Не толькі абслугоўваць, але і ратаваць

СЁННЯ мы працягваем распавядаць пра тых, хто плённай і сумленнай працай заслужыў права на сваю хвіліну славы — з’явіцца на маляўнічых рэкламных шчытах у розных кутках краіны. На гэты раз наша гераіня — з Круглянскага раёна.

фота белта

Чвэрць стагоддзя Людміла КАВАЛЁВА (на здымку) аддала сацыяльнай службе. У Круглянскім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яна старажыл. За доўгія гады пераканалася — гэта няпростая справа ў любой яе праяве. Многія пажылыя людзі, калі нездаровіцца, перш-наперш тэлефануюць не ў хуткую дапамогу, а свайму сацыяльнаму работніку. І ў гэтым — вышэйшая ступень даверу і прафесійнага прызнання.

І ў калектыве Людміла Кавалёва – на асаблівым рахунку, і для падапечных – пажылых людзей – проста незаменны памочнік.

— Цяжка знайсці такога спагаднага, добрасардэчнага і працавітага чалавека, — распавядае пра Людмілу дырэктар цэнтра Лідзія Церашкова. – Такі склад яе душы. Дапамагаць людзям — гэта сапраўднае пакліканне Людмілы Анатольеўны. Яна ніколі не лічыць, колькі вокнаў яна павінна па нарматывах вымыць у хаце падапечнага, колькі вады прынесці, колькі дроў.

Сёння сацыяльны работнік клапоціцца аб дзесяці старых у Круглым, прычым пяцёра з іх маюць абмежаванні ў рухальнай актыўнасці. Мноства спраў у кожным доме. Трэба сачыць за парадкам, у тым ліку і на падворку, нагадаць дзецям, каб дровы нарыхтавалі, гароднінай на зіму забяспечылі састарэлых бацькоў, прабегчыся па крамах, каб кожнаму купіць прадукты па гусце, сабраць з усіх рэцэпты ды адным махам лекі закупіць. Для адзінокіх старых яна «выходжвае» і дровы на зіму, і электрыка знойдзе, каб праводку змяніў, і ў выхадны дзень завітае, і ў бальніцы наведае. Бывае, і па мясцовым прадпрымальнікам пройдзе – арганізуе дапамогу сваім бабулям і дзядулям.

Кваліфікацыя і досвед дазваляюць спраўляцца з самымі цяжкімі выпадкамі сацыяльнага ўзаемадзеяння з пажылымі людзьмі. Калегі ўжо ведаюць, калі характар у адзінокага пенсіянера складаны, Людміла ўсё роўна справіцца – ураўнаважыць неспакойнага, змякчыць раздражняльнага, падтрымае здароўе хваравітаму. Такая жывая прыхільнасць да людзей разам з прафесійнай інтуіцыяй не раз дазвалялі па-сапраўднаму ратаваць падапечных:

— Як можна ім адмовіць або забыцца пра іх? Вось нядаўна Лідзія Дзям’янаўна Гарбачова мне дзверы не адчыніла – я зразумела, што сітуацыя трывожная, бо 86 гадоў чалавеку. Адразу «хуткую» выклікала, сына адшукала. І своечасова спахапіліся – у бальніцы цяпер яе выходжваюць. Такіх выпадкаў мноства. Можна сказаць, адчуваю сваіх падапечных на адлегласці, ведаю слабыя месцы кожнага. Гэтая праца ўжо частка майго жыцця, мне нават цяжка вызначыць, дзе душэўная прыхільнасць, а дзе працоўны абавязак.

Людміла Кавалёва неаднаразова ўзнагароджвалася як лепшы сацыяльны работнік Круглянскага раёна і Магілёўскай вобласці. А галоўнае прызнанне для яе – любоў і прыхільнасць падапечных, падзякі дзяцей і сваякоў, павага калег.

gardiana69@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter