Источник: Знамя юности
Знамя юности

Студент БГУ Егор Ермаков вспоминает своего прадеда - партизана Михаила Ждановича

Не раз пасля бою ціха гучала ў зямлянцы Міхасёва гітара

«Крывы Міхась» – так жартам і ўсур’ёз называў ён сябе. Я нарадзіўся ў той год, калі яго не стала. Усё, што ведаю пра прадзеда, мне расказалі матуля і бабуля. Дзеці, пляменнікі, унукі памятаюць Міхаіла Іванавіча Ждановіча ўжо не маладым, але заўсёды з лагоднай усмешкай на твары і гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачах. Калі пачалася вайна, ён не раздумваючы пайшоў у партызаны – 108-ы атрад імя Сталіна, брыгаду Ціхамірава. Быў цяжка паранены і пакараны за партызанскую дзейнасць фашыстамі. Але не страціў самага галоўнага – любві да Радзімы, сям’і, жыцця.

***
Родны брат маіх прабабуль Кацярыны і Агаты нарадзіўся ў 1908 годзе. Гэта з ім маленькім на руках мае прапрадзед Іван Андрэевіч Кучук-Ждановіч і прапрабабка Варвара Іванаўна пакінулі сваю старажытную радзіму – вёску Чурылава Уздзенскага раёна. Пасля Сталыпінскай рэформы яны атрымалі крэдыт у банку і паехалі шукаць шчасця-долі: новае жыццё пачалі будаваць у Чэрвеньскім раёне на хутары Любуск, дзе набылі кавалак зямлі. Уласны кут!

З маленства Міхась вучыўся ад свайго бацькі габляваць, рабіць бочкі, цэбры, куфры, спасцігаў навуку «быць гаспа­даром». А яшчэ ён, як і галоўны герой паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», чуў незвы­чай­ныя гукі зямлі. Яго вабіў нязведаны свет. І толькі пачуў­шы гукі скрыпкі і цымбалаў, Міхась зразумеў: вось яно! Тое, што трывожыць і хвалюе, што часамі не дае заснуць, чым поў­ніцца душа. І ён пачаў іг­раць, асвоіў гітару, балалайку, цымбалы. Мог навесці ў струнах такі лад, што пазайздросціў бы любы музыка-прафесіянал.

7 лістапада 1929 года ажа­ніўся, завёў уласную гаспадарку, а праз чатыры гады ў Міхаіла Іванавіча і Стэфаніды Якаўлеўны нарадзіўся сын Герык (першая дачушка Таіса памерла маленькай). Шчыра радаваліся таму, што жыццё наладжваецца. На жаль, у 1939 годзе хутар быў знішчаны мясцовымі ўладамі падчас калектывізацыі, і ўсім нашым продкам прыйшлося пакі­нуць Любуск, абжытыя хаты, маладыя садкі і сваю мару аб лепшай долі, якую галубілі і выношвалі не адно дзесяці­годдзе. Сем’і перасялілі ў саўгас «Маладая гвардыя» Чэрвень­скага раёна. На новым месцы жыхарства, у вёсцы Рэчкі, зноў пачалі абзаводзіцца котлішчамі, садзіць сады, гадаваць дзетак. У 1941 годзе нарадзіўся яшчэ адзін сынок – Мішка. Але радасць была нядоўгай.

***

Пачуўшы пранікнёны голас дыктара Левітана, які абвясціў пачатак вайны, Міхась падумаў: «Лёс Радзімы вышэй. Вышэй за ўсё…» Ён пайшоў ў партызаны ў 108-ы атрад імя Сталіна, брыгаду Ціхамірава (дарэчы, мая бабуля Тамара памятае, як Ціхаміраў прыязджаў да дзеда Міхася год праз 20 пасля заканчэння вайны). Не раз пасля бою ціха гучала ў зямлянцы Міхасёва гітара. Плакалі струны, нібы прадчуваючы, якое гора напаткала сям’ю: зімой 1943 года па наводцы мясцовых паліцаяў фашысты схапілі 11 чалавек і расстралялі іх за вёскай у саўгасным гумне – такім чынам за партызанскую дзейнасць Міхася быў пакараны яго бацька Янка. Ноччу мая прапрабабка Варвара ўзяла самаробныя санкі і паехала ў тое гумно. Усе забітыя былі без вопраткі і ляжалі тварамі ўніз. Абмацваючы, па нагах Варвара пазнала мужа і прыцягнула на мясцовыя могілкі, сваякі вырылі дол і пахавалі яго. Калі на наступны дзень фашысты вырашылі, што забітых трэба спаліць, гумно было ўжо пустое.

…А Міхась у гэты час быў далёка ад роднага дому. Чацвёра партызан атрымалі заданне рухацца ў Чэрвеньскі раён. Пры пераходзе шашы на станцыі Мірадзіна каля Бабруйска група была расстраляна з нямецкага кулямёта. Міхася моцна пара­ніла ў нагу. Кулямётчык быў забіты, жывыя кінуліся ў лес. Фашысты пачалі наганяць. Хлопцы схавалі Міхася ў лесе пад лаўжом, мяркуючы пазней вярнуцца за ім. Калі сціхла перастрэлка, двое партызан (адным з іх быў 16-гадовы студэнт з Мінска, пасля вайны ён адшукаў адрас пра­дзеда, прыязджаў наведаць яго) вярнуліся за сябрам: той быў вельмі слабы, бо страціў шмат крыві. Хлопцы не змаг­лі вынесці яго ўдвух і пайшлі за падмогай. У гэты час цяжка параненага партызана знайшлі ворагi – у яго ватоўцы ляжалі тэрмітныя запалкі, якія выкарыстоўваліся для падрыву фашысцкіх цягнікоў. Міхася адправілі ў турму пад назвай «Крэпасць горада Бабруйска». Там яму вельмі пашанцавала: турэмны пісар быў з Чэрвеньскага раёна. Ён запісаў Міхася не як партызана, а як ваеннапалоннага і гэтым выратаваў яму жыццё: усіх, хто быў у партызанах, вывезлі і ўзарвалі, а прадзя­дулю пераправілі ў польскі шпіталь.

***
Сегодня мы стремимся как можно больше узнать о своих отце, дедушке, других родственниках и всех тех, кто воевал на фронтах Великой Оте­чественной или в партизанах. Наградной лист на представление Михаила Ивановича Ждановича к медали «Партизану Отечественной войны» I степени появился на интернет-портале «Партизаны Беларуси» – partizany.by. В базе данных уникального белорусского проекта уже более 85 тысяч электронных карточек о партизанах и подпольщиках. Работа по ее заполнению будет продолжаться и дальше.

Пасля вызвалення Польшчы Міхась накіраваўся ў Мінск, дзе жыла яго сястра Манька. Да роднай вёскі заставалася 100 кіламетраў, якія баец вырашыў прайсці пешшу на мыліцах. Тым часам дома ведалі пра падзеі ля Бабруйска. Не дачакаўшыся ніякай весткі, адплакалі і памянулі Міхася. Вырашылі, што загінуў ад кулі ворага. Можна толькі ўявіць, якая вялікая радасць напаткала ўсіх блізкіх, калі хтосьці з аднавяскоўцаў пе­радаў жонцы партызана:

– Стэфка, Міхась пакалечаны, але жывы. Ён ідзе з Мінска…

Стэфаніда запрэгла каня і паехала яму насустрач. Хоць і «крывы», але ж у хату вярнуўся гаспадар, бацька, муж. Лячылі раны, адбудоўвалі жыццё.

Мінула вайна, у сям’і Мі­хася і Стэфаніды нарадзіліся Галя, Ванька і Анатоль. Больш за ўсё дзеці любілі, калі бацька садзіўся ў нядзелю на лаўку ля хаты і браў у рукі гітару ці балалайку. Тады збіраліся ўсе суседзі! Як і раней, гаспадар займаўся сталярствам і цяслярствам – варштат для апрацоўкі дрэва стаяў у хаце да 1965 года. Прадзед рабіў рэчы для штодзённага ўжытку, вельмі практычныя і прыгожыя. Займаўся разьбой, размалёўкай па дрэве, аплікацыяй саломкай, рабіў узоры на тканіне, веранды з арыгі­нальна зашклёнымі акенцамі з дэкаратыўнай паліхромнай расфарбоўкай, мастацкую ша­лёўку сцен, а ўсіх аднавяскоўцаў абуваў у самаробныя га­лошы. Пра такіх людзей у народзе гавораць «самародак». Многія рэчы, зробленыя рукамі прадзядулі, аберагаюцца ў нашай сям’і і зараз.

У 1999 годзе Міхась і Стэ­фаніда справілі 70-годдзе свайго шлюбу. Падчас віншаванняў прадзед вынес з другой паловы хаты гітару і, павярнуўшыся да прабабулі, заспяваў свой любімы раманс: «Спрятался месяц за тучку, в небе не хочет гулять. Дайте вы мне свою ручку к пылкому сердцу прижать…» Тады яму было больш за 90 год! А голас такі малады, такі пранікнёны, такі шчыры!..

У Дзень Перамогі пра­дзед Міхась заўсёды даставаў свае ўзнагароды, сярод якіх быў ордэн Айчыннай вайны I ступені, медаль «За адвагу», медаль «За победу над фашистской Германией», і доўга пазіраў на іх. Пра што думаў наш герой вайны ў такія хвіліны? Пэўна, пра ўнукаў сваіх, пра праўнукаў. Каб іх не напаткаў такі неміласэрны лёс, які выпаў яму. А вось расказваць пра вайну не мог, не любіў. Відаць, вельмі цяжкімі і балючымі былі ўспаміны…

Ягор ЕРМАКОЎ, студэнт 1-га курса факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ 

Фота з сямейнага архіва
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter