Не столькі адзенне, колькі чыстае мастацтва

Чвэрцьвекавы юбілей “Млын” сустракае абноўленым, памаладзелым
Ад футуралагічных фантазій да строгай функцыянальнасці, ад хіпстарскіх штаноў да ўрачыстасці ручной працы — фінал XXV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды-2016” сёлета шчыра парадаваў. Можа быць, падрастаючае пакаленне мадэльераў яшчэ не да канца аперылася, але ідэй у іх хоць адбаўляй. Чвэрцьвекавы юбілей “Млын” сустракае абноўленым, памаладзелым. 



Адукацыйны кураж

Доўгі час мода была прэрагатывай Мінска: хочаш дабіцца чаго-небудзь у fashion-індустрыі — збірай рэчы і адпраўляйся ў вялікі горад, улівайся ў тусоўку: у родных пенатах так усё жыццё і праробіш закройшчыкам у атэлье і якія ўжо табе подыумы! Сёння дзякуючы “Млыну моды”, які нястомна калясіць па рэгіёнах, прасейвае канкурсантаў праз дробнае сіта, прэтэндаваць на поспех і прафесійнае ўдасканаленне можа любы талент з глыбінкі. Зрабіць першыя крокі і заявіць пра сябе можна, быўшы яшчэ нават не студэнтам, а школьнікам: імя для мадэльера — галоўны капітал, чым раней пачнеш яго зарабляць, тым лепш.

За апошнія гады “Млын моды” з творчага міжсабойчыку ператварыўся ў адзін з важнейшых культурна-адукацыйных праектаў Беларусі. Энтузіязму  арганізатараў можна толькі апладзіраваць: 648 заявак з усёй краіны ў эскізным туры — вялікі вал прэтэндэнтаў, і год ад году іх становіцца ўсё больш. З кожным, дапушчаным да наступнага этапу, вядзецца работа: пачынаючых мастакоў моды кансультуюць, накіроўваюць, усяляк падтрымліваюць на ўсіх стадыях конкурсу. У фінальны тур пасля адбораў прайшло 88 калекцый, і няхай у масе сваёй яны невялікія па аб’ёме, да канца конкурсных паказаў сур’ёзна мільгае ў вачах. Як ва ўсёй гэтай разнастайнасці арыентуецца журы, можна толькі меркаваць: верагодна, прафесіяналы больш моцныя духам і ўстойлівыя, чым старонні глядач.

Мода — справа не толькі працаёмкая, але і затратная. Малады дызайнер Ілья Ківака з Баранавічаў прызнаўся, што без дапамогі сваёй навучальнай установы наўрад ці змог бы дазволіць сабе ўдзел у конкурсе:

— Мне 20 гадоў, я вучуся ў Баранавіцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання па спецыяльнасці “Мадэльер-канструктар”. Вельмі добрая спецыяльнасць! Мне падабаецца вучыцца, я заўсёды любіў маляваць і прыдумляць нешта новае. У “Млыне моды” ­ўдзельнічаю ўпершыню і ўдзячны ўсім, хто садзейнічаў гэтаму. Кіраўніцтва каледжа дапамагло з тканінай, таму затраты на стварэнне калекцыі былі мінімальнымі.

Дзіцячая мода — у першых радах

Як звычайна, на фестывалі шмат замежных гасцей — мадэльераў і кіраўнікоў школ моды, у тым ліку ў журы: яны ўважліва прыглядаюцца і выбіраюць шчасліўчыкаў, якія пасля “Млына моды” раз’едуцца па прэстыжных замежных конкурсах і стажыроўках. Саніта Бламніеце, якая прадстаўляе fashion-конкурс Habitus Baltia, што праходзіць у Латвіі, прызналася, што ў яе ёсць канкрэтная мэта:

— З “Млынам моды” мы супрацоўнічаем ужо некалькі гадоў і штогод запрашаем аднаго з канкурсантаў на фінал міжнароднага конкурсу Habitus Baltia, які праходзіць у Рызе. Я тут ужо другі раз і летась была ў захапленні ад дзіцячых калекцый, менавіта такую хачу выбраць.

Што ж, у пытаннях дзіцячай моды беларусы зусім не ў ліку адстаючых: Таццяна Карпалава і Святлана Вараб’ёва з Гомеля, Крысціна Гагуцкая і Анастасія Дарожкіна з Віцебска, Аліна Дайнека са Светлагорска — мастакоў шмат. Усе яны прапаноўваюць модныя рашэнні для дзяцей — ад зручных камбінезончыкаў хоць на баль, хоць у свет, хоць у пясочніцу, да пышных, складана пашытых убораў а-ля прынцэса. 

Асобнага слова заслугоўваюць мадэльеры, якія прадстаўляюць калекцыі, што прама цяпер можна запускаць у вытворчасць: напрыклад, дызайнер Юлія Голях з Жодзіна, якая працуе ў ААТ “Свiтанак”, парадавала чароўнай серыяй убораў для дзяўчынак, якія бацькі літаральна змятуць з магазінных паліц, калі яны там з’явяцца. Менавіта такі падыход патрэбны ў першую чаргу нашай лёгкай прамысловасці: уборы ад куцюр можа дазволіць сабе не кожны, але кожны хоча прыгожа апрануцца сам і апрануць сваё дзіця.

Для моцных і стыльных

Дарэчы, на што яшчэ звяртаюць увагу замежныя госці: на “Млыне моды” традыцыйна шмат мужчынскіх калекцый, што, наогул кажучы, рэдкасць: скажам, у Расіі, па прызнанні Таццяны Міхалковай, падчас адбораў на міжнародны конкурс “Рускі сілуэт” жадаючых ствараць адзенне для мужчын даводзіцца яшчэ пашукаць. Гэта на вялізных расійскіх прасторах! А ў Беларусі — наце вам, дзіўная разнастайнасць.

Аляксандра Жук і Дарына Коваль вывелі на подыум тыповых гараджан-хіпстараў, бабруйчанка Паліна Зюзгіна — гэтакіх брутальных анёлаў мегаполіса ў тоўстых вязаных світарах са скуранымі аплікацыямі. А дуэт Ганны Гладкай і Ірыны Крывадубскай моцна ўразіў калекцыяй “Воіны новага свету”: тут табе і змрочны авангард, і стымпанк са скуранымі цыліндрамі і акулярамі-гогламі, роспісы, заклёпкі, проразі... Словам, постапакаліптыка — хоць цяпер у блокбастар пра жыццё пасля сусветнай... 

З заміраннем сэрца паварочваюся ў бок журы: знакамітыя майстры расчахлілі смартфоны і адстрэльваюць кадры кароткімі чэргамі. Гэта ўжо не столькі адзенне, колькі чыстае мастацтва — а значыць, апладысменты!

Ірына Яўсеева 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter