Не трэба нагнятаць істэрыю

У мінулую пятніцу па рабочых справах ездзіў у Брэст. Цудоўны беларускі горад з адметным еўрапейскім стылем, дзе жывуць выдатныя і працавітыя людзі. Напярэдадні тысячагоддзя з дня свайго нараджэння — ў 2019-м — горад і яго наваколле набудуць цікавыя, яшчэ больш прывабныя архітэктурныя абрысы, прырастуць новымі інфраструктурнымі аб’ектамі. Але ўзнікне ўсё гэта не само па сабе, не на пустым месцы, а дзякуючы адданай штодзённай працы. Цяпер жа, пасля зімы, трэба тэрмінова адрамантаваць дарожную сетку, абнавіць фасады будынкаў, абуладкаваць гарадскую тэрыторыю і зрабіць шмат чаго іншага.    

Вядома, дзяржава стане моцнай толькі тады, калі кожны з нас забяспечыць унёсак у казну — заплаціць падаткі. Толькі сумленна, без хітрыкаў. На патрэбы ўсёй беларускай супольнасці, шматлікіх галін нашай жыццядзейнасці. Найперш на гэта накіроўвае грамадзян Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” — найважнейшы для краіны маральны дакумент, які выклікаў грамадскі рэзананс.

Днямі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сыходзячы з практыкі прымянення дэкрэта і кіруючыся прынцыпамі сацыяльнай справядлівасці, падрыхтавала пакет паправак у дакумент. Неабходную працу над памылкамі ўлада зрабіла, пачула людзей. Органы дзяржкіравання, выканкамы і Саветы ўсіх узроўняў паўсюдна вядуць мэтанакіраваную працу з тымі, хто апынуўся ў складаных жыццёвых абставінах, ствараюць неабходныя ўмовы для забеспячэння жадаючых рабочымі месцамі.

“Тэмай дэкрэта”, няпростай сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне — ў якасці зачэпкі для нападак на ўладу — хутка скарысталіся разнастайныя палітычныя спрытнюгі. Яны імкнуцца ўзначаліць так званыя маршы недармаедаў у Мінску і рэгіёнах: у асноўным несанкцыянаваныя мерапрыемствы, за якія некаторыя арганізатары ад апазіцыі згодна закону ужо панеслі пакаранне — штрафы альбо адміністратыўныя арышты.

Звонку, пры фінансавай падтрымцы заходніх фондаў і спецслужбаў, каб стварыць у Беларусі рэгіянальны ачаг сацыяльнага напружання, супрацьпаставіць уладу народу, рэзка ажывіліся палітагенты-правакатары, якія ў свой час з’ехалі за мяжу. Не трэба нагнятаць істэрыю, спадарства!

Дэпутат Ігар Марзалюк упэўнены, што самае прынцыповае для іх — дэстабілізацыя палітычнай сітуацыі. У ход пайшла і дэструкцыйная дзейнасць унутранай “пятай калоны”, якая спрабуе праверыць уладу на ўстойлівасць. Да якой пакрысе далучаюцца ўсялякія анархісты з маскамі на тварах і нажамі-касцетамі ў кішэні, іншыя “баявыя крылы” моладзі, гатовыя ў любы момант учыніць канфлікт з праваахоўнымі органамі.

На поўную моц у асвятленне згаданай паліткампаніі падключыліся ўсе мясцовыя “незалежныя” інфармрэсурсы, заказныя эксперты і палітолагі, ангажаваныя медыя — філіялы вядомых замежных сродкаў масавай інфармацыі. Па сутнасці, зараз назіраюцца ўсе прыкметы інфармацыйнай вайны супраць Беларусі.

Тым часам у сацыяльных сетках актывізаваліся шматлікія “сябры”, якія падбухторваюць абывацеляў выходзіць на вуліцу з пратэстам. Гэтага максімальна дамагаюцца і арганізатары акцыі апазіцыі “Дзень волі”, запланаванай на

25 сакавіка. Прычым, дыялогу з уладай яны не шукаюць — ім ён не патрэбны.

У чым жа тады сутнасць задуманага? Здагадайцеся з аднаго разу...   

Між іншым напярэдадні гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля дваццаці добра падрыхтаваных баевікоў, што трэніраваліся ў адным з лагераў у раёне Бабруйска і Асіповічаў, плануючы правакацыю са зброяй. Аб гэтым расказаў Прэзідэнт падчас сустрэчы ў Магілёве з працоўным калектывам прадпрыемстваў кампаніі “Кронаспан”. Застаецца высветліць: адкуль накіроўваліся грошы на іх падрыхтоўку і з якіх краін прыехалі падобныя “госці” ў Беларусь? Дзе яны маглі скарыстаць свае “ствалы” — можна толькі ўявіць.

Да таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб іншых трывожных сігналах, сур’ёзных інцыдэнтах на мяжы: прарыў аўтамабіля са зброяй цераз украіна-беларускі пункт пропуску, затрыманне самалёта з радыектыўным грузам, спроба ўезду ў краіну японскага журналіста, які падазраецца ў датычнасці да тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава”, выяўленне сувенірнай гранаты ў пункце пропуску “Варшаўскі мост”, правоз некалькіх дзясяткаў патронаў на памежным пункце “Алтуш”.

Падсумоўваючы сказанае, можна зрабіць выснову: апошнія падзеі ў нашай краіне насцярожваюць многіх. Трэба заставацца вельмі пільнымі, каб пазбегнуць правакацый падчас правядзення самых розных масавых акцый, магчымага расколу грамадства і паступовага ўцягвання Беларусі ў грамадзянскае процістаянне. Брутальныя палітычныя сцэнарыі ў нас нельга ажыццявіць, як бы хто ні хацеў.

Улады краіны не супраць шэсцяў і дэманстрацый, выказванняў людзьмі ўласных меркаванняў, калі яны ідуць канструктыўна і законна, у межах нацыянальнага дыялогу і пошуку прымальных рашэнняў у інтарэсах усіх.

Кожнаму сёння варта ўсвядоміць, што сур’ёзныя справы і праблемы на вуліцы не вырашаюцца.

У нашым беларускім доме павінен захавацца мір і парадак...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter