Незвычайная акцыя: гамельчукі бясплатна раздавалі на кірмашы вопратку і кнігі для захавання экалогіі. Як гэта было

Не сабе, дык людзям

У Гомелі прайшоў бясплатны кірмаш, на якім усе жадаючыя змаглі абмяняцца адзеннем, абуткам, кнігамі і паслугамі. Такім чынам удзельнікі мерапрыемства змагаліся з празмерным спажываннем тавараў у свеце.

Забраць можна было ўсё, што спадабалася.

Схема ўдзелу ў такіх мерапрыемствах простая. У назначаны час трэба прынесці любыя рэчы, якімі можна падзяліцца з людзьмі. Усё гэта павінна быць у добрым стане. Любы наведвальнік можа забраць з імправізаваных прылаўкаў тое, што спадабаецца, нават калі сам нічога не прынёс. Грошай былы ўладальнік не атрымае, аднак сэнс такога абмену ў садзейнічанні захаванню стабільнай экалагічнай абстаноўкі, расказвае адзін з арганізатараў акцыі, прадстаўнік «Зялёнага партала» Надзея Пужынская:

— Тэмпы спажывання на планеце з кожным годам павялічваюцца. Вытворчаць дае новыя і новыя тавары, якія праз нейкі час нам надакучваюць. Мы іх выкідваем, забруджваем свет, а ёсць выхад — прапанаваць іх іншым людзям. Рэчы, якімі мы перасталі карыстацца, могуць спатрэбіцца яшчэ каму-небудзь.

На хвалі беражлівых адносін да навакольнага свету дзве дэкаратыўныя падушкі, якія надакучылі, прынесла з сабой і я. Аднак не паспела нават сфатаграфаваць. Пакуль размаўляла з Надзеяй, падушкі «сышлі» разам з першымі наведвальнікамі. Атмасфера на фры-маркеце амаль камерная, ніхто не спрачаецца, толькі часам былыя ўласнікі з азартам сочаць, у якія рукі пайшлі іх рэчы. Студэнт Раман тут першы раз, ён прынёс некалькі старых джынсаў і світараў. Аднак чакаць тых, хто іх забярэ, будучы дарожны будаўнік не стаў: 

— Галоўнае, каб падышлі каму-небудзь. Мне яны ўжо малыя, хацеў выкінуць, а тут выкладчык расказаў, што можна сюды прынесці.

Сярод бясплатных паслуг быў і роспіс мехендзі

На кніжнай паліцы ёсць усё: ад задачніка па матаналізе і падручніка па эканамічнай тэорыі да фантастычных раманаў і рускай класікі. Выданні грунтоўныя, у цвёрдым пераплёце. У магазіне такія могуць каштаваць не адзін дзясятак рублёў. Наведвальнікі тут жа наладзілі міні-чытальню, каб ацаніць тавар. Неяк па-дзіцячаму на гэтым фоне выглядаюць брашуркі выкладчыка мастацкай студыі Алены. Сярод яе прапаноў — задачнікі па хіміі для школьнікаў і зборнікі класных гадзін для настаўнікаў. Аднак задачнікі ўзяла дзесяцікласніца Даша:

— О, мне яны якраз патрэбны! Можна не купляць.

Даша актыўная: ужо паспела прымераць спадніцу, знайсці сабе міні-сукенку і аддаць прынесены на абмен ліхтарык. 

— Я прыходжу сюды па атмасферу. Можна дапамагчы людзям, знайсці нешта карыснае для сябе. На адным з мінулых фры-маркетаў мы яшчэ вучыліся рабіць навагоднія цацкі, зараз — пайду, каб мне мехендзі намалявалі.

Гэта яшчэ адзін з напрамкаў фры-маркета: бясплатна можна прапанаваць не толькі тавары, але і паслугі. Сапраўдныя тату і роспіс мехендзі, масаж і міні-цырульня — на адзін дзень майстры далучаюцца да добрай справы, прапануючы людзям не траціць лішнія грошы. 

Новыя партыі рэчаў падносілі кожную гадзіну

Дакладную колькасць наведвальнікаў арганізатары падлічыць не змаглі, але адзначылі, што з кожным годам аматараў жыцця ў згодзе з прыродай становіцца ўсё больш. Пасля заканчэння кірмашу рэчы, якія не забралі, аддалі на дабрачыннасць. У Гомельскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей адзенне, абутак і кнігі атрымаюць малазабяспечаныя грамадзяне і бежанцы. Надзея Пужынская кажа, што самым лепшым варыянтам было б наладзіць перманентную пляцоўку, куды рэчы змаглі б паступаць кожны дзень. Засталося дачакацца добраахвотніка, які прапануе свабоднае памяшканне на бясплатнай аснове.

valchencko@mail.ru

Фота Івана КУЗМЯНКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter