«Не проста зямляк, а ганаровы аднавясковец»

РАМАН “Птушкі і гнёзды”, дакументальная кніга “Я з вогненнай вёскі” (у суаўтарстве з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам), аповесць Memento mori, апавяданні, мініяцюры, эсэ… Мову твораў Янкі БРЫЛЯ не зблытаць ні з якой іншай: сакавітая, вобразная, ўдумлівая. Асабліва захапляе філігранная дакладнасць, з якой аўтар апявае прыгажосць родных мясцін. І гэта не выпадкова: будучы класік гадаваўся ў карэліцкім Загор’і, а апошнія амаль  30 гадоў жыцця прыязджаў на лета ў Крынічнае, што таксама ў Карэліцкім раёне.


ТОЙ самы дом, дзе ў цёплую пару амаль да самых халадоў бываў Янка Брыль разам са сваёй жонкай Нінай Міхайлаўнай, і цяпер стаіць у Крынічным. Там бываюць яго нашчадкі.

Чаму пісьменнік займеў дачу менавіта ў гэтай вёсцы, тлумачыць сын літаратара Андрэй Іванавіч:

— У Крынічным бацька, як сам заўважаў, апынуўся дзякуючы свайму партызанскаму сябру Яўгену Крамко. Так і казаў: “Гэта ён мяне сюды заманіў”. У 1978 годзе здымалі жыллё ў аднаго гаспадара ў Крынічным, чатыры леты ў яго пражылі. Спадабалася: надта ж тут маляўнічыя віды — Нёман, дубовыя гаі, спадзістыя берагі і палі. У 1982-м адбудаваў тата гэты домік. Тут яму добра працавалася. Кожную раніцу хадзіў за малаком за паўтары кіламетры на суседні хутар.

Дарэчы, і сёння нашчадкі захоўваюць той самы галаўны ўбор — брыль, які апранаў пісьменнік. Капялюш прасілі аддаць у адзін з музеяў, але родныя пакінулі яго пакуль сабе. У адным з пакояў дома захавана абстаноўка, якая была ў часы гаспадара: пісьмовы стол, мэблевая секцыя, крэсла, фіранкі на вокнах.

Як і ў былыя часы, прыязджаюць сюды рэгулярна летам дзеці і ўнукі Янкі Брыля. Крынічнае было і месцам, куда класік запрашаў сваіх паплечнікаў-літаратараў. Чалавекам быў ён вельмі сціплым, не любіў павышанай увагі да сваёй асобы, нават юбілеі не адзначаў урачыста. А калі чакаў на дачы сваіх сяброў, то ўжо тыя прыёмы былі шчырыя, хлебасольныя. Але ў пытанні вядзення гаспадаркі Іван Антонавіч не вельмі ўнікаў: яго жонка Ніна Міхайлаўна (ўжо нябожчыца), з якой душа ў душу пражылі больш за 60 гадоў, была вельмі добрай гаспадыняй. Цікава, што і яна таксама станавілася адным з чытачоў твораў Янкі Брыля.

З НІНАЙ Міхайлаўнай Янка Брыль быў знаёмы яшчэ са школы, многа перапісваліся. Ажаніўся пісьменнік у пераможным 1945 годзе. Пра сваё вяселле ўспамінаў так: “23 студзеня 45-га мы з Нінай распісаліся ў Міры, у загсаўскім пакойчыку ў цагляным доме райміліцыі. Уся шлюбная ўрачыстасць заключалася ў тым, што сухая i з твару панурая чыноўніца, аддаючы мне пасведчанне, сказала: “Ну вот. А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф”.

Жылі маладыя сціпла, удваіх фактычна на адну зарплату. У 1952 годзе Янка Брыль атрымаў Сталінскую прэмію за аповесць «У Забалоцці днее». Яна, канечне, моцна дапамагла ў далейшым жыцці Івана Антонавіча: яго літаратурны лёс складваўся добра. Творы пісьменніка друкаваліся не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Многа падарожнічаў ён па свеце, адусюль заўсёды прывозіў якія-ніякія гасцінцы дзецям. Асабліва — цікавыя кнігі. Янка Брыль клапаціўся, каб яго дзеці мелі добры густ у літаратуры. Аднак пра тое, каб нехта пайшоў па яго слядах, не настойваў.

Ці памятаюць Брыля ў родным Загор’і? Здавалася, што вяскоўцаў-старажылаў, якія б ведалі і маглі ўспомніць пра класіка, знайсці не ўдасца. Аднак дапамог нам у гэтым акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар Мікалай Ламан.
Янка БРЫЛЬ у майстэрні Заіра АЗГУРА.

Мікалай Афанасьевіч родам з той жа карэліцкай вёскі, дзе вырас і Янка Брыль. Справа ў тым, што бацькі пісьменніка, калі беглі ад немцаў падчас Першай сусветнай вайны, аселі ў Адэсе, дзе той нарадзіўся. У 1922 годзе родныя вярнуліся на радзіму, і ўсё жыццё Янкі Брыля прайшло тут, у Беларусі. У 1931-м Іван Антонавіч скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.

Са славутым земляком Мікалай Афанасьевіч быў знаёмы з юнацкіх гадоў. Дамы іх продкаў стаялі на вясковай вуліцы насупраць. Калі збіраў матэрыял па гісторыі пра сваю школу, неаднаразова сустракаўся з Іванам Антонавічам. Гэта было прыблізна ў 2003—2004 гадах. Справа ў тым, што тая самая польская сямігодка знаходзілася ў суседняй з Загор’ем вёсцы Турэц і была адкрыта ў 1862 годзе як пачатковае народнае вучылішча.

— Іван Антонавіч памятаў той час добра, апавядаў у дэталях пра ўсё, расказваў, дзе знаходзілася школа, як яна працавала, хто там вучыўся, якія былі настаўнікі, — заўважае Мікалай Ламан. — Я некалькі разоў быў яго госцем у мінскай кватэры. Чалавек быў ён вельмі адукаваны, начытаны, сапраўдны інтэлігент, гонар беларускай нацыі. Для мяне Іван Антонавіч — глыбока паважаная творчая асоба. Ён не проста мой зямляк, але і ганаровы аднавясковец. Высокага росту, фотагенічны, апрануты заўсёды проста, але з густам. Да людзей ставіўся прыязна, з пашанай. Мне запомнілася, што кожны раз, калі мы з ім сустракаліся, ён цікавіўся пра мае справы, распытваў і расказваў пра тых вяскоўцаў, каго ведаў асабіста. Напрыклад, пра маю маці, маіх старэйшых братоў.

Пісаў Янка Брыль да самага апошняга часу. Прычым ад рукі, не карыстаючыся камп’ютарнай тэхнікай. З-за таго што ў пісьменніка быў усталяваны кардыястымулятар, існавалі абмежаванні на працу з электратэхнікай.

ДАСЛОЎНА

У адным са сваіх інтэрв’ю Янка Брыль казаў: «Калі не карыстацца высокім словам «натхненне», трэба, каб было што сказаць і хацелася сказаць. Першыя мае апавяданні напісаныя пры цьмянай газавай лампе… У Крынічным я ўжо больш за дваццаць гадоў, з ім у мяне звязаныя добрыя ўспаміны: шмат што тут напісалася, вось на гэтым стале, якому больш за пяцьдзясят гадоў… Я ўсё жыццё не расстаюся з блакнотам, запісваю хоць два-тры сказы, каб ведаў, за што зачапіцца».

МІЖ ТЫМ

26 верасня 2007 года імя Янкі Брыля атрымала вуліца ў мінскім мікрараёне Міхалова. 26 жніўня 2009 года імя пісьменніка было нададзена адной з вуліц Гдыні. Справа ў тым, што ў 1939-м Янка Брыль быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, у верасні таго ж года, трапіў пад Гдыняй у нямецкі палон, у 1941-м уцёк, вярнуўся ў Беларусь і далучыўся  ў партызан.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter