Як пабудаваць, не зламаўшы?

Не сваё — не шкада

На мінулым тыдні ў нашай кватэры ўстанавілі новыя міжпакаёвыя дзверы. Мы з мужам і зараз у шоку пасля працы майстроў. Шпалеры парваныя, хоць тэхналогія дазваляе зрабіць усё без “пагромаў”. У шчоткі для падлогі, якую яны папрасілі, каб прыбраць смецце, моцна пашкоджана ручка. Дно пластыкавага вядра праламана. Пры гэтым, упэўнена, са сваімі рэчамі гэтыя людзі абыходзяцца больш акуратна. Думаю, і шчоткі, і вёдры служаць ім дома гадамі. Чаму ж яны так ставяцца да чужой уласнасці? І гэта тычыцца не толькі паводзін рамонтнікаў у кватэрах, тое ж самае часцяком назіраецца і на вялікіх будоўлях.

Ніколі не забуду, як на нашай вуліцы рамантавалі дарогу. Тэхнікай зносілі ўсё запар — слупы, дрэвы, казыркі будынкаў. На нашы нясмелыя заўвагі жанчына, якая кіравала работамі (хтосьці казаў, што яна мае званне заслужанага будаўніка), рэагавала даволі бурна: “Як можна нешта зрабіць і пры гэтым нічога не зламаць?!”. Жалезная логіка. 

І ніхто ж не лічыць, колькі сродкаў нерацыянальна траціцца на аднаўленне паломак пасля такіх работнікаў.

Неяк мне давялося пабываць у каледжы, дзе рыхтуюць будучых сталяроў, тынкоўшчыкаў і зваршчыкаў. У майстэрнях былі чысціня і парадак, рамонт у будынку зроблены рукамі навучэнцаў, і даволі якасна. Не перастаю здзіўляцца, адкуль жа тады на нашых будоўлях, у рамонтных арганізацыях бяруцца людзі неакуратныя, абыякавыя да сваёй справы?

Калі, да прыкладу, даярка ўзяла на ферме літр малака для сваіх дзяцей, не заплаціўшы грошай, яе чакае суровае пакаранне — пазбаўленне прэміі, штраф, строгая вымова ці нешта іншае. Але калі тая ж даярка па нядбайнасці зломіць дарагое абсталяванне сельгаспрадпрыемства, хутчэй за ўсё, ёй за гэта наогул нічога не будзе. Напэўна, у такім падыходзе і крыецца прычына нядбайнага стаўлення да ўсяго чужога. Аднак паломка любой рэчы — такое ж нанясенне шкоды, як і крадзёж. Калі людзі гэтага не разумеюць, трэба неяк тлумачыць ім, караць. Інакш многія па-ранейшаму будуць лічыць, што пабудаваць або адрамантаваць нешта, пры гэтым нічога не зламаўшы, немагчыма.

Вольга Жыган, Магілёў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter