«Хвароба зайздрасці нараджае злосць», — перакананы пісьменнік Георгій Марчук

Не прасiць, а дзякаваць

«Хвароба зайздрасці нараджае злосць», — перакананы пісьменнік Георгій Марчук

ДЗЯСЯТАЕ стагоддзе размяняў старажытны Давыд-Гарадок, жыхары якога беражліва захоўваюць багатую культурную і гістарычную спадчыну. Беларускі творца Георгій МАРЧУК, які нарадзіўся і вырас тут, свае літаратурныя творы шчодра аздабляе багатым мясцовым матэрыялам.


За экранізацыю рамана «Кветкі правінцыі» ён ганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Талент і грамадская дзейнасць адзначаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і іншымі ўзнагародамі.

Багаты і шматгранны яго творчы арсенал: восем раманаў, паўсотні п’ес, дзіцячыя кніжкі казак, зборнікі навэл, афарызмаў, давыд-гарадоцкіх канонаў, сцэнарыі кінафільмаў. Георгій Васільевіч творчую дзейнасць спалучае з працай сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’яўляецца членам Грамадскага савета па маральнасці. Двойчы намініраваўся ад Беларусі на Нобелеўскую прэмію. Творы яго ўключаны ў школьную праграму і перакладзены на англійскую, балгарскую, рускую, украінскую, літоўскую, казахскую, польскую, македонскую мовы.

НАВАТ стылай восенню ў давыд-гарадоцкіх цесных палісадніках і агародах яшчэ дагараюць пярэстасцю фарбаў самыя ўстойлівыя да замаразкаў кветкі. А ўлетку палескі гарадок красуе суцэльнай рознакаляровай клумбай з чаруючым духмяным водарам. Карпатліва збіраецца насенне, дасушваецца і зберагаецца да вясны, каб адправіцца ў кайстрах-чамаданах па розных гарадах і весях. У кожнага палескага гандляра насеннем кветак і гародніны вывераны гадамі свой маршрут, і не дай Бог, каб сусед даведаўся пра яго. Так было паўвека таму, а мо і раней, так і сёння. Самабытны Давыд-Гарадок упарта прытрымліваецца спрадвечных традыцый. Толькі тут у калядныя дні ладзіцца свята «конікаў» – пераапранутых у вершнікаў з папонамі мясцовых жыхароў, якіх суправаджае гарэзлівы атрад карнавальных герояў. Завяршаецца гулянне апоўначы на цэнтральнай плошчы каля помніка князю Давыду ўрачыстым парадам з прэміраваннем самых удалых калядных гуртоў. 

Скакаў па гарадоцкіх вулачках і падворках калядным конікам і Георгій Марчук, якога выхоўвалі дзядуля Зміцер і бабуля Наста. Рана асірацеламу хлопчыку даводзілася і агарод палоць, і дровы калоць, і ў чарзе за хлебам стаяць. Але заўсёды выкройваў час для школьнай самадзейнасці. Як на крылах ляцеў на рэпетыцыі. Яшчэ зусім юным, у дзявятым класе, смела трымаўся на сцэне гарадскога клуба. Яму давяралі весці святочныя ўрачыстасці, нават выступаць з гумарэскамі. Так захапляўся сцэнай, што часам і пра ўрокі забываў. А калі ў выпускным класе настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Краўчук загадала напісаць сачыненне, за што вучні любяць восень, задумаўся пра сваё развітанне з юнацтвам. Сабраўся з думкамі, і што трымаў на сэрцы, шчыра вылажыў на паперу. Разам з аднакласнікамі здаў сшытак настаўніцы і быў вельмі здзіўлены, калі на наступным уроку Людміла Мікалаеўна абвясціла яго сачыненне лепшым і зачытала ўсяму класу.

— Тая пяцёрка за сачыненне пра апошнюю школьную восень была нечаканай, — узгадвае Георгій Марчук. — Звычайна хатнія заданні выконваў паспешліва, каб хутчэй выбегчы на вуліцу і ў футбол пагуляць ці ў клуб збегчы. І раптам такі неспадзяваны поспех. Свае разважанні напоўніў развагамі пра жыццё жыхароў правінцыйяльнага гарадка з яго векавымі ўкладамі, пра наша юнацкае растанне з дарагімі сэрцу мясцінамі. Выпускнікі наступных гадоў расказвалі, што ім таксама зачытвалі сачыненне, якое запаліла ў маім сэрцы творчы агеньчык. У раённай газеце «Навіны Палесся» друкаваліся мае замалёўкі, гумарэскі.

Школьныя настаўнікі адчувалі нашы здольнасці, развівалі іх, давалі трывалыя веды.

— Жыхароў Давыд-Гарадка і сёння лёгка вызначыць па моўнаму дыялекту, які захаваўся і ў вашай гаворцы. Ці не так?

— Для мяне гэта вялікі камплімент. Мова дзяцінства бессмяротна. Мае продкі па бацькоўскай ліні з палескіх купцоў і плытагонаў. На нашай невялікай у трыццаць хат вуліцы Закасцельнай жылі бондары, цесляры, шаўцы, мяснікі, краўцы, якія мелі заказы ад вяскоўцаў да пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, пакуль горад быў райцэнтрам. Дагэтуль многае захавалася. Асабліва культура паводзін і вопраткі. Да царквы ці ў цэнтр апранаюцца так, каб ніхто не асудзіў. 

Дзед Ілля служыў у царскай арміі і пісаў вершы. Мацярынская радня з рамеснікаў. Этнас майго роднага Давыд-Гарадка канцэнтруецца на беларускай, рускай, польскай, украінскай і яўрэйскай культурах. Да вайны ў мястэчку было чатыры публічныя бібліятэкі. Маё пасляваеннае пакаленне вырасла на такой багатай спадчыне.

— Кланы ў мястэчку існавалі?

— Яны падзяляліся ў асноўным па відах рамёслаў. Шаўцы збіраліся па суботах і нядзелях у чайнай. А ў парку каля жалезнага слупа, што падобны на Эйфелеву вежу, абмяркоўвалі справы краўцы. Бондары і цесляры мелі сваё месца збору. Дзівам было для іх у пасляваенныя гады ўбачыць электрычны ручны гэблік. У мастака Барыса Сысы раіліся іканапісцы, якіх засталося зараз чатыры. Многія беларускія храмы распісаны імі.

— Але галоўная асаблівасць Давыд-Гарадка — кветкі.

— І змест майго рамана «Кветкі правінцыі», рамана Уладзіміра Глушакова «Насенне», вядомыя песні паэта Леаніда Дранько-Майсюка прысвечаны кветкам. І п’есу «Люцікі-кветкі» напісаў на гэтым матэрыяле. Нашы мастакі ярка маслянымі фарбамі малявалі на фанеры кветкі і гародніну. І я з бацькам вазіў у Маскву прадаваць насенне з такімі рэкламнымі дошчачкамі. Нялёгка даюцца грошы ад вырашчанага і прададзенага насення. Вузенькія, усяго па шэсць сотак, агароды. Таму хадзілі па навакольных вёсках і дакуплялі насенне гародніны, распакоўвалі па мяшэчках і везлі на продаж. Гэты занятак і зараз трымае на плаву многіх землякоў. У кожным куточку Беларусі менавіта так  павінны захоўваць свае традыцыі. 

— Георгій Васільевіч, які ваш шлях да творчасці?

— Са школьнай самадзейнасці, якая грымела ў нас. Сённяшняя моладзь залезла ў гаджэты, інтэрнэты, і яны адзінокія. Са школьных часоў выпісваў часопіс «Мастацтва кіно», і мастацтва ўсё больш захапляла. 

— Як да гэтага ставілася бабуля?

— Падтрымлівала і казала, што не гандляваць жа ўвесь век насеннем. І так у кожнай сям’і  імкнуліся вучыць дзяцей. Чатыры сыны суседа Шапецькі сталі кандыдатамі медыцынскіх навук. Землякі Андрэй Самсон абараніў доктарскую дысертацыю па лазерах і атрымаў Дзяржаўную прэмію, а Рыгор Рычагоў — першы беларускі доктар медыцынскіх навук. 

Рака Гарынь дзеліць наш гарадок на дзве часткі, і ў адной з іх была руская школа, а ў другой — беларуская. Я вучыўся ў рускамоўнай. Вядома, што сіроцкае дзяцінства было нелёгкім. Часта хварэў. Лячыўся ў дзіцячым санаторыі з багатай на беларускую літаратуру бібліятэкай. Зачытваўся літаратурай. Калі працаваў метадыстам у Столінскім раённым Доме культуры, захапіўся зборам кніг. На экзамене па рэжысуры ў Тэатральна-мастацкім інстытуце выкладчык Сабалеўскі слухаў мяне і пацікавіўся, адкуль я. Прапанаваў далей адказваць на мове. У студэнцкія гады са сцэны чытаў байкі, гумарэскі, набіраўся моўнага запасу. Вабіла беларуская класіка. Працуючы памочнікам рэжысёра на «Беларусьфільме», наведваў секцыі Саюза пісьменнікаў, і сам захапіўся пісаць. 

— У маладыя гады звычайна ствараюць раманы. А вы як?

— Самы галоўны мой жыццёвы раман пачаўся з сустрэчы на сталічным праспекце з прыгожай дзяўчынай, да якой як магнітам прыцягнула. Пазнаёміліся. Наталля так зачапіла мяне, што больш як сорак гадоў разам. Дачка Наталля нарадзілася, піша казкі-фэнтэзі. Унучка Марыя Дзмітрыеўна, якую назвалі ў гонар маёй маці, захоплена кам’пютарам. Прашу прачытаць маю чарговую казку, а яна на потым адкладвае. Гэта ўжо іншае пакаленне. Я аддадзены роднаму куточку. У творах выкарыстоўваю дыялектызмы, каб чытач больш адчуваў каларыт. 

У любімым рамане Міхаіла Шолахава «Ціхі Дон» заўважыў слова «сернікі», і ў нашай мясцовасці яно ўжываецца. Некаторыя падзеі рамана адбываліся на пачатку мінулага стагоддзя ў памежжы ўкраінскага і беларускага Палесся.

— Шолахаў так дакладна і прыгожа апісвае краявіды, быццам там бываў. Здзіўляе такое веданне пісьменніка.

— Прататып шолахаўскага Рыгора Мелехава — Харлампій Ермакоў — бываў у Давыд-Гарадку. Ён змагаўся з ворагам у час Першай сусветнай вайны. Пісьменнік перад напісаннем «Ціхага Дона» днямі слухаў расповеды казака Ермакова і дакладна перанёс у свой эпахальны твор. 

Ідэю рамана «Крык на хутары» мне падказаў качагар Столінскага раённага Дома культуры Юзік Пятэльскі, у якога кватараваў. Пачутая ад яго трагедыя на хутары мяне зацікавіла, і я стаў вывучаць па архівах гістарычныя факты, абагульняць і толькі потым адважыўся пісаць твор. У аснове яго рэальныя падзеі. Планаваў назваць «Крывавы хутар», але прыйшла назва «Крык на хутары». Пашырыў геаграфію падзей і ўвёў дадатковых герояў. У архівах цікавіўся даваенным жыццём на Брэстчыне, якая была пад панскай Польшчай. Прачытаў успаміны пра падпольную дзейнасць Максіма Танка, іншых змагароў-актывістаў. Шмат цікавых фактаў пачуў ад сведкі падзей мастака Міхася Карпука з камянецкага мястэчка Высокае. Цікавыя звесткі прачытаў у запісках паштальёна з Мярлінскіх хутароў Пятра Скрыпскага, які грунтоўна вывучаў жыццё палешукоў «за польскім часам» і гісторыю ўладання на Палессі італьянскай каралевы Боны. Усё сабранае рэалізаваў у творы, які прачытаў Васіль Быкаў і па тэлефоне пацікавіўся ў Адама Мальдзіса, ці не той Марчук, што сядзеў у трыццатых гадах у польскіх вязніцах. Васіль Уладзіміравіч здзівіўся, што мне было 28 гадоў, і адзначыў раман. Ён мала каго з літаратараў хваліў, і было прыемна атрымаць такую ацэнку народнага пісьменніка. Азнаёміўся з раманам Іван Пташнікаў і прапанаваў неадкладна друкаваць. Неўзабаве мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

— Калі «Крык на хутары» — эпахальны раман, то «Кветкі правінцыі» — аўтабіяграфічны. Як землякі ўспрынялі твор?

— Кожную больш значную кнігу прэзентую ў Давыд-Гарадку, дзе збіраю мясцовую інтэлігенцыю, сяброў, суседзяў. Так было і з раманам «Кветкі правінцыі», у якім рэальныя героі. Ёсць і зборныя персанажы. Як некалі прыйшоў у літаратуру Дастаеўскі і заявіў, што будзе больш цікавым пісьменнікам, чым Гогаль. Мікалай Васільевіч інтрыгуе сінтэзам, а Міхаіл Фёдаравіч кранае аналізам характараў герояў, іх унутраным светам. У сваіх творах імкнуся больш аналізаваць сітуацыю. Так пабудаваны раман «Кветкі правінцыі», за які атрымаў у Расіі міжнародную літаратурную прэмію імя Івана Аляксандравіча Ганчарова. Гэты твор паспяхова экранізаваны на кінастудыі «Беларусьфільм».

 — Пасля рамана Івана Мележа «Людзі на балоце» у беларускай літаратуры працяглы час не было эпічнай прозы. Мо гэта і вызначыла ваш выбар літаратурнага жанру?

— У нейкай ступені так. Раман «Крык на хутары» атрымаў працяг, дзе прасочваецца лёс герояў у ваенны перыяд. Падзеі ахопліваюць дзесяцігоддзе, з 1935 па 1945 год. Твор перакладзены на рускую мову.

Ёсць у мяне і творы, прысвечаныя сябрам. Вось як п’еса «Люцікі-кветачкі», якую рэжысёр Міхаіл Колас першым паставіў у Мазырскім драматычным тэатры. З творам пазнаёміўся вядомы драматург Андрэй Макаёнак і параіў мне ў творчасці быць над героямі, назіраць за імі зверху, як Бог, і не расплывацца. Драматургія патрабуе сцісласці думкі. 

— Георгій Васільевіч, у вашых герояў бліскучыя дыялогі. Адкуль гэта?

— Ад маёй тэатральнасці, што сам удзельнічаў у пастаноўках і люблю афарыстычнасць, каб дакладна раскрываць унутраны свет чалавека і рухаць дзею наперад. Дыялог — навігатар у сцэнічным творы, а рухавік — сюжэт. Засвоіў правіла запісваць трапныя выказы. Ехаў у трамваі і ўбачыў людзей, што крочылі па вуліцы. Як выглянула сонейка, сталі ўсміхацца. Прырода на людзей уздейнічае. З’явіўся афарызм, што «старасць — караблекрушэнне, ад якога не ўратавацца». Ці вось вясною каля будынка міліцыі квітнеў бэз, і тут жа афарызм прыйшоў, што жанчына была такой жа недаступнай, як  бэз,  які   расце пад вокнамі аддзялення міліцыі.

— Героі вашых твораў даволі вобразныя: Грэх, Анёл, Раб Божы. А Гаспадар?

— Ён у аповесці-рамане «Палешук», які з’явіўся пасля гасцявання ў невялікай палескай вёсцы, дзе пасля сустрэўся з апошнім мясцовым ветэранам вайны. Узнікла жаданне напісаць пра франтавіка Карнея, вобраз якога зборны. Дадаў крыху творчай фантазіі, каб цікавей было.

— Беларускія класікі Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Кузьма Чорны глыбока закранулі сялянскую тэму. А вам яна не чужая?

— Вёска падаравала свету многіх таленавітых пісьменнікаў, якія глыбока адлюстравалі жыццё сялян, іх праблемы. Гэтая тэма шматгранная і невычэрпная. Мае продкі ў асноўным займаліся местачковым рамесніцтвам, і я шмат чуў пра іх клопаты і праз сваё ўспрыманне пераношу на старонкі твораў. Падзеі рамана «Без анёлаў» адбываюцца ў Скідалі, а дзеянні герояў кнігі «Вочы і сон» сканцэнтраваны ў Мірскім замку. На Брэстчыну і ў азёрны Браслаўскі край прызямліў «Кветкі правінцыі».

У маім Давыд-Гарадку, як і на вёсцы, вясною засяваюць агароды, многія жывуць з працы на зямлі. Не салодка было і мне ў дзядулі і бабулі. Восенню хадзілі на перакопку калгаснага бульбянішча. Цягнулі з поля на плячах цяжкія мяхі. Па аддаленых вёсках мянялі іголкі і ніткі муліне на проса, сала і іншыя харчы. Бабуля варыла ў печы прасяную кашу з крамяным прыгаркам. Такой смачнай мяне нідзе больш не частавалі. Усё гэта помніцца.

 Сялянская тэма мне блізкая. У эпічным рамане «Крык на хутары», прысвечаным гэтай тэме, каля двухсот пяцідзесяці дзеючых асоб, і пісаў іх з рэальных людзей. Пан Шыдлоўскі ўзяты з вядомага магната Альбрэхта Радзівіла. Дзеля гэтага вывучаў гісторыю яго маёнткаў. Занатоўваў успаміны людзей, якія жылі пры панскай уладзе.

Нехта з вялікіх сказаў, што каб дзяржава была незалежнай, трэба пастаянна мацаваць сельскую гаспадарку. Вёска не падвядзе. Не спяшацца мяняць там уклад, а ствараць больш магутных гаспадарак, як вядомыя ў Беларусі «Ждановічы», «Белавежскі». «Сноў», «Фядорскі», «Астрамечава», што забяспечваюць краіну харчаваннем. 

Нобелеўскі лаўрэат сусветнавядомы эканаміст Джозеф Сцігліц лічыць, што поспех залежыць не ад форм уласнасці, а ад таленту кіравання, умення дакладна арганізаваць не толькі вытворчы працэс, а і рэалізацыю прадукцыі. Трэба выхоўваць прафесіяналаў. Замацоўваць за вопытнымі кіраўнікамі і развіваць іх арганізатарскія здольнасці. Пры такіх спецыялістах будзе мацавацца незалежнасць і суверэнітэт.

— Вашы літаратурныя героі нясуць адказнасць перад Богам. А што вы папрасілі б у яго?

— Як веруючы хрысціянін у першую чаргу здароўя — сям’і, землякам, добрым людзям. Каб не так ляцець па жыцці, засяроджвацца на блізкіх, больш дбаць пра стан душы і жыць годна. Пасля наведвання храма наспела чарговая навэла, дзе прашу родных, якія спачываюць у вечнасці, каб падтрымалі. А потым падумаў і вырашыў, а мо лепей не прасіць, а падзякаваць, што заклалі падмурак духоўнасці. Ёсць такія словы ў апостала Паўла: «Адзін аднаго цягаты насіце». Калі можаш — дапамажы, падтрымай бліжняга. Хвароба зайздрасці нараджае злосць.

— Георгій Васільевіч, як вы пры такім тэмпе на ўсё знаходзіце час?

— Ужо збаўляю абароты. Раней па паўсутак працаваў. Рыхтуюся напісаць раман «Мокры снег» — пра пераход ад сацыялізму да капіталізму і твор пра жыццё Кірылы Тураўскага. Нядаўна закончыў п’есу пра віцебскага князя Альгерда. 

Узрост надае развагі. Кароткія філасофскія эсэ пра біяструктуру чалавечую, боскую, прыродную абагульніў у давыд-гарадоцкія каноны. Два з іх уключаны ў школьную праграму. Захапіўся і напісаннем песень. Іх ужо больш за трыццаць. Выходзіць трэці зборнік. 

Днямі наведваў сваякоў у вялікай вёсцы Харомск, што жывуць на беразе ракі Гарынь, і падумаў, чаму ў казках толькі злое. Задумаў аптымістычны твор, у якім дзеда Васільчыка і бабулю Кацярыну са сваіх родных спісаў. Там пасыл юным чытачам для радасці жыцця, вучобы і працы.

— Пэўна, трэба часцей бываць у родных мясцінах, каб нараджаліся  аптымістычныя творы. Гэтага  вам   жадаю,   а  чытачам – чакання новых цікавых літаратурных шэдэўраў беларускага пісьменніка Георгія Марчука.

Уладзiмiр СУБАТ.

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter