Народная артыстка Людміла Корхава з таго народа, які добра ўмее касіць і сеяць, кахаць і любіць

Не сыграеш толькi сваё жыццё

Пра Людмілу КОРХАВУ шмат напісана. Народная артыстка Беларусі, вядучая актрыса Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, заўсёды навідавоку: шчыльна занята ў рэпертуары, ахвотна і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Вось і нядаўна ездзіла ў родны Чачэрск, які адзначыў 857-годдзе. Актрыса была сярод ганаровых гасцей свята, сустракалася з прыхільнікамі свайго таленту, якіх у райцэнтры нямала. Як, дарэчы, і ў Гомелі, і ў тэатральным асяродку краіны.


АКЦЁР, кажуць, пражывае нават не два, а некалькі жыццяў — сваё і сваіх герояў. Калі ўласнае — вось яно, бы яблык на далоні, з усіх бакоў бачнае, то сцэнічнае — надзвычай загадкавае, супярэчлівае. Аднак сваё жыццё не сыграеш. Усё астатняе — гульня. Але таленавітая. Такая, каб глядач паверыў у рэальнае існаванне тых людзей, якія жывуць перад ягонымі вачыма. Людміла Корхава на кожным спектаклі і прымушае гледача паверыць...

Даўно знаёмы з Людмілай Канстанцінаўнай. Уважліва сачу за яе творчасцю. Сустрэліся мы і напярэдадні яе 70-годдзя, а яна свайго ўзросту не хавае, і як яго схаваеш, калі ты чалавек медыйны. Гаварылі пра многае. Многае ўспомнілі…

…Брэст. Міжнародны фестываль “Белая вежа-97". Лепшыя творчыя сілы Беларусі, Балгарыі, Аўстрыі, Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны... А Гран-пры ў намінацыі за лепшае выкананне жаночай ролі (Ірына Аркадзіна ў спектаклі “Чайка" па п’есе А. Чэхава) атрымала Людміла Корхава. Прыгадаліся словы, якія сказаў тады рэжысёр спектакля Рыд Таліпаў: “Не буду ўтойваць: я прыехаў у Гомель дзеля Людмілы Корхавай. Убачыў яе ў Мінску ў “Лэдзі Гамільтон", з таго часу гавару пра яе толькі добрыя словы і чакаў з нецярпеннем пачатку нашай сумеснай працы".

Рыд Таліпаў не памыліўся. Актрыса спраўдзіла яго надзеі. А сама Людміла Канстанцінаўна пра той поспех у Брэсце ўспамінае так: 

— Калі сказаць, што не думала пра Гран-пры, то скажу няпраўду. Ёсць, безумоўна ж, нейкія вышыні. Там, на тых вышынях, надзвычай светла, хораша, і чалавек, які дасягае іх, радуецца свайму шчасцю. Вось да іх і трэба імкнуцца... А ў Брэсце хвалявалася толькі з аднае нагоды – перад нашым спектаклем тэатр з Вільнюса “Вайдзілас” ужо паказаў чэхаўскага “Іванава”. Калектыў славуты,  пагадзіцеся. Высокі мастацкі ўзровень.

А як у родным тэатры? Атрымалася. Спектакль прыняў не толькі глядач, але і члены журы на чале з народным артыстам  СССР і БССР Мікалаем Яроменка ўпадабалі…

СПЕКТАКЛЬ “Лес” па п’есе Астроўскага паставіў у Гомелі Валерый Раеўскі. Ён убачыў Корхаву ў ролі Гуржымскай, якая, як вядома, прагне кахаць і хоча быць каханай. Гуржымская ў актрысы перапоўнена  сляпой і бяздумнай страсцю, таму, відавочна, яе не хвалюе больш нічога: ні тое, што робіцца вакол яе маёнтка і далей, ні ўзрост. Кахаць! Толькі вось адно пытанне: чаму ж яна, прывабная і багатая, пакахала недаростка і недалёкага Буланава?

Крытык Уладзімір Мальцаў справядліва заўважыў неяк, што на гомельскай сцэне Людміла Корхава досыць доўга іграла жанчын бальзакаўскага ўзросту, якія абудзіліся для кахання і рэалізуюцца ў ім. Ды… амаль ніколі яна не мела на сцэне роўнага ёй сілай пачуццяў партнёра. Таму, напэўна, навучылася весці ўласную тэму практычна з любым партнёрам — то неяк прыстасоўваючыся, то ва ўяўленні прыўзнімаючы іх да сябе. Гуржымскую яна іграла як беніфісную ролю і часта выводзіла яе на пярэдні план — рэльефнасцю сцэнічнага малюнка і яго майстэрскай увасобленасцю. Але надта ўжо няўклюдны Буланаў! Гуржымская згарае ад кахання, а ён апраўдваецца ці трымае справаздачу перад цётухнай. Па высакароднасці сваёй жаночай натуры Гуржымская чакае ад свайго абранніка першага кроку. Перабрала, здаецца, усе сродкі: і, начапіўшы бант, у дзяўчынку пагуляла, і рукой спрактыкаванай жанчыны паспрабавала абудзіць у ім хваляванне... Усё дарэмна, не дзейнічае! Ён нібы замарожаны. Толькі аднаго разу яе прарвала ўказаннем на дзеянне: “Цябе хачу, дурань, цябе!” – і з какетлівай усмешкай яна завабіла недаростка ў лясную засень, каб там літасціва саступіць яму ролю першага каханка – валадара лесу…

ДОЎГА трымаўся ў рэпертуары тэатра спектакль “Спартыўныя сцэны 1981  года” Эдварда Радзінскага. Побач з Людмілай Корхавай хораша пачувалі сябе многія акцёры. Яна выконвала ролю Інгі Міхалёвай — жанчыны нахабнай, разбэшчанай. З мужам яны жывуць, як набяжыць.  Не маюць дзяцей, не маюць уласных думак. Аднак і тое, што гавораць, – хлусня і няпраўда, думаюць яны зусім пра іншае… “Лідзіруе ў ансамблі Л. Корхава ў ролі Інгі Міхалёвай!” – падкрэслівалі многія. З імі варта пагадзіцца. Яна брала верх не толькі над мужам, над сваім Міхалёвым, але і над сітуацыяй, што склалася вакол яе. Інга ў выкананні Корхавай — гэта яшчэ і жорсткая жанчына, нават мужа не пашкадавала, абяцае пасадзіць у турму за махлярства. I пасадзіць — у гэтае верыш. Бо так хоча не толькі гераіня спектакля, але і выканаўца ролі Інгі Міхалёвай...

На пачатку 80-х у Гомельскім драмтэатры працаваў непрадказальны Мікола Трухан. Ён дамогся і паставіў на сцэне “Ладдзю роспачы» Уладзіміра Караткевіча. Інсцэніроўку рэжысёр зрабіў сам. Запрасіў на прэм’еру і мяне, бо я ўжо нешта пісаў, а Мікола чытаў — гэта нас і зблізіла. Пасля прэм’еры вочы ў Трухана гарэлі, нібыта ў шчаслівага дзіцяці. Спектакль атрымаўся, хоць многія яго не зразумелі і не прынялі. У тым ліку і калегі. “Накруціў там Трухан!» Я ж пахваліў. А Мікола раптам: “Як Корхава?» А-а, вось у чым справа. Дык яна і трымае ўвесь спектакль. У яе была роля Смерці. “Актрыса-а!» – выдыхнуў Мікола... 

Грымелі воплескі. Удзячныя гледачы спяшаліся на сцэну з кветкамі. І амаль усе яны аддавалі іх Людміле Корхавай, што было яшчэ адным — і вельмі красамоўным! — адказам рэжысёру на ягонае “Як Корхава?»...

СОРАК дзевяць гадоў, адразу ж пасля заканчэння ў 1967 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, Людміла Канстанцінаўна на сцэне аднаго і таго ж тэатра. Яе партнёрамі былі  вядомыя майстры сцэны — народныя артысты Беларусі Юрый Шэфер і Ніна Карнеева,  заслужаны артыст Беларусі Мікалай Пало, прызнаныя майстры гомельскай сцэны Віталь Беднашэя, Уладзімір Драбышэўскі  і Уладзімір Ткачэнка, якіх, на вялікі жаль, ужо няма побач з намі. Са светлым смуткам на твары ўспамінае іх Людміла Корхава, бо менавіта разам з імі стварала яна добрае імя Гомельскаму абласному драматычнаму тэатру. Дарэчы, цікавы факт:  народнай артысткай Людміла Корхава стала ў адзін год з прысваеннем тэатру ганаровага звання “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Гэта быў 1999 год.  А з таго дня, калі  Корхава была ўганаравана  галоўным прызам міжнароднага саюза тэатральнага фестываля “Белая вежа” за роль  Аркадзінай у спектаклі “Чайка”  па А.Чэхаву, яна атрымала яшчэ каля трыццаці самых розных тэатральных узнагарод! Ушанавалі і землякі: Людміле Канстанцінаўне нададзена  званне “Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна”.

Сёння ў гэтым творчым калектыве пераважна  моладзь, і Людміла Канстанцінаўна для іх яркі маяк, арыенцір у творчасці. Яна занята ў спектаклях “Чароўны сон” Ф. Дастаеўскага (М. А. Маскалёва), “На ўсякага мудраца  даволі прастаты” А.Астроўскага (Соф’я Трусіна), “Палата бізнес-класа” А. Кароўкіна (Лора) і “Забі мяне, галубчык” А. Несіна (Сіен). 

Цёпла згадвае Людміла Корхава і свае ранейшыя ролі. Дастаткова  нагадаць, што яна была занята ў  спектаклях, створаных па п’есах амаль усіх сусветна вядомых аўтараў, а таксама і па творах нашых слынных беларускіх драматургаў — Андрэя Макаёнка, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Дударава, Анатоля Дзялендзіка і Сяргея Кавалёва. Творы гэтых аўтараў ёй асабліва блізкія, бо яны пра тых людзей, сярод якіх Людміла Канстанцінаўна Корхава сама  вырасла. 

Народная артыстка родам з таго народа, які добра ўмее касіць і сеяць, кахаць і любіць. Таму калі яна выходзіць на сцэну — ёй верыш.  У тым, відаць, і хаваецца галоўны прынцып гэтай прыгожай жанчыны — прымусіць непрымусова палюбіць яе гераінь. Як і яе саму.

Васіль ТКАЧОЎ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter