Минтруда и соцзащиты создало пробную базу данных граждан, не занятых в экономике

Не трапілі ў кадры

Семінары па асобных пытаннях рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» праходзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, а таксама першы намеснік міністра Андрэй Лабовіч сустракаюцца з прад­стаўнікамі мясцовых органаў улады, Саветаў дэпутатаў, службаў занятасці i абмяркоўваюць вынікі працы створаных камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці. Таксама ў ходзе семінараў падводзяцца вынікі фарміра­вання пробнай базы даных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы.

База даных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, пачне працаваць 1 снежня.

— Інфармацыйны рэсурс будзе сфарміраваны да 1 снежня гэтага года, — паведамілі ў Мінпрацы і сацабароны. — База будзе абнаўляцца штоквартальна. А інфармацыя за папярэднія тры месяцы будзе накіроўвацца для працы камісій у выканкамы. Грамадзяне, якія трапяць у базу даных, змогуць разлічваць на садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Нагадаем, што занятымі ў эканоміцы лічацца тыя, хто легальна працуе, у тым ліку выконвае работы па грамадзянска-прававых дагаворах, індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, натарыусы, рамеснікі, людзi, якія займаюцца агратурызмам, дзейнасцю без рэгістрацыі ІП, але якія выплачваюць адзіны падатак. А таксама тыя, хто займаецца творчасцю (статус павінен быць пацверджаны творчым саюзам), вучыцца на дзённай форме навучання і дома, хто вырабляе прадукцыю раслінаводства, жывёлагадоўлі на зямельным участку, маці, мачаха, бацька, айчым, усынавiцелi, апекуны, папячыцелі, якiя выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей. Выключаюцца са спісу не занятых у эканоміцы грамадзяне, занятасць якіх па аб’ектыўных прычынах абцяжараная або немагчымая. Гэта людзі з інва­ліднасцю, грамадзяне, якія адбываюць пакаранне, знаходзяцца на прымусовым лячэнні па рашэнні суда і іншыя катэгорыі. На льготны перыяд у шэсць месяцаў, на працягу якога грамадзяне не будуць уключацца ў базу даных, змогуць разлічваць вайскоўцы, супрацоўнікі ваені­заваных арганізацый, якія мелі спецыяльнае званне рэзервіста, ваеннаабавязанага, якія прайшлі альтэрнатыўную службу. Тыя, хто працуе ці вучыцца за мяжой, павінны свой статус пацвердзіць. 

Працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, будуць аплачваць па поўных тарыфах камунальныя паслугі — гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цеплазабеспячэнне. Але гэта пры ўмове, калі грамадзянін — уласнік, наймальнік або арандатар жылога памяшкання, член арганізацыі забудоўшчыкаў, дольнік, які заключыў дагавор долевага будаўніцтва, альбо лізінгаатрымальнік.

statkevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter