Юдчицы из березовских Борок на пенсии не скучают: муж разводит голубей, жена рисует

Не страціць сваё

Вясковае жыццё ўзімку запавольваецца. Палявыя работы скончаны, можна і на канапе даўжэй паляжаць. Вяскоўцы адпачываюць ад штодзённага пад'ёму з першымі промнямі сонца, ад бясконцай праполкі агародаў, паліву расліннай гаспадаркі, ад цяпліц з гуркамі ды памідорамі, ад касьбы травы вакол хаты... «Не сумна без працы?» — запыталіся мы, завітаўшы снежаньскім днём да Мікалая і Раісы ЮДЧЫЦ у аграгарадок Боркі Бярозаўскага раёна. «Заходзьце, раскажам!» — запрасіла ў дом Раіса Мікалаеўна. А Мікалай Уладзіміравіч тым часам адправіўся ў галубятню — «угаворваць» галубоў-тучарэзаў на фотасесію, бо прыехалі мы паглядзець на зыходзячае ў небыццё хобі.


Мілыя сэрцу далягляды

Мікалай Уладзіміравіч ужо восем гадоў на пенсіі. Адпрацаваў сваё ў мясцовым ААТ «Боркаўскае» прарабам. Раіса Мікалаеўна выкладала ў мясцовай школе беларускую мову. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ некалькі гадоў працавала ў вясковай амбулаторыі.

— Не сумуем. Няма калі! — кажа гаспадыня, падаючы на стол гарачы суп з квашанай капусты, звараны з гуссю. — Сагрэйцеся з дарогі! І чайку вам на зёлках, калі ласка.

Не дзіва, што пенсіянеры маюць гаспадарку — гусей, курэй, індакачак. Каровы ўжо рэдкасць у Борках, а птушку шмат хто трымае. Добрая падмога і самім, і дзецям, што жывуць у гарадах.



У Юдчыцаў хапае часу і на хобі. Дарэчы, так заўжды было ў вёсцы зімовымі вечарамі — вышывалі, ткалі, збіраліся адзін у аднаго на вячоркі. Зараз больш часу на тэлевізар і камп'ютар адводзіцца, чым на пасядзелкі з суседзямі. Вось і Раіса Мікалаеўна навучылася браць урокі малявання ў глабальнай сетцы. Не расказала б сама пра гэта, але мы звярнулі ўвагу на карціну, якая вісела на сцяне.

Мікалай Уладзіміравіч пахваліўся:

— Жончына работа.

— Ніколі раней не малявала, — прызналася гаспадыня. — А неяк у інтэрнэце патрапіла на навучальны ўрок па маляванні, захапілася. Нават спрабую пісаць з натуры.



Заўважаю на стале кнігу «Черняков» Анатоля Гладышчука, ура­джэнца суседняй вёскі Чарнякова. Там ёсць і пра Боркі, і пра Пешкі, Міхалкі, Горск ды пра іншыя вёсачкі прыхода чарнякаўскай царквы Святога Мікалая. Раіса Мікалаеўна кнігу прачытала, але звяртаецца да яе, бо дапамагала ствараць музей у суседніх Пешках, які месціцца ў бацькоўскай хаце вядомага журналіста і сталага аўтара «Сельской газеты» Міхаіла Шыманскага. Разам з былымі калегамі, з дапамогай вяскоўцаў і мясцовай гаспадаркі яны стварылі куточак на сваёй малой радзіме, куды з задавальненнем наведваюцца іх унукі.

— Без памяці няма будучыні, і гэта не высакамоўныя словы, — кажа Раіса Юдчыц. — Некалі мы сыдзем, а што пакінем унукам — дамы, машыны? Добрую памяць пра род, пра вясковае жыццё трэба пакідаць, нельга страціць сваё. І мне вельмі імпануе, што ў «Сельской газете» шмат чаго можна пачытаць аб вясковых буднях...

Вольныя, з характарам птахі

У Мікалая Уладзіміравіча таксама ёсць хобі — галубы. Захапленне з дашкольнага ўзросту. Памятае, як некалі бацька прывёз парачку з Антопаля. А яны вывелі дзетак і зляцелі ад Юдчыцаў.

— Адно птушаня выжыла, хадзіў той голуб са мною ў школу пешшу. Калі я падрос, то стаў ужо купляць пародзістых галубоў, — успамінае вясковец.



У той час многія равеснікі Мікалая Уладзіміравіча разводзілі іх. Ездзілі на выставы, абменьваліся пародамі. А зараз на ўвесь Бярозаўскі раён трое галубятнікаў.

— Нядаўна яшчэ было модна выпускаць галубоў падчас выпускных у школах, на вяселлях, на вянчанні. Тады мне спакою не давалі. А зараз ніхто не звяртаецца. Мабыць, мода прайшла. Ні дзецям маім, ні ўнукам галубы не цікавыя, на жаль, — з сумам канстатуе мой суразмоўца.

— Дык столькі ж клопату, ці патрэбны яны вам, галубы гэтыя?

У адказ Мікалай Уладзіміравіч усміхаецца:

— І корм грошай каштуе, і на лекі трэба траціцца, але ж я без галубоў ужо ніяк. За дзень 20—30 разоў да галубятні падыду на іх паглядзець. Зараз у мяне пад 50 птушак, а некалі было чатыры галубятні, дзе жылі больш за 300 розных парод. Сінягрудыя урупінскія, высакалётныя грывуны, запарожскія чубатыя, турманы, галубы-паўліны... Засталіся толькі мікалаеўскія тучарэзы. У іх цікавы палёт: яны не кружаць, а стралой узнімаюцца пад хмары і стаяць у небе над хатай дзве-тры гадзіны. Яшчэ трымаю прыбалтыйскіх шпанаў.


Выпусціць гадаванцаў на мароз гаспадар не адважыўся. Ды і небяспечна: зімой каршуны ды іншыя драпежныя птушкі тут як тут, залятаюць за здабычай у вясковыя двары. Палюбаваліся мы на галубоў у памяшканні. А вось пакарміць з рук Мікалай Уладзіміравіч не дазволіў:

— Прыручыць птушку лёгка, але яна ў паводзінах стане падобнай на гарадскіх галубоў, а мне больш даспадобы вольныя, з характарам.

Але ж, заўважылі мы, гаспадара гадаванцы ведаюць. Як толькі зайшоў ён у галубятню, ажывіліся, забуркавалі... А сам ён усміхнуўся, вочы засвяціліся. Што тут скажаш — любоў...

kozlovich@sb.by 



Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter