Якія ініцыятывы могуць дапамагчы ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і развіцці турызму

Не толькі музейная справа

Кастрычнік запомніўся правядзеннем дыялогавых пляцовак — новага фармату дыскусій аб праблемах у розных галінах сацыяльнай сферы. І, вядома ж, прапановамі па іх вырашэнні — без эмоцый, беспадстаўных абвінавачванняў і прызначэння крайніх. Адкрыта, канструктыўна і кампетэнтна.


Не стала выключэннем і культура, установы якой пераадольваюць аднолькавыя цяжкасці. Гэта бачна на прыкладзе рэгіянальных музеяў. Праблема нумар адзін для некаторых з іх — стан аб’ектаў, што з’яўляюцца мясцовымі славутасцямі. Звычайна гэта былыя дамы памешчыкаў, якія належалі ім да рэвалюцыі 1917 года. Частка такіх сядзіб далёка не заўсёды мае прывабны выгляд. Грошай для іх аднамомантнай рэстаўрацыі ў бюджэце няма. Паэтапнае ўзнаўленне — шматгадовы працэс.

Паскорыць яго можна за кошт розных міжнародных праектаў, прысвечаных захаванню культурна-гістарычнай спадчыны. Дзякуючы інтэрнэту знайсці інфармацыю і падаць заяўку на конкурс можа нават невялікі музей. А для пачатку можна заявіць аб сабе: вызначыць цікавыя для турыстаў маршруты і аб’екты на віртуальных картах, стварыць электронныя каталогі і прэзентацыі. Патэнцыял гэтага рэзерву ўжо ацанілі і актыўна выкарыстоўваюць многія суседзі ў бліжнім замежжы.

Фінансавае пытанне вызначае і напаўняльнасць музейных фондаў. У бюджэтным каштарысе гэтага артыкула расходаў няма. Добрыя ж экспанаты дорага каштуюць, таму і знаходзяцца ў прыватных калекцыях. Відавочны ў тэорыі (але няпросты на практыцы) варыянт — прыцягненне пазабюджэтных крыніц. Самі яны, вядома, не прыйдуць. Трэба шукаць. А яшчэ лепш — паспрабаваць арганізаваць. Напрыклад, шляхам стварэння апякунскіх саветаў, у якія маглі б увайсці кіраўнікі прадпрыемстваў, бізнесмены і проста неабыякавыя, зацікаўленыя гісторыяй краю людзі. Адразу варта прадумаць і нарматыўна зацвердзіць магчымасці стымулявання мецэнатаў. У выпадку з суб’ектамі гаспадарання гэта могуць быць, напрыклад, падатковыя прэферэнцыі. Пры ўмове, што іх атрымальнікі абавязаны рэгулярна аказваць істотную фінансавую дапамогу ўстановам культуры.

Балючае пытанне — дэфіцыт атэставаных экскурсаводаў. У раёнах бывае прасцей правесці шэрую экскурсію, чым знайсці атэставанага гіда. Гэтым, дарэчы, актыўна карыстаюцца некаторыя турыстычныя кампаніі. Для ўпарадкавання з’явы і вываду яе з ценю зноў жа патрабуецца ўрэгуляваць нарматыўную базу. Унясенне ў КоАП артыкула аб адказнасці за нелегальную экскурсійную дзейнасць, лічаць спецыялісты, панізіць вастрыню праблемы. Хаця, безумоўна, аднымі забаронамі яе не вырашыць. Шмат залежыць ад зацікаўленасці музеяў у атэстацыі супрацоўнікаў і далейшым іх стымуляванні. А па вялікім рахунку — у гатоўнасці змагацца за свайго кліента.

Падобныя аспекты ёсць у самай вострай і фактычна паўкрымінальнай тэме — дзейнасці чорных капальнікаў. Адказнасць за незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў на Беларусі ўведзена яшчэ ў 2016 годзе. Каб механізм стаў дзейсным, міліцыі патрэбна інфармацыя. У невялікіх гарадах музейныя супрацоўнікі, як правіла, ведаюць прыватных калекцыянераў, нават тых, хто займаецца нелегальнымі раскопкамі.

Ідэя, відаць, самага глабальнага пераўтварэння, прапанаваная на адной з дыялогавых пляцовак, тычыцца сумежнай з турызмам сувязі. Агучана думка аб мэтазгоднасці вывесці гэту галіну з падпарадкавання Міністэрства спорту і перадаць Міністэрству культуры. Гэта ведамства кіруе ўсімі гісторыка-культурнымі аб’ектамі і максімальна зацікаўлена ў росце турыстычных патокаў. Ад гэтага выйграе ўся краіна. Трэба адзначыць, што ў апошнія гады дадзены напрамак дэманстраваў упэўнены рост. Аб’ём экспарту турыстычных паслуг у 2019 годзе перавысіў 250 мільёнаў долараў.

Карціну 2020 года сапсавала пандэмія. Гэта, вядома, не прычына ставіць крыж на перспектывах. Ужо сёння варта падумаць, як наладзіць працу галіны, каб яна не ператварылася ў ляжачы камень. Пад яго, як вядома, вада не цячэ, а грашовы паток тым больш.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter