Не той час, каб сядзець у пушчы і мінтрэнгі заліваць

ПАВОДЛЕ назіранняў Васіля Васільевіча, на Валожыншчыне людзі самаіранічныя. Вось, напрыклад, як кпілі са свайго ўкладу жыцця: «Сядзелі ў пушчы на балоце і антыволяй мінтрэнгі залівалі». На мясцовых гаворках гэта азначае: самагонкай тугу разганялі. Актыўнага адпачынку, акрамя рыбалкі ды палявання, гадоў дзесяць таму тут і блізка не было.

СЁННЯ гэта, бадай, ці не самы турыстычны край — тут табе і сплавы на каяках, прагулкі на конях, спаборніцтвы на сабачых запрэжках, велападарожжы, фестывалі на любы густ і нават не так даўно створаны спажывецкі кааператыў «Валожынскія гасцінцы», які ўзначаліў на выбарчай аснове Васіль Грынь. — Пабачыўшы за мяжой, як людзі працуюць на карысць сваёй краіны, у галаве даўно свярбела замуціць штосьці такое дома. Купіў каякі, калі лодкам стала цесна на дзевяці сотках каля дому ў Заслаўі, знайшоў прыстанак у Валожынскім раёне — вёску Засценак Скрыплёва на Заходняй Бярэзіне з адзіным жыхаром і маім цяперашнім суседам Станіславам Сергіевічам. 

— Гэта адзін, так бы мовіць, з сярэднестатыстычных раёнаў. Здавалася б, ну што тут прыдумаеш? Чым прываблі- ваеце гасцей?

— Найперш актыў- ным адпачынкам. У 2007 годзе мой сябар Віктар Шалкевіч дарогай на аўтобусе з Мінска ў Гродна спыніўся на вакзале ў Валожыне, і так яму там стала кісла, што ён ад адчаю нават напісаў песню «Ах, божа мой, ах, божа мой, чаму так сумна ў Валожыне». Тым жа мой сусед Стась жаліцца і енчыць, што ў нас нічога нямашака. Аднак мы, гаспадары аграсядзіб, узялі на ўзбраенне другі яго выраз — «не трэба адчайвацца».

І сапраўды, усё ў нашых руках. Яшчэ ў Еўропе не ведалі пра існаванне Амерыкі, а назвы нашых гарадоў, вёсак, прозвішчы нашых землякоў былі вядомыя ва ўсім свеце. Трэці год з Германіі да мяне на хутар прыязджае журналіст часопіса «Шпігель» з сябрамі, і гэтыя нябедныя, адукаваныя людзі, іх жонкі і дзеці вельмі задаволены, яны цэняць Беларусь і выбіраюць нашу краіну для адпачынку супроць Італіі, Аўстрыі, іншых краін з развітай інфраструктурай, таму што ў нас цікава. Калі параўнаць адчай майго суседа Стася і яго аптымізм, аказваецца, «нічога нямашака, ды ўсе ёсцека». 

Самае важнае, што ў любым рэгіёне Беларусі можна знайсці цікавыя рэчы. Беларусь, і Валожынскі раён у прыватнасці, знаходзіцца на вельмі добрым скрыжаванні. Еўрапейцам блізка да нас даехаць, калі ім стане больш вядома пра нашыя дзікавосткі, без сумнення, яны паедуць у нашу краіну. Што датычыць Валожыншчыны, то Ашмянска-Віленскае ўзвышша, якое тут пачынаецца, з вельмі маляўнічымі пагоркамі можна нават зблытаць з асобнымі мясцінамі Прыкарпацця. Раён вельмі прывабны для розных форм актыўнага адпачынку. Заходняя Бярэзіна, яе прытокі, блізкасць да сталіцы дазваляюць выкарыстоўваць патэнцыял месца для кароткага адпачынку, тураў выхаднога дня. Хто захапляецца экатурызмам, безумоўна, наведае Налібоцкую пушчу. 

— Што ўяўляюць сабой «Валожынскія гасцінцы»? 

— Па-першае, гэта абсалютна мясцовая ініцыятыва. Кааператыў на 90 працэнтаў грунтуецца на мясцовых жыхарах, якія тут жывуць, зарабляюць, зацікаўлены ў развіцці. Спачатку працавалі са сваіх сродкаў. Потым «прызвалі Рурыка» — дзякуючы аб’яднанню «Адпачынак на вёсцы» і Валерыі Кліцуновай дапамагаюць розныя замежныя фонды. Мы сябе актыўна праяўляем, а значыць, узнікла цікавасць да нас. Вынікі адчувальныя. Калі раўняць з тым, што было ў Валожынскім раёне дзесяць год назад, і сенняшнім днём, гэта вялікая розніца. Усе сябры кааператыва, у большасці гэта суб’екты агратурызму, фермеры, працуюць у спулцы. Вырабляюць пэўную прадукцыю — хлеб, сокі, сыры, прадукты пчалярства, рэчы з дрэва і воўны, сувеніры, вырошчваюць кветкі, аказваюць кансультатыўныя паслугі, праводзяць майстар-класы.

На сядзібе "Засьцянак Скрыплеў"

Дзякуючы падтрымцы гаспадароў аграсядзіб пачаўся вельмі цікавы праект па велатурызме. Валожынскі раён, бадай, адзіны на Беларусі мае маркіраваную сетку веламаршрутаў працягласцю 300 кіламетраў. У патыліцу веласіпеднаму руху дыхае водны турызм. Раней з дзясятак чалавек плавалі па той жа Іслачы на байдарках, «Тайменях» і гэтак далей. Сёння лік водным турыстам тут ідзе на тысячы. Развіваецца канкурэнцыя, і я гэтаму рады, таму што павышаецца якасць абслугоўвання, больш даступнымі робяцца цэны. 

— Усё гэта зразумела, аднак у чым выгада для членаў кааператыва?

— Вось прыклад. У кааператыве трое гаспадароў, якія маюць уласны флот. Мне ўжо няма сэнсу купляць больш лодак, інвесціраваць па 700—800 еўра ў кожную і ўсё жыццё рабіць дзеля іх пакупкі. Мы разам дамаўляемся пра цэны і можам прыняць больш турыстаў. Летась сплавілі 70 супрацоўнікаў кітайскай кампаніі «Хуавэй». Адзін можа сплаўляць турыстаў у прамым сэнсе іншаму, а той прымаць, карміць. Так, мы прыватнікі, але дамаўляемся, устанаўліваем унутраныя цэны, а таксама для заказчыка. Магу з гонарам сказаць, што агульны флот нематорных лёгкіх лодак Валожынскага раёна найбольшы ў краіне дзякуючы таму, што мы змаглі дамовіцца. 

Ландшафт дазваляе добра развівацца коннаму турызму, хоць гэты занятак патрабуе значных укладанняў. Я, у прыватнасці, зрабіў сабе невялікую леваду і цалкам карыстаюся паслугамі трэнераў з Палачанаў, дзе працуе конная школа, калі да мяне прыязджаюць дзеці і хочуць навучыцца трымацца ў сядле. Працуе вяровачны парк — на аграсядзібе «Ганка» і ў маёнтку «Засьцянак Скрыплёў». Для больш дарослых кліентаў прапануем скандынаўскую хаду. Гэта класна — прайсціся па ваколіцах, пабачыць археалагічныя помнікі і цудоўныя краявіды. 


— Фестываль «Вольнае паветра», які арганізуе Уладзімір Шаблінскі на сваім хутары, стаў візітоўкай новай музыкі, новай моды, моладзь літаральна трызніць канцэртамі. Ці існуе ў вас творчая кааперацыя?

— Так. На маёй аграсядзібе таксама вось ужо пяць гадоў адбываецца штосьці падобнае — фестываль «Капыцікі», які я з кола асабістых сяброў вывеў на больш папулярны ўзровень. У нас так гавораць пра свежыну — сабрацца на капыцікі. Цікавая рэч, пакуль у пачатковым варыянце, у Алеся Лася «Кавальскі фэст», будзем сумесна яго папулярызаваць. Зараз думаем пра «Лірны фестываль», таму што на Беларусі цэлых дванаццаць лірнікаў, ім ёсць што прапанаваць слухачам. Сёння ў нас дастойны ўзровень прыёму для любога турыста — ад кемпінга да салідных апартаментаў. На Валожыншчыне працуе шмат цікавых, апантаных і адукаваных людзей. Мясцовая ўлада, дзякуй Богу, павярнулася тварам да прыватнай ініцыятывы. Адна са шчырых памочнікаў — Інга Малашкевіч, якая доўга курыравала турызм і зрабіла першы фундаментальны ўнёсак, зараз працягвае работу Валянціна Башаркевіч. Нядаўна суб’екты турызму збіраліся ў райвыканкаме, абмяркоўвалі, як будзем далей развівацца. Гэта таксама кааперацыя. Перспектывы яе бачу вялікія.

ДАВЕДКА «СГ»

Васіль ГРЫНЬ па адукацыі настаўнік гісторыі і англійскай мовы (у дадатак валодае польскай, нямецкай, скончыў магістратуру і аспірантуру). Калі з’явілася сям’я, стала не да навукі, якая не прыносіла асаблівых грошай. Калісьці студэнтам займаўся спартыўным турызмам, што і вызначыла далейшы занятак па жыцці. Нейкі час рабіў праграму на тэлебачанні пра актыўны адпачынак, патрапіў у турбізнес, пачаў сам суправаджаць туры па горных лыжах. У Маладзечне жылі бацькі, у Мінску — праца, і маладая сям’я вырашыла здымаць кватэру ў Заслаўі. Спакваля пабудаваў свой дом у гэтым старажытным горадзе. І літаральна загарэўся агратурызмам. 


klimovich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter