Не трэба лезцi ў бутэльку

Здавалася б, такія строгія падыходы зараз да бацькоў, якія не жадаюць займацца выхаваннем і належным доглядам за сваімі дзецьмі, што і праблемы ў гэтым плане не можа быць. Але, на жаль, не ўсё тут гладка. У крымінальнай хроніцы часта сустракаюцца паведамленні, ад якіх дрэнна робіцца. Вось нядаўні выпадак. У Miнску з акна шматкватэрнага дома  выпала трохгадовае дзіця. Яго знайшлі на казырку пад’езда. Медыкі зрабілі ўсё магчымае, каб вярнуць малечу да жыцця, але не атрымалася. Мiлiцыя тым часам завяла крымінальную справу па гібелі дзіцяці, і ёсць падставы меркаваць, што маленькага чалавечка выкінула з акна пітушчая маці. Так, менавіта ў п’яным дурмане яе ўбачылі ў момант трагедыі. 


Немаўляты, ад якіх адхрышчваюцца ў радзільнях малалетнія мамачкі, — гэта яшчэ неяк можна зразумець. Маладая, дурненькая, сама дзіця. Добра, што не ідуць на забойствы. Як 17-гадовая гора-матуля з Гродна (гэты факт літаральна ўскалыхнуў грамадскасць некалькі гадоў таму). Школьніца нарадзіла дзіця і забіла яго. Нанесла нованароджанай дзяўчынцы каля 60 нажавых раненняў, а затым выкінула ў смеццевы кантэйнер. Неверагодна, але такое бясчынства яе родныя ўспрынялі з разуменнем. «Кацянят жа непатрэбных топяць», — гэта выснова бабулі злачынцы ўвяла ў шок усіх.

Але як растлумачыць гэткія паводзіны дарослай жанчыны (маці дзіцяці, што загінула, ужо за трыццаць)? У такім узросце цяжарнасць звычайна плануецца, і дзіця чакае ўся сям’я. Яно становіцца галоўным у жыцці. Але не заўсёды. У некаторых ячэйках грамадства на першым плане гарэлка. А нездарма ж у народзе кажуць: «П’е бацька — гарыць палова хаты, п’е маці — гарыць уся хата».

Спецыялісты адзначаюць, што ёсць два небяспечныя ўзросты, калі жанчыны найбольш часта трапляюць у залежнасць ад алкаголю: 25—30 гадоў і 40—45 гадоў. На гэты перыяд прыпадае пік сямейных крызісаў. Магчыма, у мінчанкі быў крызіс у адносінах, эмацыянальнае выгаранне, але чаму не пайсці ў такім выпадку да псіхолага. Чаму абавязкова трэба, так бы мовіць, «лезці ў бутэльку»?

Але, прызнаемся, самі словы «псіхолаг» і «псіхатэрапеўт» у нас па-ранейшаму ўспрымаюцца як штосьці страшнае. Лепш узяць бутэлечку і пасядзець-пагаварыць душэўна. Калі не часта і ўмерана, дык няхай будзе і такая псіхатэрапія. Толькі, пачаўшы з невялікіх доз, нашы мадонны ідуць далей, да так званага абстынентнага сіндрому і страты сямейных каштоўнасцей. Нездарма ж жаночы алкагалізм называюць злаякасным, дамы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, дэградуюць імкліва і незваротна. І тады здараюцца падобныя трагедыі...

Алена ВАРАКСА, Магілёў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter