Не шэрсці клок

Сірыец Фарадж сур'ёзна заняўся авечкагадоўляй на шклоўскай зямлі

Сірыец Фарадж сур'ёзна заняўся авечкагадоўляй на шклоўскай зямлі. Не без праблем, праўда...
АДРАМАНТАВАНЫЯ памяшканні, новая тэхніка, загоны для летняга выгулу жывёлы — гаспадарка па вырошчванні авечак шклоўскага фермера радуе сваёй дагледжанасцю і акуратнасцю.  Абдул-Хамід ФАРАДЖ з гордасцю праводзіць экскурсію па сваіх ўладаннях. На новую справу, удакладняе, замахнуўся паўтара года таму. Давёў да ладу старыя будынкі, якія разам з 25 гектарамі ля вёскі Сапранькі атрымаў у карыстанне ад мясцовай улады. За авечкамі ездзіў у розныя канцы Беларусі — трэба, тлумачыць, каб яны былі рознай пароды, таму што плануе не проста вырошчваць ягнят, а праводзіць селекцыю, эксперыментаваць з кармамі. Як-ніяк выхадзец з Сірыі з беларускай прапіскай не просты жывёлавод, а магістр сельскагаспадарчых навук. 

Дыплом заатэхніка ён атрымаў у далёкіх васьмідзясятых. Там жа, у Горках, яшчэ студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі знайшоў і сваё каханне. Маладую выкладчыцу хіміі Святлану, прызнаецца, прыкмеціў адразу. І быў вельмі шчаслівы, калі дзяўчына адказала ўзаемнасцю. «Сустракаліся цэлы год, — успамінае Святлана Іванаўна. — Абдул-Хамід быў галантным кавалерам, кветкі прыносіў, пра кампліменты не забываў». 

Абдул-Хамід ФАРАДЖ: авечкагадоўля — справа цікавая.
Абдул-Хамід ФАРАДЖ: авечкагадоўля — справа цікавая.

Праз нейкі час і вяселле згулялі. Знаёміцца са шматлікай сірыйскай раднёй нявестка паехала, калі ўжо сама стала маці. Прынялі, кажа, як родную — ні касых поглядаў, што апранута па-еўрапейскі, ні нараканняў, што гатуе не так. Блізкі Усход наогул беларусцы вельмі спадабаўся — яркімі фарбамі, каларытам, няспешным цягам часу. Аднак абаснавацца маладыя вырашылі ўсё ж у Шклове. Прафесійна рэалізаваць сябе мог кожны: Фарадж знайшоў прымяненне сваім ведам у сельскай гаспадарцы, а жонка пайшла працаваць дэфектолагам у школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Дзеля гэтага і другую адукацыю атрымала. «У нашай сям’і, — прызнае Фарадж, — яна галоўнакамандуючы.  А вось за межамі кватэры, у дзелавых пытаннях, рашаючае слова застаецца за мной».

Аднак на падтрымку сваёй палавінкі заўсёды можа разлічваць. Вось і на новы праект — стварэнне фермерска-сялянскай гаспадаркі «Надзея—Фарадж» — грошы ўзялі з агульнай капілкі. Прадалі гараж, будынак цэха па вытворчасці кармоў, якія раней вырабляў Абдул-Хамід. У выніку абышліся без усялякіх пазык і крэдытаў. 

— Пачыналі з двухсот з невялікім авечак і бараноў, зараз іх звыш трохсот. А ў перспектыве пагалоўе думаю павялічыць яшчэ больш, — падзяліўся планамі фермер. — Тое, што дзяржава развіццю такой галіны надае вялікую ўвагу, правільна. Ад авечак і мяса добрае, без халестэрыну. На Усходзе яно вельмі папулярнае, каштуе даражэй за любое другое. І расціць жывёлу не так складана: яна есць усе травы, камбікорм.


Вопыту авечкагадоўлі фермеру не займаць: цэлых сем год у Сірыі аддаў гэтай справе. Праўда, тэхналогіі розняцца. У цёплых краінах жывёла большасць часу гуляе на свабодзе, а ў беларускіх шыротах трэба падумаць і аб доўгай зіме. Таму ў будучым Фарадж мае намер засеяць патрэбнай зелянінай і зернем свае палеткі, асабіста скласці паўнацэнныя і разнастайныя штодзённыя рацыёны. Ферма наогул ужо стала для гаспадара сапраўдным палігонам для навуковых доследаў.  Абдул-Хамід марыць у выніку навуковую працу напісаць, магчыма, што і не адну. Авечкагоўля, сцвярждае, свайго рода творчасць, і зрабіць тут пры жаданні можна шмат адкрыццяў. 

Частку маладняка ў гэтым годзе ўжо прадаў сялянам. Аднак у цэлым у гаспадарцы пакуль ідзе перыяд станаўлення, таму гаварыць, калі праект сябе акупіць і пачне прыносіць выгаду, яшчэ рана. А адна з праблем ужо відавочна: няма куды падзець так званыя адыходы — шэрсць і скуру. За гэтую сыравіну прапаноўваюць зусім смешные грошы. Прадпрыемстваў, якія б узяліся за яе пераапрацоўку, у рэспубліцы мала. 

Да любімага занятку Фарадж прыцягнуў і сына Аляксея. Унучка-першакласніца таксама хаця б раз у тыдзень наведвае з дзедам ферму. Для дзяўчынкі ў радасць паназіраць ды падаглядаць за жывёлінамі, іх пакарміць ды пагладзіць. Дарэчы, і сама гаспадарка названа ў гонар маленькай Надзеі. «Спадзяемся, — кажа Фарадж, — што яе імя, якое мае філасофскі сэнс, прынясе ўдачу нашай справе». 

«Ці сумуеце па сваёй радзіме?», — пытаюся перад развітаннем. Абдул-Хамід адказвае з усходняй разважлівасцю: аб Сірыі, прызнае, не забывае, патрэба там бываць вялікая. Але, абняўшы братоў, сясцёр, пляменнікаў, праз колькі дзён хочацца вярнуцца назад. Твой дом, падкрэслівае, там, дзе твая сям’я. Там, дзе ты сталеў, працаваў і дзе збываліся твае надзеі.

Святлана МАРКАВА


Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости