Уникальную коллекцию сундуков можно увидеть в музее под Минском

Не проста скрыні

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, які знаходзіцца ўсяго ў чатырох кіламетрах ад МКАД, адкрыў новую экспазіцыю «Куфры Беларусі». Як паведамляе сайт музея etna.by, выстава з’яўляецца вынікам працяглай збіральніцкай, рэстаўрацыйнай і экспазіцыйнай работы і прэзентуе значную частку калекцыі традыцыйнах куфраў, сабраную спецыялістамі за амаль 45 гадоў існавання музея.

Фота  БЕЛТА

Куфар як прадмет інтэр’ера ў побыце беларусаў вядомы з часоў Сярэдневякоўя. Праўда, доўгі час, аж да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, ён быў з’явай выключна гарадской. Прычым цікава, што першыя куфры былі манахромныя, іх галоўнай мастацкай адметнасцю з’яўляліся не роспісы і разьба, а металічнае аздабленне. Сярод цэнтраў вытворчасці куфраў з дэкаратыўнай акоўкай асабліва вылучаюцца Давыд-Гарадок Столінскага раёна і Семежава Капыльскага.

У другой палове ХІХ стагоддзя, з адменай прыгоннага права, куфры становяцца часткай і сялянскага жыцця. Развіццё промыслу і пашырэнне кола спажыўцоў вымусіла рамеснікаў шукаць новыя спосабы дэкарыравання. Адным з такіх спосабаў стала цацкаванне, ці штампаванне, калі на фарбаваную паверхню куфра штампікамі з бульбы ці рэпы, памочанымі ў светлую фарбу, наносілі ўзор. Папулярнай была і фляндроўка, якая імітавала ці падкрэслівала прыгажосць натуральнага малюнка драўніны. Куфры аздабляліся такім чынам: спачатку іх фарбавалі ў светлы колер, затым наносілі цёмную фарбу і па яшчэ сырой паверхні вадзілі скураным ці гумавым грабеньчыкам. На цёмным фоне выступалі больш светлыя разводы, плямы і хвалістыя лініі. Куфры нечым нагадвалі дарагую драўляную мэблю.

Выстава ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту дэманструе розныя віды дэкаратыўнага аздаблення куфраў, характэрныя для этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, знаёміць з інструментамі дэкарыравання, расказвае пра функцыянальнае прымяненне гэтых традыцыйных прадметаў інтэр’ера. Пазнаёміцца з выставай «Куфры Беларусі» можна на тэрыторыі помніка архітэктуры «Вяночны двор з в. Варашылкі Мядзельскага раёна» (сектар «Паазер’е»).


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter