Пры самым негатыўным сцэнарыi падтапленнi паводкавымi водамi магчымы на тэрыторыi 60 раёнаў краiны

Не разлi, вада

Для ацэнкi паводкавай сiтуацыi ў басейнах рэк гiдролагi апрацоўваюць iнфармацыю, якая паступае з 112 гiдралагiчных пастоў i 42 пунктаў назiрання суседнiх дзяржаў. Правёўшы неабходныя разлiкi, спецыялiсты складаюць як кароткатэрмiновыя прагнозы, так i доўгатэрмiновыя са своечасовасцю 15 сутак. Гэтая iнфармацыя аператыўна даводзiцца да МНС. Карэспандэнт «Р» даведалася аб падрабязнасцях.

Максімальныя ўзроўні вады вясной прагназуюцца блізкімі да сярэдніх шматгадовых значэнняў.

— Звычайна вясновая паводка пачынаецца ў першай дэкадзе сакавiка на рэках паўднёвай i паўднёва-заходняй частак краiны, у канцы сакавiка — на рэках паўночнай i паўночна-ўсходняй частак, — абазначыла тэндэнцыю першы намеснiк начальнiка Белгiдрамета Святлана Кузьмiч. — Сёлета раставанне снегу i разбурэнне лёду пачалося раней, чым звычайна. Гэтаму спрыяла вельмi цёплае надвор’е, якое ўсталявалася ў трэцяй дэкадзе лютага з сярэдняй тэмпературай паветра вышэй на 5,5 градуса. Да пачатку вясны снежны полаг на тэрыторыi краiны практычна растаў.

Што змякчыла паводкавую сiтуацыю? Максiмальныя запасы вады ў снезе, па назiраннях сiноптыкаў, былi значна меншыя ў параўнаннi з максiмальнымi значэннямi за шматгадовы перыяд назiрання. Да таго ж у перыяд раставання снегу глеба на большай частцы тэрыторыi краiны добра ўбiрала вiльгаць, таму iстотнага паверхневага сцёку адталых вод не назiралася.

На дадзены момант практычна цалкам ачысцiлiся ад лёду рэкi басейнаў Вiлii, Заходняга Буга, большая плошча Прыпяцi, асобныя ўчасткi Заходняй Дзвiны, Нёмана i Бярэзiны.

Святлана Кузьмiч назвала два ўчасткi, якiя выклiкаюць асцярогу:

— На рэках практычна паўсюдна адбываецца рост узроўню вады. На асобных участках рэк басейнаў Нёмана, Вiлii, Заходняга Буга, Дняпра, Бярэзiны, Сожа i Прыпяцi вада знаходзiцца ў пойме. На прытоку Сожа, рацэ Пронi каля вёскi Ляцяга ўзровень вады на 2 сантыметры перавышае небяспечна высокую адзнаку, пры якой раней наглядалiся затапленнi прыбярэжных тэрыторый. На прытоку Прыпяцi рацэ Случ ля вёскi Ленiн узровень вады блiзкi да небяспечна высокай адзнакi. Да яе застаецца 22 сантыметры.

Да пачатку вясны воднасць большасцi рэк была блiзкая да звычайнай для гэтага часу года. Максiмальныя ўзроўнi вады вясной прагназуюцца блiзкiмi да сярэднiх шматгадовых значэнняў. На асобных участках рэк Нёмана, Бярэзiны, Сожа i Прыпяцi дасягнуты небяспечна высокiя адзнакi, пры якiх наглядаецца затапленне прыбярэжных тэрыторый. Аднак надвор’е можа ўнесцi свае карэктывы. У выпадку шчодрых ападкаў паводкавая сiтуацыя ўскладнiцца, пры станоўчых тэмпературах днём i адмоўных ноччу — памякчэе.

— Пры самым негатыўным сцэнарыi развiцця паводкi затапленне населеных пунктаў, садовых таварыстваў, мастоў i дарог паводкавымi водамi магчыма на тэрыторыi 60 раёнаў краiны. Усяго падтапленню могуць падвергнуцца 158 населеных пунктаў, — папярэджвае начальнiк упраўлення аварыйна-выратавальных службаў i лiквiдацыi надзвычайных сiтуацый МНС Сяргей Новiк. — Манiторынг гэтых тэрыторый ажыццяўляюць як работнiкi Белгiдрамета, так i МНС. Халоднае надвор’е ў папярэднiя днi спрыяла запаволенню iнтэнсiўнасцi росту ўзроўню вады на рэках. Пакуль маем два ўчасткi падтаплення талымi водамi аўтадарог. Грузавы транспарт праязджае, па перамяшчэннi легкавога транспарту ёсць пытаннi.

Гаворачы аб гатоўнасцi сiл i сродкаў МНС, Сяргей Новiк адзначыў, што сярод ратавальнiкаў сфармiравана 15 зводных атрадаў з 12-гадзiннай гатоўнасцю прыбыцця ў любую кропку краiны.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter