Как в деревне Городной на Брестчине сохраняют местные традиции гончарного мастерства

Не святыя гаршкі лепяць

У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў кожнай сям’і добра ведалі, што такое рынька ці макотра, для чаго патрэбен поляк, а для чаго — мамзэлька. Сёння керамічныя вырабы таксама папулярны.

Рыгор Кавалька

Традыцыі і сучаснасць

Яшчэ стагоддзе таму ганчарным промыслам у Гарадной займалася каля паўтысячы сем’яў. Сёння мы карыстаемся фабрычнымі талеркамі і гарлачыкамі, але ў Гарадной не спынілася ганчарнае кола. Да гэтага часу рамяство захоўвае сваю аўтэнтычнасць. З’явіліся маладыя людзі, якія купілі японскія ганчарныя колы і працягваюць справу продкаў. Сярод іх браты Іван і Сяргей Шэлесты — яны выпускнікі Гараднянскага цэнтра ганчарства і ўдзельнікі сёлетняга пленэру ганчароў, які прайшоў у Гарадной і сабраў 24 майстры з розных куткоў Беларусі і Расіі. 

На працягу 12 гадоў мясцовых школь­нікаў навучаў патомны ганчар лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва Аўраам Басавец. Потым з вучнямі працаваў не менш знакаміты гараднянскі ганчар Рыгор Кавалька.


У 2010 годзе традыцыі ганчарнага промыслу вёскі Гарадной прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а мясцовы цэнтр ганчарства ўнесены ў афіцыйны пералік аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці.

Сённяшні загадчык цэнтра Васіль Казачок — таксама патомны ганчар. Праўда, справай прашчураў пачаў шчыльна займацца толькі ў 54 гады і ўжо ў студзені гэтага года стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». 

Васіль Казачок

Васіль Казачок распавёў, што зараз у цэнтры займаюцца 20 вучняў мясцовай школы:

— Дзяржава вялікую ўвагу ўдзяляе захаванню традыцыйных народных рамёстваў. У кожным раёне дзеці нечаму навучаюцца — ткацтву, вышыўцы, роспісу па шкле і гэтак далей. Нават калі гэтыя ўменні для іх не стануць справай жыцця, сувязь з продкамі не згасне. Наогул, гістарычная памяць у вёсках не гублялася ніколі, і зараз мы пераканаліся, наколькі гэта важна для захавання нашай ідэнтычнасці.

Гліну — у добрыя рукі

Усе сакрэты тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу і мастацкіх прыёмаў стварэння ганчарных форм у Гарадной перадаюцца з пакалення ў пакаленне. І што цікава: да цяперашняга часу ганчарная справа захоўвае сваю аўтэнтычнасць. Яна праяўляецца ў традыцыйнай апрацоўцы гліны, вырабе посуду на нажных ганчарных колах і яе абпале ў цагляным горне, які пабудаваны амаль што пасярод вёскі. 

Самы папулярны з нашых вырабаў — гаршчок мамзэлька, — расказвае Васіль Казачок. — Мініяцюрны, аб’ёмам у літр, у ім звычайна варылі кашу. Мамзэлькі, семакі, злівачы і іншыя па форме набліжаны да шара. Шаравідная форма, з аднаго боку, складаная для працы, а з другога — самая рацыянальная для ўжытку. 


Дарэчы, па мамзэльцы мы купілі сабе на памяць у найстарэйшага майстра Рыгора Кавалькі. 81-гадовы ганчар не адышоў ні на сантыметр ад традыцый продкаў, і мы ў гэтым пераканаліся, напоўніўшы мамзэльку вадой. Роўна літр! 

Гаршкі з Гарадной простыя на выгляд і адметныя па колеры — жоўтыя з зеленаватай палівай. Пытаюся ў расійскага ганчара Паўла Ярмоленкі — удзельніка ліпеньскага пленэру, як яму гарадзенская гліна. Бяру ў руку шэры камяк — ён пластычны, паслухмяны. Для майстра гліна — жывая сутнасць, і яна ніколі не бывае аднолькавай. 

Павел кажа, што першы раз працуе з такім матэрыялам:

— Гараднянская гліна асаблівая. Жалеза мала, а кааліна многа. Вырабы з яе трымаюць форму, таму сценкі можна рабіць тонкімі. Але яны не паліруюцца, бо зашмат пяска. 


Васіль Казачок дадае:

— Мы заказалі для пленэру яшчэ радашковіцкую гліну, але ўдзельнікі аддалі перавагу нашай. 

Таццяна і Марыя Каленкіны з расійскага Арла падчас пленэру зляпілі кожная па дрэве жыцця. У Гарадной я сустрэла іх ужо другі раз. Таццяна мае досвед, яна працавала на фабрыцы керамічных вырабаў, а за ганчарнае кола села перад выхадам на пенсію. 

Іван Якушэнкаў

Цікаўлюся: ці цяжка жанчыне за такой справай? 

— Тут не сіла патрэбна, а спрытнасць. Хаця з гараднянскай глінай слабы чалавек не папрацуе — яна цвердаватая. 

Іван Якушэнкаў з Баранавіч ляпіў ласёў, бо гэтая жывёла галоўная на гербе Гарадной. А Віталь Раманоўскі з Пружан галаву лася зрабіў вушкам да гаршка. Наталля Грыцко з Брэста працавала над посудам для запякання страў — яна ў Гарадной першы раз. Мінскага майстра Сяргея Моўчана мы засталі за раскатваннем куска гліны звычайнай швабрай — так ён тварыў, як нам здалося, старонку для беларускага буквара. 

— Раскачан гараднянскі, дзе ўзяў — не скажу, — засмяяўся Сяргей. 

А яго жонка, майстрыха Наталля Кабанава, узяла скрыначку і высыпала адтуль розную драбязу — гузікі, цвікі, гайкі і іншае. 


Кажа, няма чаго здзіўляцца:

— Усё спатрэбіцца для таго, каб на вырабах зрабіць неабходныя адмеціны.

У ТЭМУ

Вёску Гарадную на Сто­лін­шчыне з XV стагоддзя называюць сталіцай ганчарства на Палессі. З 18 вядомых у Беларусі радовішч тугаплаўкіх глін 10 знаходзяцца ў Столінскім раёне. За Гарадной — таксама заляганні гліны, таму няма нічога дзіўнага, што мясцовы ганчарны промысел бярэ свой пачатак з даўніх часоў. Тутэйшыя вырабы карысталіся попытам і разыходзіліся за сотні кіламетраў — у Кіеў, Вільню, Варшаву. 

ДАРЭЧЫ

Пры цэнтры ганчарства ў Гарадной ёсць музей. Ён налічвае больш за 500 вырабаў аўтарства керамістаў з 12 краін свету! Усе яны былі ўдзельнікамі пленэраў у Гарадной, якія праводзяцца, пачынаючы з 2008 года, па ініцыятыве загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысы Быцко. 


kozlovich@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter