Более 130 агроусадеб 28 и 29 июня раскроют свои двери для туристов II Европейских игр

Не праязджайце міма

Гасцей, удзельнікаў і журналістаў II Еўрапейскіх гульняў чакае прыемны сюрпрыз: 28 і 29 чэрвеня іх запрашаюць пазнаёміцца з нашым сельскім турызмам. У гэтыя дні ў аграсядзібах пройдуць дні адчыненых дзвярэй. Да акцыі далучыліся звыш 130 аб’ектаў. Іх адрасы, у прыватнасці, можна знайсці на сайце беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы». Там жа паказаны час, спрыяльны для візіту. А вось у Гомельскай вобласці мерапрыемствы ўвогуле расцягнуцца на тры дні. Але ўсю інфармацыю лепш даведацца з першых вуснаў па зазначаных тэлефонах, таму што дзесьці над праграмай яшчэ працуюць.

Да акцыі далучыліся звыш 130 аб’ектаў.Фота Аляксея СТАЛЯРОВА


Старшыня праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова яшчэ на пачатку чэрвеня выказвала меркаванне, што больш за ўсё гаспадароў аграсядзіб на запрашэнне правесці дні адчыненых дзвярэй адгукнецца з Мінскай вобласці. Амаль адгадала. Па актыўнасці нароўні з цэнтральным рэгіёнам аказалася Гродзеншчына. У кожнай з гэтых абласцей да прыёму вялікай колькасці гасцей рыхтуюцца па 40 гаспадароў.

Адна з іх — Ганна Наканечная, гаспадыня аграсядзібы «За масточкам», што ў Валожынскім раёне. Кажа, што некалькі турыстаў зможа прыняць толькі ў пятніцу. І тое перажывае, як надаць дастаткова ўвагі ўсім адпачывальнікам. Бо ў гэтыя дні ў сядзібе будуць пражываць тыя, хто забраніраваў яе загадзя.

— Можам выдзеліць два каякi, каб пракаціць людзей па нашым вадасховішчы Сакаўшчына. Пакажам птушак, якія тут жывуць, раскажам пра іх, — агучвае некаторыя дэталі праграмы Ганна Барысаўна.

Гаспадар аграсядзiбы «Бацян» з гэтага ж раёна Уладзімір Бацян настроены больш рашуча:

— Удзельнічаем два дні — прымем усіх. Месца ў нас шмат. Лета ж на двары, рэчка побач, лугі вялікія. Тут нават фестывалі раней праводзілі, нараканняў не было. Будзе ў гасцей жаданне застацца — прыдумаем начлег. У гэтыя дні ў нас таксама будуць гасцяваць людзі, мы іх папярэджваем, што можа быць наплыў турыстаў — пярэчанняў няма. Як гаворыцца, у цеснаце, ды не ў крыўдзе.

Прыезд іншаземных гасцей падштурхне многіх уладальнікаў сядзіб да вывучэння або ўдасканалення ведання замежных моў.Фота БЕЛТА


Адпачынак пройдзе з блінамі, травянымі гарбатамі, мёдам, экскурсіямі па наваколлі і самой сядзібе. Уладзімір Вікенцьевіч разважае: напэўна, большасць турыстаў адправяцца ў аграсядзібы пад Мінскам. 

А гаспадар сядзібы «У Слабадзе» з Маладзечанскага раёна Анатоль Камінскі расказвае, што ў пятніцу вечарам тут пачнецца этнакультурнае свята «Дзе? У Слабадзе!». У праграме — выступленне творчых калектываў і чытанне беларускіх баек. Плануюць правесці і купальскі абрад. Экскурсіі і пачастункі — абавязкова. Спраўляцца будуць пераважна сіламі мясцовых артыстаў. Тут жа разгорнуцца выстава разьбяроў па дрэве і імправізаваны мастацкі вернісаж. Анатоль хвалюецца: чакаецца візіт замежных гасцей і журналістаў.

Гаспадар аграсядзібы «Верас», што ў Зэльвенскім раёне, Міхаіл Макей наконт колькасці турыстаў не загадвае:

— Будзе ў нас восем сваіх гасцей, дадаткова прымем усіх жадаючых. Тэрыторыя ў нас вялікая, так што людзі перашкаджаць адзін аднаму не будуць. 

Нават калі прыедзе менш турыстаў, чым чакалася, хвалявацца гаспадарам не варта, лічыць Валерыя Кліцунова. На яе думку, акцыя — добры спосаб прыцягнуць цікавасць іншаземцаў. Бо пасля заканчэння II Еўрапейскіх гульняў у іх будзе час павандраваць па краіне. У дапамогу — ужо гатовы спіс аграсядзіб. Як варыянт — яго можна захаваць і да наступнага візіту.

— Думаю, прыезд іншаземных гасцей падштурхне многіх уладальнікаў сядзіб да вывучэння або ўдасканалення ведання замежных моў. Да таго ж такія акцыі, як правіла, аб’ядноўваюць людзей. Бо без дапамогі сям’і, сяброў, суседзяў падрыхтавацца вельмі складана, — адзначыла суразмоўніца.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter