нiколi там не быў... Не люблю двойчы iсцi па адной сцяжынцы, мне нецiкава...
Яшчэ Уладзiмiр лiчыць: каб зразумець душу ракi цi возера, трэба абавязкова тут паназiраць заход сонца, пераседзець ноч, сустрэць узыход, разам перажыць дзённую спякоту цi пралiўны дождж — толькi тады душой зразумееш прыгажосць, i западзе яна табе ў душу, застанецца ў памяцi назаўжды.
— Уладзiмiр, не ты адзiн адпраўляешся ў водпуск. Парай: дзе адпачыць цiкава i каб уражаннi — як у цябе, на ўсё жыццё?
— Я шчыра раю i беларусам, i нашым гасцям выбраць вольнае паветра i цудоўную прыгажосць запаведнага краю на Вiцебшчыне. Толькi ў Лепельскiм раёне нямала проста ўнiкальных месцаў. Дарэчы, камiсiя па ўстойлiвым развiцці рэгiёна мае намер распаўсюдзiць сярод жыхароў i гасцей раёна анкету. Кожны можа назваць сем цудаў Лепельшчыны. Я для сябе іх ужо вызначыў. Па-першае, гэта Бярэзiнская водная сiстэма. Нярэдка гавораць: яна для нашага раёна — усё роўна што пiрамiды для Егiпта. Па другое — Бярэзiнскi дзяржаўны запаведнiк. Мала хто ведае, што Сталiн ледзь не загубiў гэтую унiкальную прыгажосць i першазданнасць: у 1951 годзе была прынята пастанова Саўмiна Саюза за яго подпiсам аб закрыццi ўстановы, якая быццам бы не мае навуковай значнасцi. Пачалося вялiкае рабаўнiцтва лясоў i звяроў, птушак... Дзякуй Богу, у 1959 годзе схамянулiся i вярнулiся да запаведных законаў жыцця. Яшчэ б я раiў абавязкова пабачыць камень-следавiк. Ён знойдзены ў наваколлi Лепеля нядаўна i мае адбiтак следа чалавека i сабакi. Легенда гаворыць, што гэта след Евы... А ў вёсцы Таронкавiчы надзвычай цiкавы архiтэктурны комплекс — былы бровар i сажалка. Мясцовыя жыхары вам раскажуць жарт: быццам бы пасля рэвалюцыi ўпраўляючы драпануў за мяжу, а спiрт вылiў у сажалку. Дык мужыкi некалькi тыдняў не адпаўзалi ад берагоў...
Дарэчы, у раёне прама ў вёсках цi на берагах азёр больш за дзесятак месцаў, дзе вам прапануюць начлег, харчаванне, дапамогуць пры жаданнi арганiзаваць паляванне цi рыбалку, або проста праслухоўванне начных спеваў запаведных птушак... А вось пазванiў у Бераставiцу — там, гавораць, нi турбаз, нi сялянскiх сядзiб, прызначаных для агратурызму, толькi адна гасцiнiца ў райцэнтры. Але паеду ўсё роўна — у мяне цяпер не аднамесная «Малютка», як калiсьцi, а падораная сынамi сучасная зручная i трывалая лёгкая палатка...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter