Прэм’ера фільма “Белыя росы. Вяртанне” адбудзецца ў Мінску 13 кастрычніка

Не рэмэйк — вяртанне

Мінчане ўбачаць працяг культавага савецкага фільма “Белыя росы. Вяртанне” ўжо праз некалькі тыдняў
Мінчане ўбачаць працяг культавага савецкага фільма “Белыя росы. Вяртанне” ўжо праз некалькі тыдняў. Прэм’ера карціны адбудзецца ў Мінску 13 кастрычніка, пасля чаго фільм адразу выйдзе ў рэспубліканскі пракат.


Сучасныя гледачы, як правіла, не надта добразычліва адносяцца да рэмэйкаў. Магчыма, таму, што большасць з іх і праўда не вельмі высокай якасці. Аднак перш чым меркаваць пра фільм, яго варта паглядзець. Да доўгачаканай прэм’еры “Белых рос. Вяртання” засталося зусім няшмат часу. Браць квіток у кінатэатр ці не — вырашаць самім гледачам. Але толькі ўбачыўшы фільм на ўласныя вочы, чалавек зможа скласці пра яго асабістае меркаванне.


Аўтары ж карціны запэўніваюць, што фільм атрымаўся самастойны, самадастатковы і паставіць яго ў шэраг няўдалых рэмэйкаў не атрымаецца. “Я, як і вялікая частка здымачнай групы, вырасла на дабралюбаўскіх “Белых росах”, таму з павагай і адказнасцю паставілася да гэтай працы, — прызнаецца рэжысёр карціны Аляксандра Бутар. — Мы не рабілі ніякага рэмікса. Не стаіць у фільме і праблема ўрбанізацыі. У ім сутыкаюцца два пакаленні — халодная моладзь і пажылыя людзі са сваёй душэўнай глыбінёй. Гэта фільм пра каханне, сям’ю і жыццёвыя каштоўнасці”.


Галоўныя ролі ў фільме выконваюць народны артыст Літвы Юозас Будрайціс, народная артыстка Расіі Ірына Ягорава (яна здымалася і ў першай карціне), расійскі акцёр Андрэй Мярзлікін, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, маладыя беларускія акцёры Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў і іншыя. Сапраўдным падарункам для гледачоў стане з’яўленне ў карціне Мікалая Карачанцава — гэта яго першая роля ў кіно праз дзевяць гадоў пасля катастрофы. Яго персанаж з’ехаў дваццаць гадоў таму ў пошуках працы і знік, а цяпер вяртаецца дадому, да Марусі. Мы бачым яго на лесвічнай пляцоўцы ўсё з тым жа гармонікам, з якім ён сышоў. “Гэта я, Маруся. Я прыйшоў”, — прамаўляе артыст, і ад гэтых слоў наварочваюцца слёзы. І ўжо толькі дзеля гэтага на “Белыя росы. Вяртанне” варта схадзіць.


mila@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter