Не проста чытальня

У Міністэрстве культуры падвялі вынікі XXII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.

У Міністэрстве культуры падвялі вынікі XXII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Лепшыя сярод гарадскіх і сельскіх бібліятэк вызначылі ў чатырох намінацыях. Як паказалі вынікі конкурсу, вясковыя бібліятэкары працуюць не горш за гарадскіх.

Конкурс прайшоў у два этапы. Спачатку пераможцаў вызначылі па абласцях, і толькі пасля конкурсныя работы ацаніла прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, Нацыянальнай бібліятэкі, абласных бібліятэк і грамадскіх арганізацый.

Дзіўна, што праігнаравалі адзіны ў краіне конкурс сярод бібліятэк мінчане. А між іншым пераможцы ў кожнай з намінацый атрымалі дыпломы першай, другой, трэцяй ступені і грашовыя прэміі ў памерах 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна.

Лепшымі ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” сталі Дзяржынская цэнтральная раённая бібліятэка, якая сабрала вялікі пласт інфармацыі пра мясцовага краязнаўцу, бібліятэкара і грамадскага дзеяча Адольфа Янушкевіча, а таксама Цяцерынская сельская бібліятэка Круглянскага раёна, дзе стварылі вялікі альбом, прысвечаны 100-годдзю беларускага літаратара Васіля Бурносава.

Навацыямі ў галіне бібліятэчнай справы вызначыліся Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя Каладзеева, якая адзіная сярод бібліятэк папулярызуе сябе, літаратуру, а таксама культуру свайго краю праз сацыяльныя сеткі, і Гальшанская сельская бібліятэка Ашмянскага раёна. Апошняя выйграла еўрапейскі грант амаль на восем тысяч долараў і стварыла ў сваіх сценах музей геадэзічнай Дугі Струвэ, які штогадова наведваюць некалькі сотняў замежных гасцей.

У намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” журы адзначыла Крычаўскую цэнтральную дзіцячую бібліятэку, якая папулярызуе нацыянальную літаратуру не толькі праз розныя конкурсы і віктарыны, але і прызы ў выглядзе дыванкоў для камп’ютарных мышак з выявамі беларускіх класікаў. Лепшай у гэтай намінацыі аказалася таксама Санюкоўская сельская бібліятэка Ельскага раёна — тут не толькі працуюць над зборам мясцовых калыханак, замоў, казак, павер’яў, загадак, але і праводзяць традыцыйныя святы з удзелам дзяцей і моладзі.

За падтрымку і развіццё чытання дыпломамі і грашовымі прэміямі за першыя месцы ўзнагародзілі Цэнтральную гарадскую бібліятэку імя Таўлая горада Баранавічы, дзе праводзіцца вялікая праца па стварэнні відэапрэзентацый кніг і буктрэйлераў, а таксама Трасцінскую сельскую бібліятэку Хоцімскага раёна — творчасць беларускіх пісьменнікаў тут прапагандуецца праз творчыя сустрэчы, віктарыны, гульні з чытачамі, буклеты і многае іншае.

Як паказаў конкурс, бібліятэка сёння з’яўляецца нашмат большым, чым проста чытальняй. Гэта і музей, і відэастудыя, і цэнтр нацыянальнай культуры, дзе прапагандуюцца нацыянальная спадчына, гісторыя, мова, народная культура і, вядома, літаратура.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter