Не паясi — не пацягнеш акцёрскiвоз

Гэты артыст асаблівых рэкамендацый не патрабуе. Дастаткова ўспомніць бліскучы дуэт Гарбук – Васіль, Давідовіч – Ганна ў мележаўскіх “Людзях на балоце”. Знакавыя ролі ў гісторыі беларускага тэатра. Колькі ўжо год прайшло, а перад вачыма сцэна развітання закаханых і тужлівы голас Васіля: “Не так усё проста. А зямелька?!” Зямелька, спрадвечная мара бедняка, адняла каханне, адзіную любоў, шчасце. Гэта адбылося на ўзлёце кар’еры яшчэ маладога тады артыста. А потым было шмат удалых роляў як у тэатры, так і ў кінематографе. Былі ўзлёты, былі і несправядлівыя, горкія для артыста гады без роляў. Але нядаўна адбылася падзея – Понцій Пілат у спектаклі Валерыя Анісенкі паводле п’есы Андрэя Курэйчыка на сцэне Тэатра беларускай драматургіі. Гэта прэм’ера-падзея і стала нагодай для нашай размовы. Але папярэдне мы з Генадзем Міхайлавічам абгаварылі “правілы гульні”. Я папрасіла дазволу карыстацца сваімі архіўнымі матэрыяламі. “Дасье” на Гарбука збірала каля сарака гадоў. Артыст жа патрабаваў: ніякіх “алькоўных таямніц”, на якіх сёння спецыялізуюцца многія, нават салідныя выданні. Акцёр мае права на абарону прыватнага жыцця, а па сутнасці, яго прыватнае жыццё – творчасць. І менавіта гэтым акцёр павінен быць цікавым гледачу. Сказаў коратка: “Я чалавек, і нішто чалавечае мне не чужое. Але калі пачынаюць смакаваць, напрыклад, адносіны Леніна са сваімі сакратаркамі або сексуальную арыентацыю вялікага Чайкоўскага, мне робіцца агідна”. Понцій Пілат – наш сучаснік — Генадзь, шчыра скажу, што я не паклонніца творчасці Андрэя Курэйчыка. Яго п’есы мне падаюцца “літаратурнымі”, яшчэ менш сімпатычныя для мяне эпатажнасць маладога драматурга, “зацяты энтузіязм” першаадкрывальніка. — Вызначэнне “першаадкрывальнік”, на мой погляд, мае пад сабою глебу. Курэйчык плыве не па цячэнні, а супраць яго. Яго п’есы, нязвыклыя, напісаныя па толькі ім, Курэйчыкам, вызначаных правілах, прыцягваюць, ва ўсякім разе мяне, вопытнага акцёра, сваёй неардынарнасцю. Чым больш пранікаеш у свет “няправільнай” драматургіі Курэйчыка, тым больш адкрываецца шматслойнасць ягоных п’ес. Так, нялёгка падабраць ключы да такой драматургіі. Менавіта цяжкасцю гэтай і зачараваў мяне “Понцій Пілат”. Зачараваў і ўразіў, калі я дазнаўся, што гэта пер-ша-я п’еса драматурга. Скажу шчыра, што работа над роллю праходзіла цяжка. Адгукнуўшыся на прапанову Валерыя Анісенкі, ад’язджаючы ў адпачынак на Нарач, я ўзяў з сабою тэкст. І ўсё... Цэлымі днямі, калі нармальныя людзі нармальна адпачывалі, я пад кустом на ўзбярэжжы возера штудзіраваў п’есу, думаў над лёсам чалавека, які жыў тысячагоддзі таму. І зразумеў: праблемы, якія хвалявалі Понція Пілата, вельмі сугучныя з нашым часам. — Што для вас стала галоўным у гэтым вобразе? — Боль Пілата за тое, што яго адданае, нават фанатычнае служэнне сваёй дзяржаве аказалася непатрэбным гэтай дзяржаве і абярнулася выгнаннем, адзінотай, ганьбай. Але ёсць у спектаклі тэма не менш для мяне прыцягальная – прасвятленне Понція. Прасвятленне, якое даў яму Ісус Хрыстос, адхіліўшы прапанову Понція адрачыся ад свайго прызначэння, сваёй асобы, хаця расплата — жыццё. Гэта для суровага, рацыянальнага, жорсткага рымляніна было, як удар маланкі, і вызначыла яго рашэнне адрачыся ад жывёльнага існавання ў імя духоўнага і стварыць над сабою суд, скончыўшы жыццё самагубствам. — Нягледзячы на тое, што “Понцій Пілат” па сутнасці монаспектакль, паўтарагадзінны маналог, дзе няма ніводнага крыку, усё ўнутры, але якое эмацыянальнае напружанне і на сцэне, і ў зале. Акрамя майстэрства, гэта патрабуе вялікіх фізічных намаганняў. Адкуль бяруцца сілы? — Па-першае, гэта работа ў радасць. Па-другое, стараюся трымаць сябе ў прыстойнай фізічнай форме. Абавязкова – штодзённа раніцай заняткі па сістэме ёгаў і яшчэ сорак хвілін зарадкі. — А можа, якія сакрэты харчавання? — Сакрэтаў няма. У дзень спектакля – сытны сняданак, умераны абед. Наогул артыст павінен добра харчавацца, бо праца наша вельмі “энергаёмістая”. Маладымі разам з Уладзімірам Рагаўцовым, артыстам нашага тэатра, жылі ў акцёрскім інтэрнаце. І вырашылі наладзіць сабе “завтраки аристократа” — цыгарэта (тады я яшчэ курыў) і кубачак кавы. Але на рэпетыцыі ледзь не страцiлi прытомнасць... Вярнуліся дамоў, добра ўрэзалі сала і напісалі лозунг: “Не паясі — не прарэагуеш”, што азначае: не пацягнеш акцёрскі воз... Роля папулярнасці ў жыцці артыста — Давайце ўспомнім тыя далёкія гады, калі на тэатральным небасхіле заззяла зорка Гена-дзя Гарбука – Васіля Дзятліка. — Пра гэты спектакль напісана многа. Безумоўна, ён быў вызначальным у маім лёсе, але сёння мне хацелася б сказаць словы ўдзячнасці сваёй партнёрцы Лілі Давідовіч, так рана пайшоўшай з жыцця. (Г.М. не здолеў схаваць слёзы. – Т.А.). Я ніколі не забуду яе вочы-зоркі. І я малю Госпада, каб гледачы не забылі гэтую выдатную актрысу. Хаця мастацтва тэатра – маментальнае. Праходзіць нядоўгі час, і ўсё забываецца... — Але ж не будзем гнявіць Бога, пасля прэм’еры “Людзей на балоце” вы прачнуліся знакамітым. Як адчуваў сябе малады артыст у арэоле славы? — (Смяецца). Папулярнасць – рэч прыемная і нават карысная. Прывяду прыклад. Даводзілася хадзіць на Камароўку, каб купіць косці для любімага сабакі (нядаўна, на гора ўсёй сям’і, ён памёр). Выбраў косці, узважыў, хацеў заплаціць. І раптам крык: “Ты што, такая-сякая, не бачыш, хто перад табою? Гэта ж старшы брат з “Белых Рос!” Ты, братка, грошы свае схавай і прыходзь у любы час, месца маё вось гэта. Я тут заўсёды стаю”. Ведаеце, калі шчыра, такая папулярнасць даражэй за многія газетныя опусы, у якіх часта хваляць не па заслугах і ганяць нізашто. Але калі гаварыць сур’ёзна, то прызнанне гледачоў, а менавіта гэта я ўкладваю ў паняцце – славутасць, славуты — не можа быць абыякавым для артыста. І калі хто з нас сцвярджае адваротнае – не верце. Цяжар прызнання – салодкі цяжар. Артыст без публікі, а значыць і без прызнання, усе роўна, што кніга без чытача, карціна без гледача, музычны твор без слухача. Але папулярнасць – гэта вялікая адказнасць. Ох, як нялёгка ўтрымацца “на ўзроўні”. І ў гэтым сэнсе папулярнасць для мастака — сур’ёзны стымул для росту, для ўдасканалення майстэрства. Не кожны вытрымлівае гэта выпрабаванне. — Гадоў дваццаць таму, калі я спыталася ў вас, якую работу вы лічыце найбольш удалай у сваёй творчасці, чакала прадвызначаны адказ: Васіль... Але... І тут дазволю сабе цытату з тае размовы. “Зёлкін! Але, але, Зёлкін са славутай камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Да таго мне не траплялася такога дасканалага сацыяльна-вострага матэрыялу . Хоць крытыка амаль абышла ўвагай гэтую работу, заўсёды выходзячы на сцэну Зёлкіным, я адчуваў найвялікшую акцёрскую свабоду”. Вы сёння пацвярджаеце гэтае меркаванне? — На той час гэта было праўдай. Зёлкін зацвердзіў маю рэпутацыю ў тэатры. Ясна ўяўляў: не атры-маецца — не атрымаецца і мая кар’ера ў Купалаўскім тэатры. Задача была найскладанейшая: не паўтарыць самога Барыса Віктаравіча Платонава! — О, гэта акцёрская дзёрзкасць, якая “гарады бярэ”. У трактоўцы вобраза Зёлкіна ў поўнай меры выявілася яшчэ адна рыса Гарбука-артыста – творчая самастойнасць. Перад зачыненымі дзвярыма — Творчая самастойнасць – галоўны запавет майго настаўніка Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Артыст вышэйшага пілатажу, ён гартаваным жалезам выпальваў са сваіх вучняў эпігонства, жаданне ісці па лёгкiм шляху, працаваць пад кагосьці. Ніколі не забуду 1 верасня 1954 года. Першыя заняткі па майстэрстве. Дзмітрый Аляксеевіч прайшоў у аўдыторыю, а следам за ім я, крыху спазніўшыся. Пытаюся: “Ці можна зайсці”. І ў адказ чую: “Нельга”. А адбылася недарэчнасць. Мы жылі на Таргованабярэжнай, а насупраць кінатэатра “Перамога” было кафэ. Туды, прыехаўшы з Ушачаў і не ведаючы горада, зайшоў паснедаць. Заказаў блінчыкі і шклянку гарбаты. Чакаю, чакаю, а заказ не нясуць. Было няўцям, што ў другой палове кафэ-“стаячка” і мой няхітры сняданак я даўно б з’еў, і быў бы ўжо ў аудыторыі. Тады інстытут размяшчаўся ў Оперным тэатры. Не дачакаўшыся тых бліноў, ірвануў на заняткі. Не адзін трамвай мяне не перагнаў, але... спазніўся. І апынуўся перад зачыненымі дзвярыма. Сеў на лаўку перад аўдыторыяй у поўнай роспачы. Ну, вядома, выганяць. Бывай, інстытут! Куды падацца? На цаліну? На Брацкую ГЭС? На другую гадзіну заняткаў мяне ўсё ж пусцілі. Калі заканчвалі інстытут, мы папрасілі настаўніка сказаць, што ён пра кожнага з нас думае. Калі чарга дайшла да мяне, увесь сціснуўся... А пачуў неверагоднае: “Мне было вельмі цікава з вамі працаваць. Вельмі”. А ўвесь час здавалася, што настаўнік мяне цярпець не можа. Хаця тое маё спазненне ён не забыў. “Вельмі, вельмі насцярожыла тое ваша спазненне”. Дзмітрый Аляксеевіч перш за ўсё імкнуўся выхаваць нас, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыйшлі ў інстытут хутка пасля ваеннага ліхалецця, перш за ўсё інтэлігентнымі, адукаванымі людзьмі. Я заўсёды шмат чытаў. На сенажаці, на пашы з кнігай. Але сур’ёзную музыку, жывапіс ведаў слаба. Дзверы ў сапраднае мастацтва, адкрываў перад намі наш незабыўны настаўнік. Ён вадзіў нас на вернісажы, канцэрты, абмеркаванні спектакляў, выступленні крытыкаў. Помню, абмяркоўвалі спектаклі Коласаўскага тэатра. “Гамлет”,”Ворагі” – усё цудоўна, усё выдатна. Дайшло да “Белай акацыі”, пастаўленай рэжысёрам Вячаславам Броўкіным. Многія яго ведаюць па серыяле “Следства вядуць знатакі”. І тут ужо мала не паказалася! І пошла, і безгустоўна, і наогул гэта ганьба тэатра! Броўкін, які не курыў, запаліў па-піросу і хадзіў з вугла ў вугал. Кончыла маскоўская крытыкеса свой “аналіз”. Тады ў бой рынуўся рэжысёр. “Я сам масквіч і добра ведаю такіх старых маскоўскіх грымз, якім усё не даспадобы! Якое вы маеце права такое гаварыць пра артыстаў?! Я рэжысёр, таму ўсе прэтэнзіі да мяне. Па-кіньце ў спакоі артыстаў!” Ларыса Пампееўна Александроўская неяк хацела прытушыць пажар, але Броўкін бушаваў. Вярнуліся мы ў інстытут. Арлоў пытаецца: “Ну як вам абмеркаванне? Хтосьці гаворыць, што цікава, але выступленне Броўкіна...” І чуем: “Так, можа быць, па форме гэтае выступленне не карэктнае, але дай вам гасподзь хаця б аднаго такога рэжысёра ў сваім жыцці. А ўжо калі галоўнага...” Гэта быў яшчэ адзін урок настаўніка. Аб кумірах, Дастаеўскім і пошласці — Зноў хачу звярнуцца да нататкаў дваццацігадовай даўніны. “Мышкін – Смактуноўскі, – казалі вы, — гэта самае вялікае ўзрушэнне, якое перажыў у тэатры. Было гэта ў 1959 годзе, я толькі што закончыў інстытут, працаваў у Віцебску. Прэміравалі мяне паездкай у Ленінград. Прыязджаю, ведаю, што на другі дзень у БДТ ідзе “Ідыёт”. Вядома ж, білетаў не дастаць. Але без усялякай надзеі цягнуся да “тэатральнага пад’езда”. А там робіцца нешта неверагоднае. Ціхенька стаю. “Другі званок – пуста. І раптам над вухам нехта гаворыць: “Хадзем”. Нейкі малады чалавек бярэ мяне за руку, і праз натоўп мы праціскваемся да дзвярэй. Потым ён сказаў: “У цябе былі такія вочы, што я не мог не прапанаваць табе лішні білет”. Ні да гэтага, ні пасля ўжо, ніколі я не перажыў нічога падобнага ў тэатры. Я забыў, што я артыст, забыў, што трэба прыглядацца, што і як зроблена на сцэне. Я мучыўся і жыў разам з героем Смактуноўскага, у мяне халадзела сэрца, калі вочы князя Мышкіна пазіралі ў залу, чуўся яго нягучны, ломкі голас. Не, словамі гэта не перадаць”. — Праз многа год мне пашчасціла быць партнёрам Смактуноўскага ў фільме “Таямнічы наследнік”. — Вядома, вы не маглі не параўноўваць работу Смактуноўскага з работай сённяшняга куміра Яўгена Міронава ў серыяле па гэтым жа рамане. — Не мог! Таму што не мог глядзець. Хай даруе мне гэты, безумоўна, таленавіты акцёр, але такога пранікнення ў таямніцы душы, такога маштабу асобы яму, на жаль, не ўдалося дасягнуць. Параўнанне можа быць такое: сонца і месяц. — Тут мне хацелася б з вамі не пагадзіцца. Міронаў, на мой погляд, з дзівоснай сілай іграе дамінантную тэму творчасці Дастаеўскага – аб слязе дзіцяці. Іграе ў новай эстэтыцы, на крайняй мяжы шчырасці. Але не будзем спрачацца. Важна тое, што ўвага мастацтва зноў вяртаецца да Дастаеўскага. Пастаўлены серыял Бартко. Нядаўна ў тэатры “Современник” у пастаноўцы Вайды адбылася прэм’ера “Бесаў”. Можа, мы нарэшце вырываемся з кола пошласці, якую вызначыў як асноўную бяду мастацтва яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя Чэхаў? — Калі вырываемся, то вельмі ўжо спакваля. А трэба біць у званы! Пошласць, якая льецца з праграм усіх, падкрэсліваю, усіх тэлеканалаў, хутка прыдушыць чалавека. Я ўспамінаю, як мой добры таварыш і выдатны артыст Раман Філіпаў гаварыў: “Калі ў любым творы мастацтва не прачытваюцца запаведзі Хрыста, няма імкнення да святла, гэта не маё”. І ён ніколі, калі быў бы жывы, не ўдзельнічаў бы у той пошласці, якая запаланіла і экран, і сцэну, і асабліва эстраду. Горыч развітання — У жыцці кожнага акцёра наступае час, калі ён павінен развітацца з любімай роляй. — Не верце акцёру, калі ён гаворыць, што з радасцю “перадае эстафету ў маладыя, надзейныя рукі”. Гэта ўсё роўна, што аддаць роднае дзіця на чужыну, у чужую сям’ю. Успамінаю, як мучыўся я ў час здымак фільма “Людзі на балоце” рэжысёрам Віктарам Туравым. Майго, кроўнага Васіля... іграў іншы акцёр. Малады, таленавіты, але не я! Божа, як я раўнаваў яго, ні ў чым не вінаватага, да кожнага слова, да кожнага руху. Угаворваў сябе, разумеў, што гэта непазбежна, што так і павінна быць, але ўсё роўна раўнаваў. Толькі тады я па-сапраўднаму зразумеў, якая мужнасць была патрэбна Барысу Платонаву, Ірыне Ждановіч, Вользе Галіне ды і многім іншым, цудоўным нашым артыстам, каб саступіць дарогу “племени молодому, незнакомому”. Яшчэ не вечар — Што для вас дом, сям’я? — Усё! — Вы доўга шукалі сваю палавіну, відаць, знайшлі. З Галінай Яроменка, былым дыктарам радыё, вы разам... — 26 гадоў. Так, гэта шчасліва знойдзеная мая палавіна. Калісьці ў дыпломным спектаклі я іграў Ваську Попела ў горкаўскім “На дне”. У яго ёсць такая фраза, звернутая да Наташы: “Ты, як маладая елачка, колешся, але трымаеш”. Такая і мая Галя. — Хоць і нямала нам гадоў, але яшчэ не вечар. Чаго могуць чакаць вашы паклоннікі ад народнага артыста, лаўрэата шматлікіх прэмій Генадзя Гарбука? Напрыклад, я хацела б убачыць вас у ролі караля Ліра. Сваім Понціем Пілатам сцвердзілі права на ролю такого маштабу. — Перспектвы ў мяне (цьфу, цьфу, каб не сурочыць!) нядрэнныя. Цікавая роля ў п’есе Стрындберга “Эрык ХIV”, якую ставіць мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Раеўскі, а надалей свеціць яшчэ адна работа, але пра яе рана яшчэ гаварыць. Ёсць прапановы ў кіно... — Вы чалавек прымхлівы? — Як і большасць акцёраў, баюся спужаць удачу. — Тады на тым і спынімся. Будзем чакаць прэм’ер.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter