Сегодня известному хлеборобу Беларуси Герою Социалистического Труда Василию Горошко — 80 лет

Не руш старога калодзежа, пакуль не збудуеш новы

У шматдзетнай сялянскай сям’і нарадзіўся і вырас Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук Васіль Майсеевіч ГАРОШКА. У юнацтве па камсамольскай пуцёўцы ён узнімаў цаліну. Пасля службы ў Савецкай Арміі закончыў аграэканамічны факультэт Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Працоўную дзейнасць пачаў галоўным аграномам у вядомым на ўсю былую вялікую краіну пінскім калгасе «Аснежыцкі». Вопыт гаспадарання на зямлі пераймаў у мудрага старшыні двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Ралько, брыгадзіра комплекснай брыгады Героя Сацыялістычнай Працы Людмілы Журбіла і сялян.

Васіль Гарошка ў дзень уручэння Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы. 1978 год.
Два дзесяцігоддзі Васіль Майсеевіч кіраваў калгасам імя Горкага. Узначальваў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, філіял Беларускай дзяржсельгасакадэміі. Працоўныя дасягненні юбіляра адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Слынны хлебароб — ганаровы грамадзянін Пінскага раёна. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Працаваў у Рэспубліканскім савеце па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Ніколі не пакідала рамантыка

Лёс сялянскага сына з глухой пінскай вёскі Селішча мог скласціся інакш. У пасляваенны час палешукі толькі прызвычайваліся да калектыўнай працы. Вялікая сялянская сям’я Гарошкаў трымалася няпісанага вясковага статута. У нядзелю і святы бацькі ўпраўляліся па хатняй гаспадарцы і за чатыры кіламетры ішлі ў царкву суседняга Парахонска, дзе Майсей Захаравіч прыслужваў. А ў будныя дні круглы год, асабліва летам, хапала спраў. Улетку з бацькам траву касілі. Зімою дровы нарыхтоўвалі. Сумётамі замятала палескую вёску Селішча. Бацька рана ўставаў і пратоптваў сынам Міхаілу і Васілю сцяжынку праз поле і ўзлесак у суседні Парахонск. За чатыры кіламетры, адзіныя з вёскі, яны хадзілі ў школу. Першымі сярод аднавяскоўцаў атрымалі вышэйшую адукацыю. Усё гэта дзякуючы настойліваму жаданню бацькі бачыць сыноў адукаванымі. Салдатам ён у 1917 годзе штурмаваў Зімні палац. Меў два Георгіеўскія крыжы, але быў непісьменны. Пасля рэвалюцыйных падзей вярнуўся дадому на Палессе. У пасляваенны час уступіў у калгас. Казаў, што яму лягчэй гектар травы скасіць, чым распісацца. Даў зарок дзяцей вывучыць. Васілю Майсеевічу на ўсё жыццё запомніліся бацькавы запаветы: спасцігаць навуку і не парушаць старога кало­дзежа, пакуль не збудуеш новага, бо дрэнна будзе. У тыя гады калектыўная гаспадарка толькі ўздымалася на ногі. Плаціць людзям не было чым. Выручала, што вяскоўцы трымалі кароў, свіней, авечак, хатнюю птушку. Вясною звычайна гуртамі выязджалі на заробкі. Некаторыя ў далёкіх краях заводзілі сем’і і заставаліся там. Старэйшая дачка Вера з працавітай сям’і Гарошкаў разам з сяброўкамі некалькі гадоў ездзіла на жніво ў стаўрапольскія стэпы. Вярталася з мяхамі пшаніцы. Сям’я радавалася яе заработкам. Спадабалася ўвішная паляшучка стаўрапольскаму казаку, які і прапанаваў дзяўчыне выйсці за яго замуж. Так і засталася Вера на Стаўрапольшчыне. 

Пісьмы ад яе чытаў-перачытваў падлетак Васіль Гарошка і загараўся думкамі паспытаць самому невядомую рамантыку. Цеснай станавілася родная хата. Ад бацькоў утойваў запаветную мару падацца ў невядомую даль. Чатырнаццацігадовым употай адправіўся ў Пінскі райкам камсамола і папрасіў пуцёўку на маладзёжную будоўлю. Вярнуўся дадому, хуценька сабраўся, знайшоў момант і перад самым развітаннем сваёй задумай збянтэжыў маці. Бацька ў гэты час быў у калгасе. Праз акно Васіль выскачыў з хаты. Цягнікамі з перасадкамі дабраўся да сібірскай новабудоўлі. Холад, неабжыты край хутка астудзілі запал хлопца. Схуднелы, вярнуўся дамоў. Але рамантыка не пакінула яго. З камсамольскім эшалонам адправіўся ўзнімаць цаліну.

Успаміны пра дзяцінства дагэтуль грэюць сэрца Васіля Майсеевіча. Сваіх дзяцей ён таксама імкнуўся выхоўваць працай. Не заўсёды, праўда, выпадала ўдзяляць ім шмат часу. Гэты клопат больш лажыўся на плечы жонкі Вольгі Міхайлаўны. На досвітку гаспадар выязджаў на калгасныя палі і сенажаці, аглядаў іх, каб аператыўна і дакладна прыняць рашэнні. Позна вяртаўся дадому, калі дзеці ўжо спалі. Старшынскай сям’і хапала работы на 30 сотках прысядзібнага ўчастка, дзе вырошчвалі гародніну, бульбу. Клопату патрабуе і раскошны кветнік у агародчыку. На падворку былі свінні, куры. Гаспадыня Вольга Міхайлаўна добра ўпраўлялася дома і на працы. Трыццаць гадоў яна ўзначальвала эканамічную службу калгаса «Аснежыцкі», а перад выхадам на пенсію была галоўным эканамістам пінскага сельгаспрадпрыемства «Ставок». Тры гады таму яе не стала…

У вялікай дружнай сям’і Васіля Гарошкі сыны Васіль і Аляксандр, дачка Алена, зяць Андрэй, нявесткі Людміла і Наталля, старэйшы ўнук Васіль закончылі Беларускую дзяржсельгасакадэмію і працуюць спецыялістамі на Брэстчыне. Унукі Яўген і Дзмітрый таксама атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Горках. Факультэт біятэхналогій Палескага дзяржуніверсітэта закончыў унук Максім, і цяпер ён спецыяліст у ААТ «Палескія журавіны». Акультураныя плантацыі ўнікальнай гаспадаркі размешчаны ў тым самым куточку Піншчыны, дзе прайшло дзяцінства Васіля Майсеевіча. З гэтых дарагіх сэрцу мясцін пачынаўся шлях вясковага хлопчыка да вышынь Героя Сацыялістычнай Працы. 

Не пасоліш баршча, ён будзе нясмачны

Уменне кіраваць — талент ад Бога. Сучасны кіраўнік у адказе не толькі за вытворчасць, але і за выплату заробку людзям, рэалізацыю прадукцыі, за кармы, набыццё ўсяго неабходнага для вытворчага працэсу. Праца на зямлі аб’ядноўвае. 

Васілю Майсеевічу пашчасціла пачынаць працаваць пад кіраўніцтвам мудрага старшыні двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Ралько, які лічыў, што для поля арганіка — як сытая качка ў баршчы, а мінеральныя ўгнаенні — як соль. Не пасоліш баршча, есці яго і качку нясмачна. Аснежыцкія землі ад прыроды багатыя. Але пры гэтым кожны гектар атрымліваў па сто тон арганікі і поўную запраўку тукам. І зямля шчодра дзякавала за клопат. 

У жніво гаспадарку наведаў Пётр Міронавіч Машэраў. Аграном Гарошка ўручыў высокаму госцю сноп з буйнымі каласамі і расказаў пра плён супрацоўніцтва з вучонымі. На кожным каласку было па сотні налітых зярнят. Пётр Міронавіч акінуў позіркам сноп і адзначыў, што такой шчодрай нівай па праве можна ганарыцца. А калі Васіль Майсеевіч паведаміў, што кожны гектар трыцікале дасць не менш за 120 цэнтнераў збожжа з гектара, Пётр Міронавіч у адказ як адрэзаў: «За гэта і варта ўдастоіць звання Героя». 

І слова сваё стрымаў. 

У 36 гадоў галоўны аграном калгаса «Аснежыцкі» Васіль Майсеевіч Гарошка атрымаў Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. А неўзабаве абараніў кандыдацкую дысертацыю. Прысвечана яна асаблівасцям вытворчасці збажыны ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі. Вопыт атрымання высокіх ураджаяў вучоны-аграном перанёс на хлебныя нівы пінскага калгаса імя Горкага, якім кіраваў два дзесяцігоддзі. За кароткі тэрмін вывеў гаспадарку ў перадавыя не толькі ў раёне, але і вобласці, рэспублікі.

Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Гарошка з унукам Максімам.

Палеская «паднятая цаліна» чакае творцаў…

Селянін жыве не толькі клопатамі пра ўраджай, надоі і іншыя вытворчыя справы. Душа таксама патрабуе свайго. Васіль Майсеевіч узгадаў герояў рамана Міхаіла Шолахава «Паднятая цаліна». У класічным творы аўтар бліскуча адлюстроўвае праблемы казацкіх станіц пачатку трыццатых гадоў. У вобразе дзеда Шчукара творца ўвасобіў тых, хто пагаджаецца на любую пасаду, не думаючы, ці справіцца. 

На жаль, не перажыта гэта і сёння. Праз раман праходзіць тэма кахання. Як у данскіх станіцах, так і ў палескіх вёсках, акрамя высокіх вытворчых дасягненняў, кіпелі (пэўна, не знікнуць ніколі) чыста чалавечыя пачуцці. Васіль Майсеевіч шчыра прызнаецца, што ў гады старшынства хапала розных інтрыг. У гаспадарку прыязджаў пісьменнік і доўга збіраў матэрыял для кнігі. Але рамана пра жыццё хлебаробаў вяскоўцы не дачакаліся. Знік чалавек працы на тэлебачанні і радыё. На цікавыя лёсы, унікальных герояў багата глыбінка. Было б жаданне ствараць літаратурную «Палескую цаліну». 

Васіль Майсеевіч не забывае пра родную альма-матэр у Горках. Цікавіцца жыццём сельгасакадэміі, падтрымлівае сувязь з вучонымі. 

Перспектыву аграрнага сектара Беларусі вопытны хлебароб бачыць за буйнатаварнай вытворчасцю. Лічыць, што само жыццё выкрышталізуе асноўныя напрамкі. Ва ўсе вякі селянін ведаў, што, калі і як яму рабіць. Нездарма самая ганаровая прафесія на зямлі — вырошчваць хлеб.

subbat50@mail.ru

Фота Юрыя Іванова і аўтара.

Ад «СГ». Віншуем Героя Сацыялістычнай Працы, кандыдата сельскагаспадарчых навук Васіля Майсеевіча ГАРОШКУ, нашага даўняга чытача і дарадцу, з юбілеем і зычым яму здароўя, доўгага веку! 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter