Не спяшайцеся зматваць вуды!

Многія рыбаловы з нецярпеннем чакаюць пуціну позняй восені — пачатку зімы і даволі пераканаўча даказваюць перавагі гэтага перыяду над цёплым

Многія рыбаловы з нецярпеннем чакаюць пуціну позняй восені — пачатку зімы і даволі пераканаўча даказваюць перавагі гэтага перыяду над цёплым

“Лаўлю да тае пары, пакуль і ў бераг не ўмерзну”, — пажартаваў неяк адзін мой знаёмы. Жарты жартамі, а рацыя ў яго словах ёсць.

Пахаладанне адразу адсейвае тых аматараў, якія хочуць узяць з вады ўсё і адразу. Ледзяны дожджык за каўнер — не для іх. Такім чынам, дзякуючы капітуляцыі слабакоў прырода ачаломкваецца ад апусташальных нашэсцяў, калі няма дзе і вуду ўціснуць з-за машын, палатак, бівакоў, смецця. Насельнікі вады гэта адразу адчуваюць. Рыба смялее, арэал яе вандровак у пошуках ям для зімоўкі пашыраецца. Зазірае і туды, куды летам ні за якія прынады і нос не суне.

Адзін-два рыбаловы на беразе ў гэты перыяд — не ў лік. Але ж адзін-два могуць узяць столькі, што летам і за тыдзень узяць не ўдаецца.

На што можна разлічваць?

Акунь
Ён пачынае табуніцца ў гурце, яшчэ больш смялее, займае месцы паблізу берагоў, нават на мелкаводдзі. Карацей кажучы, інтэнсіўна нагульвае тлушч. Падбірае ўсё, што за лета пааслабла ад ран, траўм ды яшчэ варушыцца. Не адмовіцца, зразумела, ад чарвяка і тым больш ад жыўца.
Прыдатныя для лову — вуда, кружкі, жэрліцы, мармышкі. Было б толькі цярпенне ў аматара.

Плотка
“Кулеш” з мноства гэтых рыбін можна сустрэць у самых нечаканых месцах. Адно папярэджанне: да іншых “пятачкоў” трэба літаральна падпаўзаць. Маскіроўка — на першым плане. Рухі ў рыбалова павінны быць “сонныя”. Вада да гэтага часу ўжо адстаялая, зрок у плоткі, вобразна кажучы, жаночы — бачыць усё і адразу. Такая ж імгненная і рэакцыя. Нажыўкі, насадкі, маленькія кручкі, мармышка — вось што павінна быць у рукзаку.

Шчупак
У гэты час шчупак сам шукае... рыбака. Так, так. Жывот у яго, лічыце, падцяты, у страўніку бывае пуста. Хіба толькі ў пашчы знойдуцца два-тры ржавыя кручкі, што пазамінулым летам упіліся ў храшч. Малокі — мізэр, ікра таксама яшчэ ледзь праглядваецца. Галодны — не пазайздросціш! Яго ахвяры ўвосень шустрыя, вёрткія. Расліннасці, дзе ён мог бы ладзіць засады, практычна няма. Мусіць вандраваць у такія месцы, дзе лепей сцерагчы здабычу. Але дзе?
Кіньце блешню са свістам над вірам. Раз, другі, трэці... І абавязкова вынырне з глыбіні шырока раскрытая пашча. Можа нават шабляй узвіцца ў паветра за той блешняй. Вось цяпер з жыўцом не марудзьце. Бо тую леску без металічнага павадка літаральна зрэжа, нават яшчэ ў паветры. “Дзякуй, рыбалоў!” — толькі і распішацца хвастом на хвальцы.

Карась
Было б тае размовы пра яго ў зазімкі? Ды ён ужо даўно спачывае, запярэчыць нехта з рыбаловаў. Памятайце адно: карась таксама “асучасіўся”. Гэта не тая чыстакроўная істота, што была калісьці. З кім ён толькі ні парадніўся апошнімі гадамі — з карпам, ляшчом, лінём. Сённяшні карась — як бы новая селекцыя.
Карась цяпер ахвотна бярэцца і з-пад першага лядку. На таго ж чарвяка — надзейней за ўсё. Сачыце толькі за адным: калі падсячэцца, каб не пайшоў далёка пад лёд і не абрэзаў леску аб яго востры край. Не баіцца карась у халодны час кастра, рухаў на беразе, гукаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter